Легендарны тэатр, які носіць імя Янкі Купалы, з’яўляецца і пляцоўкай, дзе 3 снежня абвесцяць вынікі конкурсу па розных намінацыях: «Найлепшы спектакль тэатра драмы для вялікай сцэны» і асобна — для малой сцэны, «Найлепшы спектакль для дзяцей і юнацтва», «Найлепшы спектакль тэатра лялек», «Найлепшы оперны спектакль», «Найлепшы спектакль балета», «Найлепшы спектакль у жанры аперэты, музычнай камедыі, мюзіклу».
Трэба адзначыць, што канкурэнцыя ў межах VІІІ Рэспубліканскага конкурсу тэатральнага мастацтва «Нацыянальная тэатральная прэмія» даволі сур’ёзная, калі меркаваць па лічбах: удзельнічае 37 спектакляў 27 тэатраў краіны. Упершыню столькі спектакляў-фіналістаў, і гэта набыткі беларускай тэатральнай галіны за апошнія два гады.
Да параўнання: мінулы раз, у 2023 годзе, у конкурсе ўдзельнічала 32 спектаклі 20 тэатраў. А ў 2011-м, калі ўсё пачыналася, 14 тэатраў прадставілі 15 спектакляў. Такім чынам ёсць развіццё — ушыркі, дакладна. Па якасці? Трэба разглядаць асобна кожны твор. А для гэтага ёсць журы, ды і гледачы могуць выказаць сваё меркаванне (якое можа адрознівацца ад выбару прафесіяналаў).
Калі жыхары Мінска са спектаклямі сталічных тэатраў маглі пазнаёміцца раней (ці ў межах конкурсу «Нацыянальная тэатральная прэмія» — некаторыя спектаклі ў афішах на родных для тэатраў пляцоўках ідуць з адметнай пазнакай), то з тым, што прапануюць тэатры з рэгіёнаў, трэба паспець пазнаёміцца менавіта падчас паказаў. І гэта з пункту гледжання глядацкай аўдыторыі, галоўнае, што дае прэмія.
Бліжэйшы паказ гасцей, да якога могуць далучыцца сталічныя тэатралы, адбудзецца 18 лістапада — Беларускі тэатр «Лялька» з Віцебска прадставіць дзіцячы спектакль «Дзюймовачка».
На наступны дзень раніцой — «Пераможцы» Мінскага абласнога тэатра лялек «Батлейка» (з Маладзечна), а вечарам — «Еўфрасіння Полацкая. Святыя літары» Брэсцкага тэатра лялек, які, дарэчы, пакажа яшчэ адну пастаноўку «Карова» (паводле А. Платонава) 20 лістапада. Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы пазнаёміць з пастаноўкай «Вера» (28.11). Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя Дуніна-Марцінкевіча з Бабруйска прывязе свайго «Несцерку» (21.11). Варта звярнуць увагу на «Сымона-музыку» паводле Коласа, пастаноўку Гродзенскага абласнога тэатра лялек (25.11). Магілёўскі абласны тэатр лялек у фінале з пранізлівай гісторыяй пра вайну і сяброўства пад назвай «Бах-бах-бах» (26.11).
А Магілёўскі абласны драматычны тэатр з пастаноўкай «Жаніцьба. Фантасмагорыя» паводле Гогаля (27.11). Гомельскі дзяржаўны тэатр лялек 28 лістапада пакажа гісторыю «Пра Вожыка і Мядзьведзіка, альбо Як злавіць воблака». Гомельскі гарадскі маладзёжны тэатр — «Дзікае паляванне караля Стаха» (28.11). «Іванаў. Рускі Гамлет» Гомельскага абласнога драматычнага тэатра ўбачым 30 лістапада.
Тыя, хто сочыць за тэатральным жыццём, разумеюць: ёсць унікальная магчымасць уявіць палітру адметных пастановак Беларусі. Конкурс дапамагае зразумець сітуацыю на дадзены момант у айчынных тэатрах, уявіць прыярытэты і зразумець, на што робяцца акцэнты. А гэта не толькі творы-пастаноўкі. Гэта і асобы тэатра: ёсць прэмія «За ўнёсак у развіццё тэатральнага мастацтва». Конкурс «Нацыянальная тэатральная прэмія» адбываецца пры падтрымцы Міністэрства культуры Беларусі і Мінскага гарвыканкама.
Ларыса ЦІМОШЫК