Сёння ноччу пройдуць ападкі (у многіх раёнах краіны моцныя) у выглядзе дажджу, мокрага снегу і снегу. Днём месцамі пройдуць кароткачасовыя ападкі ў выглядзе мокрага снегу. У начныя і ранішнія гадзіны месцамі па поўначы краіны наліпанне мокрага снегу і слабы галалёд. На асобных участках дарог галалёдзіца. Вецер паўночна-заходні, заходні парывісты, раніцай і ўдзень месцамі моцны. Тэмпература паветра на працягу сутак ад нуля да плюс 5 °С, а па паўднёвым усходзе да плюс 7 °С. Аднак ноччу па поўначы краіны 1–3 °С марозу.
У сераду наша краіна будзе знаходзіцца на перыферыі антыцыклону з цэнтрам над Курскай вобласцю, таму ў паўночна-заходніх рэгіёнах адаб’ецца ўплыў франтальнага раздзелу і цёплых няўстойлівых паветраных мас, якія перамяшчаюцца з боку Польшчы. Воблачна з праясненнямі. Пераважна без ападкаў, толькі ноччу па паўночным захадзе, а днём у асноўным па паўночна-заходняй палове краіны пройдуць невялікія кароткачасовыя ападкі ў выглядзе снегу, мокрага снегу, днём па захадзе з дажджом. На асобных участках дарог галалёдзіца, месцамі слабыя туман і галалёд. Вецер паўднёва-заходні, паўднёвы ўмераны, удзень месцамі парывісты. Тэмпература паветра ноччу ад мінус 6 да плюс 1 °С, а днём — ад мінус 2 да плюс 5 °С.
Ападкі чакаюцца ў нас і ў чацвер.
У гэтыя суткі ноччу ў асноўным надвор’е будзе фарміраваць вобласць павышанага атмасфернага ціску, а днём з паўднёвага захаду Еўропы чакаецца паступленне цёплых няўстойлівых паветраных мас. Воблачна з праясненнямі. Ноччу ў асобных раёнах па поўначы, днём месцамі па краіне пройдуць кароткачасовыя ападкі ў выглядзе снегу, мокрага снегу, днём з дажджом. Месцамі слабыя туман і галалёд, на дарогах галалёдзіца. Вецер паўднёва-ўсходні, паўднёвы ад слабага да ўмеранага, днём месцамі парывісты. Тэмпература паветра ноччу ад нуля да мінус 7 °С, днём ад мінус 2 да плюс 5 °С.
Сяргей КУРКАЧ