Міжнародны склад удзельнікаў паяднаў прадстаўнікоў Расійскай Федэрацыі, Азербайджана, Казахстана, Кыргызстана і Туркменістана.
Адкрыў мерапрыемства першы намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр БАХАНОВІЧ. Ён падкрэсліў, што сістэма адукацыі і яе якасць з’яўляюцца ключавымі фактарамі развіцця любой краіны.
Гэта ўжо трэцяя традыцыйная міжнародная метадычная канферэнцыя, прысвечаная якасці адукацыі на ўсіх узроўнях, якая праходзіць на пляцоўцы Выканкама СНД. «Сёння ўсе разумеюць, што якасць адукацыі — фундаментальная аснова развіцця любой дзяржавы, у тым ліку і Беларусі», — адзначыў першы намеснік міністра адукацыі Аляксандр Бахановіч.
Паводле яго слоў, у нашай краіне вялікая ўвага ўдзяляецца павышэнню якасці адукацыі.
У 2023 годзе была прынята Нацыянальная стратэгія развіцця якасці адукацыі. Завяршаецца першы этап яе рэалізацыі, і вынікі, як падкрэсліў Аляксандр Бахановіч, «вельмі добрыя і радуюць». Цяпер вядзецца работа па распрацоўцы планаў і паказчыкаў на наступную пяцігодку — у адпаведнасці з праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця і нацыянальнай стратэгіяй устойлівага развіцця Беларусі.
— Якасць адукацыі — гэта, безумоўна, поспехі нашых навучэнцаў. За апошнія два гады беларускія школьнікі заваявалі 122 медалі на міжнародных алімпіядах па вучэбных прадметах. Мы сталі найлепшымі ў Еўропе па матэматыцы і абсалютнымі пераможцамі ў свеце па геаграфіі. Гэта вынік высокага ўзроўню ведаў нашых настаўнікаў, сістэмы адукацыі і методыкі выкладання, — падкрэсліў ён.
Паводле слоў намесніка міністра, высокі ўзровень вышэйшай адукацыі таксама пацвярджаецца міжнароднай цікавасцю.
— Сёння ў Беларусі навучаюцца каля 35 тысяч замежных грамадзян са 120 краін свету. Толькі за апошні год іх колькасць павялічылася на пяць тысяч. Калі мы пытаемся, чаму яны выбралі Беларусь, першачаргова яны называюць якасць адукацыі, а потым бяспеку нашай краіны. Гэтыя прыклады сведчаць, што ўвага кіраўніцтва дзяржавы, урада і ўсяго беларускага народа да сістэмы адукацыі дае плён. Мы адкрытыя да супрацоўніцтва і гатовыя дзяліцца досведам з краінамі СНД, а таксама з Кітайскай Народнай Рэспублікай, дзяржавамі Афрыкі і Лацінскай Амерыкі, — падсумаваў Аляксандр Бахановіч.
Галоўная задача Міністэрства адукацыі сёння — удасканаленне зместу адукацыйных праграм, абнаўленне вучэбна-метадычнай базы і актыўнае ўкараненне сучасных лічбавых тэхналогій у навучальны працэс. Асобная ўвага — падрыхтоўцы высокакваліфікаваных педагогаў і спецыялістаў, здольных рэалізоўваць адукацыйныя стандарты і адказваць на выклікі часу.
Падчас канферэнцыі ўдзельнікі абмеркавалі пытанні забеспячэння якасці адукацыі на ўсіх яе ўзроўнях, магчымасці інтэграцыі і партнёрства ў адукацыйнай прасторы краін СНД. Асаблівую цікавасць выклікалі выступленні, прысвечаныя інтэграцыі ўнутранай і знешняй ацэнкі якасці падрыхтоўкі навуковых кадраў, стварэнню ўніверсітэцкіх цэнтраў кампетэнцый, маніторынгу ведаў студэнтаў і развіццю лічбавых інструментаў кіравання адукацыйным працэсам.
Удзельнікі адзначылі, што падобныя сустрэчы спрыяюць аб’яднанню намаганняў краін СНД у стварэнні адзінай адукацыйнай прасторы, развіццю навукова-метадычнай базы і фарміраванню якаснай адукацыі, здольнай адказваць на патрабаванні сучаснага свету.
Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ