Top.Mail.Ru

Футбольныя зборныя зрабілі першыя крокі да міжнародных стартаў

Футбалісты нацыянальнай зборнай Беларусі здабылі першы бал у адборачным турніры чэмпіянату свету. Матч у Капенгагене скончыўся нічыёй — 2:2. У складзе беларускай зборнай галамі адзначыліся Валерый Грамыка і Мікіта Дземчанка.



«Нам было цяжка рыхтавацца да сустрэчы ў дацкай сталіцы — у Капенгаген каманда дабіралася больш за суткі, але ў выніку беларускія футбалісты здолелі паказаць найлепшыя якасці. Я задаволены тым, як яны згулялі», — адзначыў галоўны трэнер нацыянальнай зборнай Беларусі Карлас Алас. — Наша каманда дадае, апошнія два матчы мы правялі вельмі добра«. У першым крузе цяперашняга турніру беларусы саступілі датчанам з лікам 0:6.

Заключныя сустрэчы адбудуцца 18 лістапада. Беларусы згуляюць у венгерскім Залаэгерсегу з камандай Грэцыі, а ў Глазга шатландцы сустрэнуцца з датчанамі. Наўпрост у фінальную стадыю ЧС-2026 ад Еўропы выйдуць пераможцы 12 адборачных груп, а каманды, якія зоймуць другія месцы, згуляюць у стыкавых паядынках.

Першую перамогу ў кваліфікацыі чэмпіянату Еўропы здабылі футбалісты маладзёжнай зборнай Беларусі (U-21). У грузінскім Горы ў гульні 3-га тура кваліфікацыйнай групы І падапечныя Віталя Паўлава ўпэўнена абыгралі аднагодкаў з Уэльса з сухім лікам 3:0. На старце цяперашняга адборачнага турніру беларускія футбалісты таксама ў Горы разышліся мірам з бельгійцамі — 1:1, а пасля саступілі аўстрыйцам — 2:3. Наступны паядынак беларуская каманда таксама згуляе ў Горы — 18 лістапада супраць датчан.

«Заслужаная перамога, здабытая ў цяжкім матчы з моцным сапернікам», — канстатаваў галоўны трэнер беларускай зборнай. Ён заўважыў: падапечныя аказаліся мацнейшымі і яшчэ раз даказалі, што могуць гуляць на роўных з любым сапернікам і дамагацца станоўчага выніку.

Астатнія матчы нашы футбалісты правядуць ужо ў 2026 годзе: з Уэльсам — 27 сакавіка, з Аўстрыяй — 31 сакавіка, з Бельгіяй — 24 верасня, з Даніяй — 28 верасня.

Валерыя СЦЯЦКО
Фота з адкрытых крыніц


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю