Як заявіў па выніках нарады прэс-сакратар МЗС Руслан Варанкоў, Беларусь вітае рашэнне ўлад Рэспублікі Польшча аб аднаўленні работы закрытых раней двух пунктаў пропуску праз беларуска-польскую граніцу для перамяшчэння людзей, транспартных сродкаў і грузаў. «Гэта рашэнне акажа станоўчы ўплыў перш за ўсё на прыгранічны гандаль», — сказаў прэс-сакратар.
Міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў ужо пасля адкрыцця пунктаў пропуску ў эфіры «Першага інфармацыйнага» адзначыў, што гэта мае значэнне для аднаўлення нармальных адносін паміж краінамі. «Наперадзе заўсёды ідуць адносіны паміж простымі людзьмі, прадстаўнікамі бізнесу, а палітыкі потым падцягваюцца. Таму атмасфера, фон дастаткова пазітыўныя», — лічыць ён.
«Для нас гэта як кісларод»
Палякі — і перш за ўсё прадпрымальнікі Падлясся, якія з-за закрыцця граніцы неслі вялікія страты, — не хаваюць сваёй радасці. Тым больш, як заявіў Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск, гэта рашэнне было звязана з «націскам з боку мясцовых жыхароў».
На мінулым тыдні, выступаючы на прэс-канферэнцыі ў Баброўніках, падляскі ваявода Яцак Бжазоўскі нагадаў, наколькі цяжкім быў гэты перыяд для мясцовых прадпрымальнікаў. «Падляскія прадпрымальнікі страчвалі сваю ўласнасць і справу ўсяго жыцця, — цытуе чыноўніка БелТА. — Закрыццё пунктаў пропуску ў 2021 і 2023 гадах прывяло да краху аднаго з ключавых сектараў эканомікі — прадпрымальніцкай дзейнасці ў нашым рэгіёне».
Паводле яго слоў, з-за закрыцця граніцы страты панеслі прадпрыемствы па ўсім рэгіёне. «Паколькі сюды ўваходзяць гасцінічны бізнес, рэстаранны бізнес і транспартная галіна. Гэта мноства розных элементаў, якія разам утвараюць адзінае цэлае», — дадаў Бжазоўскі.
Важнасць аднаўлення трансгранічнага руху падкрэсліла прадпрымальніца Эвеліна Грыгатовіч-Шумоўская з польскага аб’яднання прадпрымальнікаў «Аб’яднаны Усход». Паводле яе слоў, для Падляскага рэгіёна адкрыццё граніцы нібы кісларод. «Гэта рухаючая сіла нашай мікра- і макраэканомікі. Мы, прадпрымальнікі, пачынаем працаваць, пакрываючы страты», — прыводзіць словы прадпрымальніка RMF24.
Не толькі для прадпрымальнікаў, але і для простых людзей — і беларусаў, і палякаў — адкрыццё пунктаў пропуску на граніцы — добрая навіна. Асабліва для палякаў, які маюць магчымасць прыехаць да нас па бязвізе наведаць блізкіх, купіць танныя якасныя тавары, аздаравіцца. Паводле звестак Дзярпагранкамітэта на ўчарашні дзень, з 15 красавіка 2022 года (з пачатку дзеяння бязвіза) з Польшчы ў Беларусь прыбылі 127 185 чалавек. І гэта пры наяўнасці аднаго пагранперахода. Цяпер жа, калі адкрыліся яшчэ два, колькасць ахвотных прыехаць у Беларусь, несумненна, павялічыцца.
Паводле даных RMF24, адкрыццё пунктаў пропуску адразу ж выклікала цікавасць: яшчэ да апоўначы на пераходзе ў Баброўніках утварылася чарга даўжынёй 4-5 км. Адным з першых транспартных сродкаў, што перасягнуў граніцу, быў рэйсавы аўтобус, які рухаўся з Варшавы ў Гродна.
«Езджу нячаста, вось брата прывёз у Беларусь. Аформілі нармальна, як належыць, усё ў тэрмін, без спазненняў. Так і павінна быць. Граніцы павінны працаваць», — падзяліўся сваім меркаваннем з карэспандэнтам БелТА адзін з вадзіцеляў-палякаў.
«Чаму Літва такая дурная?»
Тым часам некаторыя аналітыкі лічаць, што Польшча, скарыстаўшыся сітуацыяй, не толькі палепшыла ўласнае становішча, але і нашкодзіла Літве, якая закрыла граніцу з Беларуссю цалкам. «Гэта ўнутрыеўрапейскія пытанні і разборкі, — адзначыў у эфіры «АльфаРадыё» дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Клішэвіч. — У прыватнасці, паміж Польшчай і Літвой. Мы бачым, што Польшча, адкрыўшы два раней закрытыя пункты пропуску ва ўмовах, калі Літва практычна цалкам закрыла сваю граніцу для грузавога транспарту і моцна абмежавала пасажырскія зносіны, па сутнасці мае мэту знішчыць літоўскія транспартна-лагістычныя кампаніі. Гэтыя кампаніі ўжо нясуць каласальныя страты, а ўсе заказы на перавозкі пераходзяць польскім перавозчыкам.
А ў самой Літве на навіну аб адкрыцці Польшчай пагранпераходаў прадстаўнікі бізнесу, асабліва перавозчыкаў, адказалі чарговай хваляй крытыкі ў адрас сваіх улад. «Літоўскі бізнес кажа, што гэта ўдар ніжэй за пояс, Польшча выйграе фінансава ад такога рашэння», — піша Delfі.
«Не разумею, чаму Літва такая дурная, а палякі такія разумныя... Вы разумееце, якую памылку здзейсніла Літва, закрыўшы граніцу? Цяпер грузапатокі становяцца незбалансаванымі, а мы шмат гадоў працуем над тым, каб зрабіць Літву транзітнай краінай. Мы адкрылі шмат тэрміналаў у Літве, але цяпер яны пустуюць, і паколькі граніца закрытая, людзі едуць з Польшчы ў Азію», — абураецца кіраўнік літоўскай Асацыяцыі аўтамабільных перавозчыкаў (LІNAVA) Эрландас Мікенас.
«Як бы там ні было, заявы аб салідарнасці паміж суседзямі вельмі крохкія. Палякі, бачачы і ацэньваючы не толькі пагрозы гібрыдных нападаў, але і эканамічны складнік, адкрываюць свае граніцы. Цяпер атрымаецца, што яны рэальна скарыстаюцца сітуацыяй, бо нашы калідоры зачыненыя. Паток грузаў з Азіі ў Еўропу пойдзе праз Польшчу», — адзначыў генеральны сакратар Міжнароднага альянсу транспарту і лагістыкі (TTLA) Повілас Дрыжас.
***
Пакуль суседзі высвятляюць, хто што набыў і страціў, Беларусь паслядоўна і спакойна праводзіць палітыку ўзаемапаважлівага раўнапраўнага добрасуседства. Суседзі ад Бога, з імі трэба жыць мірна і ў згодзе, неаднойчы падкрэсліваў наш Прэзідэнт. Учора на сустрэчы з губернатарам Растоўскай вобласці Аляксандр Лукашэнка сказаў: «Мы ніколі дрэнна ні да палякаў, ні да літоўцаў, ні да латышоў не ставіліся, — заявіў Прэзідэнт. — Гэта нашы суседзі, куды тут дзявацца. Так, яны сёння кіруюцца звонку. Але жыццё прымусіць, прыйдуць да ўлады іншыя людзі, якія будуць бачыць цікавасць у Беларусі і Расіі, як гэта было раней». Чакаць гэтага, падаецца, засталося ўжо нядоўга.
Аляксей КЛІМАЎ
Фота БелТА