Top.Mail.Ru
0

Стартаваў Беларускі тыдзень прадпрымальніцтва — 2025

17.11.2025 | 12:33

Міністр эканомікі Юрый Чабатар расказаў журналістам пра канцэпцыю Беларускага тыдня прадпрымальніцтва — 2025: кожны дзень — новыя тэмы і свае героі.



Героямі першага дня стануць маладыя людзі:

— Гэта маладзёжнае прадпрымальніцтва. У многіх ВНУ мы правядзём адпаведныя семінары, абмеркаванні і выбарку прапаноў, каб больш моладзь уключалася ў гэтую работу.

Міністр адзначыў: калі праводзілі апытанне па «Народнай пяцігодцы», многіх маладых людзей цікавіла, як знайсці сябе ў сферы прадпрымальніцтва:

— Мы будзем абмяркоўваць развіццё інфраструктуры, падтрымкі бізнесу.

Кіраўнік ведамства падкрэсліў, што для гэтага ёсць вельмі шырокая інфраструктура ва ўсіх рэгіёнах: гэта бізнес-інкубатары, цэнтры падтрымкі прадпрымальніцтва.

— Будзем абмяркоўваць, як далей іх развіваць і, самае галоўнае, якія паслугі дадаткова яны змогуць даць нашаму бізнесу, — адзначыў міністр.

Дарэчы, у рамках тыдня на пляцоўцы Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка адбыўся ІІ Рэспубліканскі маладзёжны аналітычны форум, на якім уручылі заслужаныя ўзнагароды пераможцам конкурсу «Падтрымка маладзёжнай ініцыятывы».

Тэматычныя мерапрыемствы для творчых і энергічных маладых людзей прайшлі таксама і ў рэгіёнах.

Акрамя таго, у Мінэканомікі, аблвыканкамах і суб’ектах інфраструктуры падтрымкі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў панядзелак была арганізавана тэматычная «прамая тэлефонная лінія» па пытаннях прадпрымальніцкай дзейнасці.

Па словах Юрыя Чабатара, пытанні развіцця жаночага бізнесу будуць абмяркоўвацца ў сераду, 19 лістапада.

— Важная тэма. Тым больш што прыгожая палова робіць істотны ўнёсак у развіццё нашай краіны.

Меры падтрымкі прадпрымальніцтва будуць абмяркоўвацца ў чацвер, 20 лістапада.

— І завяршальнае, самае галоўнае, мерапрыемства ў пятніцу — гэта ўзнагароджанне найлепшых прадпрымальнікаў нашага бізнесу, прадпрыемстваў, адпаведнае падвядзенне вынікаў і ўручэнне ўзнагарод, — распавёў профільны міністр, патлумачыўшы, што такім запланаваны тыдзень прадпрымальніцтва, які складаецца са 130 мерапрыемстваў ва ўсіх рэгіёнах нашай краіны.

Юрый Чабатар таксама расказаў пра бізнес-ідэі, якія атрымалі дзяржпадтрымку ў рамках дзеючай дзяржпраграмы «Малое і сярэдняе прадпрымальніцтва».

Паводле яго слоў, прафінансавана звыш 900 праектаў на агульную суму больш чым 100 мільёнаў рублёў.

Самы запатрабаваны прадукт — субсідыі для кампенсацыі часткі працэнтаў па банкаўскіх крэдытах. На яго прыпадае 42,5 % падтрыманых праектаў.

На другім месцы — выдача пазык Беларускім фондам фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў. Гэта кожны пяты прафінансаваны праект.

Названыя кірункі атрымаюць сваё развіццё ў профільнай дзяржпраграме на новую пяцігодку, разлічаную на 2026–2030 гады.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю