У сваім выступленні Андрэй Гаеў падкрэсліў, што стварэнне цэнтра і прыняцце закона аб абароне персанальных даных стала сімвалам новага этапу ў прававой сістэме: «Гэта было адказам на выклікі часу. Тэма абароны асабістай інфармацыі стала настолькі значнай, што атрымала адлюстраванне ў Канстытуцыі нашай краіны». За гэты перыяд цэнтр зрабіў стаўку на прафілактыку і інфармаванне: больш за 15 тысяч чалавек прайшлі навучанне, праведзена больш як 50 тысяч сустрэч, падрыхтавана поўная метадычная база, арганізавана каля 180 праверак.
Дырэктар растлумачыў: «Праверка для нас — не пра штраф. Задача — дапамагчы арганізацыям зразумець, дзе ўзнікаюць рызыкі, і не дапусціць паўтарэння».
У выніку, па яго словах, колькасць інцыдэнтаў у краіне істотна зменшылася. І гэта заслуга не толькі арганізацый, але і саміх людзей: беларусы ўсё часцей карыстаюцца сваімі правамі і звяртаюцца па абарону. За чатыры гады цэнтру ўдалося дапамагчы больш як 1200 грамадзянам.
Аднак праблемы яшчэ ёсць. Сёлета адбылося некалькі сур’ёзных інцыдэнтаў: у кампаніі, што прадае тавары для будаўніцтва і дому; у фірме, якая працуе з дамафоннымі сістэмамі і відэаназіраннем.
«У суме каля 300 тысяч даных беларусаў апынуліся ў руках невядомых. Акрамя таго, Беларусь, на жаль, застаецца ў топе ўвагі махляроў у СНД», — адзначыў Андрэй Гаеў.
Паводле яго слоў, большасць атак сёння мае адзіную мэту — доступ да чалавека: «Не заўсёды патрэбна ведаць прозвішча і імя. Дастаткова фарміравання „лічбавага партрэта“, каб уплываць на паводзіны, выбар, эмоцыі».
Дырэктар падкрэсліў, што заканадаўства аб персанальных даных у Беларусі працуе стабільна і эфектыўна, ідзе ў нагу з імклівымі зменамі ў свеце: «Тое, што 10–15 гадоў таму не лічылася асабістай інфармацыяй — геалакацыя, маршруты перамяшчэння — сёння ўжо без сумневаў персанальныя даныя». Цэнтр выпрацаваў вялікі аб’ём рэкамендацый для розных сфер: аховы здароўя, адукацыі, малога і сярэдняга бізнесу. Увогуле ж кіраўнік цэнтра падчас сустрэчы даў вельмі карысную, фактычна галоўную параду: «Калі можна дасягнуць мэты, выкарыстоўваючы менш асабістых даных, — трэба браць менш. Гэта базавы прынцып».
Наперадзе — новыя сустрэчы і больш шырокая размова з грамадствам. Планы пашыраюцца, і гэты дзень адчыненых дзвярэй — толькі адна з сустрэч, якія Нацыянальны цэнтр абароны персанальных даных праводзіць гэтымі днямі. Далей — размовы са студэнтамі і школьнікамі. «Мы стараемся данесці гэту тэму да ўсіх, бо ў свой час кожнаму з нас давядзецца абараняць свае даныя — і важна ведаць, як гэта зрабіць», — рэзюмаваў Андрэй Гаеў.
Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ