Top.Mail.Ru

«Мы павінны там прысутнічаць усёй сваёй прадукцыяй»

17.11.2025 | 11:21

Якія перспектывы супрацоўніцтва Беларусі і Растоўскай вобласці, абмеркавалі ў Палацы Незалежнасці


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з губернатарам Растоўскай вобласці Юрыем Слюсарам. Гэта яго першы візіт у Беларусь у якасці губернатара. Але гэта не першая сустрэча з беларускім лідарам. Раней Юрый Слюсар займаў пасаду генеральнага дырэктара Аб’яднанай авіябудаўнічай карпарацыі, і падчас наведвання Аляксандрам Лукашэнкам Іркуцкага авіяцыйнага завода летам 2024 года яны абмяркоўвалі супрацоўніцтва ў гэтай сферы.

«Каб усё было ў адным цэнтры і бліжэй»

Вітаючы гасцей, Прэзідэнт успомніў тую сустрэчу. «Вы крылатую фразу сказалі: „Калі няма станкоў, то пра якія машынабудаванне і самалётабудаванне можна гаварыць“, — нагадаў Аляксандр Лукашэнка. — У савецкія часы Беларусь была разам з Расіяй адным з важных пунктаў, дзе вырабляліся станкі — і добрыя станкі. Усе прадпрыемствы, якія тады былі, мы захавалі і нават прасунуліся наперад, наколькі гэта магчыма».

Беларускі лідар адзначыў, што неабходныя, запатрабаваныя для прамысловасці станкі ўмеюць рабіць і ў Беларусі, і ў Расіі. «Нам гэты кірунак трэба развіваць. Я вам гэта кажу не як губернатару, а як чалавеку, які мяне акунуў у гэту праблему. Мы да гэтага гатовыя. Гэта будзе карысць для ўсёй Расіі», — перакананы ён.

Прэзідэнт назваў Растоў адным з цэнтрам будучага развіцця Расіі, тым больш з улікам яго геаграфічнага становішча і блізкіх новых рэгіёнаў, якія трэба будзе аднаўляць.

«Мы прынялі адназначнае рашэнне, што мы там павінны прысутнічаць усёй сваёй прадукцыяй, у якой вы і суседзі маеце патрэбу і будзеце мець патрэбу», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Ён нагадаў пра намер пабудаваць у Растоўскай вобласці беларускі мультыбрэндавы цэнтр. «Нам трэба падумаць, каб усё было ў адным цэнтры і бліжэй, наколькі гэта магчыма. Каб мы прадаваць маглі сваю тэхніку і запасныя часткі па выгаднай, канкурэнтнай цане, каб якасць была нармальнай, — сказаў Прэзідэнт. — Мы гатовыя туды ісці і прапанаваць умовы лепшыя, чым замежнікі. Гэта залежыць ад вас. У нас прынята рашэнне, і мы ў гэтым кірунку будзем дзейнічаць».

Аляксандр Лукашэнка заўважыў: усё, што вырабляецца ў Беларусі, трэба рэалізоўваць на традыцыйных рынках, перш за ўсё, у брацкай Расіі. Прэзідэнт нагадаў: эканоміка — пытанне нумар адзін. Яна ўсюды адыгрывае найважнейшую ролю. «Калі будзе ваша падтрымка, мы гатовыя прадаставіць комплекс паслуг і комплекс тавараў, якія вельмі патрэбныя будуць вам і вашым суседзям, — запэўніў Прэзідэнт. — Вам вельмі ўдзячныя за тое, што вы нас „уцягнулі“ ў праект па самалётабудаванні і па іншых галінах».

«Мы гатовыя самі працэнтаў на 85-90 пабудаваць гэту станцыю»

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што з расійскім партнёрам «Расатамам» абмяркоўвалася будаўніцтва новай атамнай станцыі. Ён расказаў, што прынята рашэнне па будаўніцтве трэцяга блока ўжо дзеючай станцыі і таксама будзе праводзіцца дыялог па будаўніцтве другой атамнай станцыі на ўсходзе Беларусі. «Калі мы пабудуем на паўднёвым усходзе Беларусі другую атамную станцыю — чаму б і не? Можа, гэта трэба будзе і паўднёваму захаду Расіі», — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. Ён расказаў, што абмяркоўваў гэта пытанне са сваім расійскім калегам Уладзімірам Пуціным падчас тэлефоннай размовы 15 лістапада. "Мы гатовыя пабудаваць трэці блок. Адмаўлення ў Прэзідэнта (Расіі. — «Зв.») няма абсалютна, адчуваю, ведаю яго падтрымку. У кіраўніка "Расатама" — абсалютная падтрымка. Вядома, яны ў гэтым зацікаўлены, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Тым больш што мы гатовыя самі працэнтаў на 85-90 пабудаваць гэту станцыю. Ну а інжынірынгі, рэактар — гэта расіяне. Асноўныя гэтыя элементы мы возьмем у Расіі, усё астатняе мы ўмеем рабіць. Нас расіяне навучылі пры будаўніцтве першай станцыі», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Ён падзякаваў расійскім калегам за падтрымку пры ўзвядзенні АЭС.

Прэзідэнт нагадаў, што калі ў Літве закрывалі Ігналінскую атамную станцыю пад выглядам прасоўвання «зялёнай эканомікі», беларускі бок перасцерагаў ад гэтага кроку, папярэджваў, што станцыя будзе патрэбная. «Не, закрылі, загубілі, раскралі. І перашкаджалі нам будаваць гэту станцыю. Мы яе пабудавалі, і я запрасіў спецыялістаў (з імі была праблема ў Літве): прыязджайце на нашу станцыю, будзем працаваць, тым больш мы мелі патрэбу ў кадрах. Яны думалі, што мы без іх не абыдземся. Але мы разам з расіянамі вырашылі гэту праблему», — сказаў ён. Аляксандр Лукашэнка адкрыта сказаў: расіяне навучылі беларусаў будаваць электрастанцыі, перадавалі тэхналогіі. І сёння беларускія і расійскія спецыялісты сумесна будуюць атамныя станцыі за мяжой. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, вось што павінна звязваць краіны. «Беларусаў за Расію агітаваць не трэба. Трэба эканамічна звязваць нашы дзяржавы і народы», — заявіў Прэзідэнт. Ён звярнуў увагу, што шмат беларусаў ездзяць у расійскія гарады як да сябе дадому. «Самалёты, верталёты, цягнікі, маршруты аўтобусныя — яны вельмі ў нас запатрабаваныя. А ў расіян запатрабаваная Беларусь», — падкрэсліў Прэзідэнт.

«Літоўцы вішчаць, верашчаць цяпер „адкрыйце граніцу“. Мы яе не закрывалі. І мы ніколі дрэнна ні да палякаў, ні да літоўцаў, ні да латышоў не ставіліся, — заявіў Прэзідэнт. — Гэта нашы суседзі, куды тут дзявацца. Так, яны сёння кіруюцца звонку. Але жыццё прымусіць, прыйдуць да ўлады іншыя людзі, якія будуць бачыць цікавасць у Беларусі і Расіі, як гэта было раней. Навошта страчваць было гэтыя рынкі? Навошта было страчваць добрыя адносіны?»

«Трэба ўтрымаць сваё»

Прэзідэнт патлумачыў, што актыўна сустракаецца з губернатарамі расійскіх рэгіёнаў, каб актывізаваць двухбаковыя адносіны. «І на вас вельмі разлічваю. Растоў нам патрэбны. Давер вельмі вялікі. Ціск звонку каласальны. Не называю адрасы, паролі, яўкі. Вы гэта добра ведаеце. Таму трэба ўтрымаць сваё. Беларусь і Расія былі разам і будуць. Ніхто не зможа разарваць наша адзінства, як бы камусьці ні хацелася. Гэтага не дазволяць людзі, народы. Гэта трэба вытрымаць, гэта трэба ўтрымаць. Гэта галоўнае», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што тавараабарот паміж Беларуссю і Растоўскай вобласцю вырас у два разы. Але трэба пашырацца — паставіў задачу ён. «Я вельмі цаню нашы сустрэчы. У прамысловай кааперацыі ёсць прыклады, тут мы паспяхова працуем. І ў вас магчымасцяў больш. Тыя тэхналогіі, якія мы захавалі і прымножылі, сабраўшы з усяго свету, мы перадаём вам, будзем разам там працаваць. І гэта ж не дабрачыннасць», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Ён адзначыў станоўчыя прыклады супрацоўніцтва ў энергетыцы, самалётабудаванні. У аграпрамысловым комплексе, па словах кіраўніка дзяржавы, назіраецца ўзаемная цікавасць. «Карміць людзей трэба, вы нікуды не дзенецеся. Гэта будучыня. Вы разумееце, што не накарміўшы, не апрануўшы людзей, нават у цёплай Растоўскай вобласці, размаўляць пра нейкую палітыку няма чаго. Мы гатовыя падключыцца».

Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што Беларусь гатова супрацоўнічаць з Растоўскай вобласцю па ўсіх кірунках. Галоўнае — дамовіцца. Прэзідэнт запэўніў, што ўсе дамоўленасці па ўсіх кірунках будуць рэалізаваны ў тэрмін і якасна.


Беларускія магчымасці і кампетэнцыі запатрабаваныя

Высокая вытворчая культура, дысцыпліна і адказнасць — гэта тое, што заўсёды адрознівала беларускіх партнёраў, у сваю чаргу адзначыў Юрый Слюсар. Ён падзякаваў беларускаму боку за магчымасць працаваць і супрацоўнічаць. «Можа быць, не ўсё, што планавалі раней, удалося зрабіць. Гэта датычыцца і асваення рамонту, і наменклатуры. Авіяцыя будзе інтэнсіўна развівацца і ў ваенным, і ў грамадзянскім сэнсе. У нас няма іншага варыянта. Чым больш праектаў і прадуктаў будзе развівацца ў авіяцыі, тым больш будуць запатрабаваныя тыя заводы, тыя магчымасці, тыя кампетэнцыі, якія ёсць у Рэспублікі Беларусь», — адзначыў губернатар Растоўскай вобласці.

Даслоўна

Машынабудаванне, авіябудаванне, сельская гаспадарка — рэзерваў для супрацоўніцтва шмат

У размове з журналістамі Юрый Слюсар выказаў удзячнасць кіраўніку дзяржавы за магчымасць камунікацыі. «Я ў ранейшай якасці некалькі разоў меў гонар прымаць Аляксандра Рыгоравіча на нашых авіяцыйных заводах. Заўсёды атрымліваў зарад бадзёрасці і мудрасці. Аляксандр Рыгоравіч заўсёды традыцыйна падтрымлівае наша расійска-беларускае супрацоўніцтва ў авіяцыйнай сферы. Цяпер у якасці губернатара Растоўскай вобласці мы абмяркоўвалі развіццё кааперацыі паміж растоўскімі і беларускім кампаніямі», — сказаў ён.

Губернатар Растоўскай вобласці вылучыў тры асноўныя кірункі, па якіх вялася размова: «Першы — гэта машынабудаванне. Да тысячы аўтобусаў і электробусаў Растоўская вобласць павінна будзе закупіць да 2030 года. І мы вельмі спадзяёмся, што нам удасца тут, на базе Мінскага аўтамабільнага завода, зрабіць абнаўленне». У гэтай сувязі ён згадаў планаванае адкрыццё ў Растоўскай вобласці мультыбрэндавага дылерскага цэнтра. «Упершыню ў краіне адкрываецца мультыбрэндавы дылерскі цэнтр, які будзе ў тым ліку займацца падтрымкай МАЗа», — сказаў Юрый Слюсар.

Яшчэ адна перавага супрацоўніцтва з Беларуссю — канкурэнтаздольная лізінгавая стаўка. «За кошт тых мер падтрымкі, якія аказвае беларускі ўрад, мы вельмі спадзяёмся, што атрымаем прымальную лізінгавую падтрымку, — падкрэсліў Юрый Слюсар. — І яшчэ, вядома ж, — высокая якасць беларускай прадукцыі, у тым ліку ў машынабудаванні».

Другім важным пунктам перагавораў губернатар назваў будаўнічую сферу: «Беларускія будаўнічыя кампаніі ў Расіі працуюць у самых розных сферах, у тым ліку на ўзвядзенні сацыяльных аб’ектаў. Вельмі хочам папрацаваць з беларускімі кампаніямі ў гэтым кірунку».

Трэці кірунак, які цікавіць растоўскую дэлегацыю, — сельская гаспадарка. «Гэта сетка крам беларускіх тавараў, прамая пастаўка прадукцыі, якая вырабляецца ў нашых краінах. Абмеркавалі супрацоўніцтва ў гэтай сферы», — сказаў Юрый Слюсар.

Губернатар асобна спыніўся на самалётабудаванні, у прыватнасці, будаўніцтве самалёта-амфібіі Бе-200, удзел у стварэнні якога прымае Баранавіцкі авіяцыйны завод. «Беларускі бок робіць сілавую падлогу для гэтага самалёта. Бе-200 — гэта перспектыўная гісторыя. Цяпер мы ставім нашы айчынныя рухавікі, праводзім выпрабаванні. І я спадзяюся, што з 2028—2029-га года будзем па некалькі штук вырабляць, у тым ліку з прадпрыемствамі беларускай авіяцыйнай прамысловасці».

Юрый Слюсар выказаў меркаванне, што не будзе машынабудавання без свайго станкабудавання. «Маштабная праграма абнаўлення станочнага парка па ўсіх прадпрыемствах дазваляе загрузіць работай не толькі на расійскія станкабудаўнічыя прадпрыемствы, але і беларускія. Тут засталіся прадпрыемствы, засталіся людзі, засталіся кампетэнцыі. Упэўнены, што вялікі запыт на расійскія і беларускія станкі ёсць. Нам нельга мяняць адну залежнасць на іншую. Нельга адмовіцца ад заходніх тавараў і тэхналогій і перасесці цалкам на кітайскія тавары і тэхналогіі. Тут размова пра тэхналагічны суверэнітэт, як у Расіі, так і ў Беларусі. Станкабудаванне тут адзін з асноўных важных момантаў», — рэзюмаваў Юрый Слюсар.

Валерыя СЦЯЦКО.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю