Top.Mail.Ru

Якія значныя праекты рэалізоўваюцца ў сферы дарожнага будаўніцтва

Якасці дарог і іх абнаўленню ў нашай краіне ўдзяляецца пільная ўвага. Кіраўнік дзяржавы назваў будаўніцтва і добраўпарадкаванне дарог і мастоў найважнейшай задачай дзяржавы. Аб гэтым Прэзідэнт заявіў на нядаўнім адкрыцці абноўленага моста ў Мазыры. Па выніках рэалізацыі дзяржінвестпраграмы за гэту пяцігодку чакаецца выкананне рамонту і рэканструкцыі 18 тысяч кіламетраў аўтамабільных дарог рэспубліканскага і мясцовага значэння, а таксама 24 тысячы пагонных метраў маставых збудаванняў на іх. 



Штогод павялічваюцца і лічбы аб’ёмаў фінансавання, якія выдзяляюцца. Так, калі ў 2022 годзе на рамонт і рэканструкцыю рэспубліканскіх і мясцовых дарог накіравана 930 мільёнаў рублёў, то ў 2023-м — 1,4 мільярда, у 2024-м — 2,2 мільярда, сёлета — больш за 2,3 мільярда. Паводле меркавання спецыялістаў, гэтыя лічбы рэальна адлюстроўваюць патрэбу дарожнай гаспадаркі ў аднаўленні дарог. Сёння актыўнымі тэмпамі вядзецца рэканструкцыя аўтадарог М3, Р53, М10, Р122, капітальны рамонт дарог на выездах з Мінска ў напрамках абласных цэнтраў і рэгіёнаў і інш.

М3: распачата шостая чарга

У другой палове гэтага года стартавала шостая чарга рэканструкцыі аўтамабільнай дарогі М3 Мінск — Віцебск. Трэба адзначыць, што гэта важны міжнародны транспартны калідор у напрамку партоў Ленінградскай вобласці Расіі. Цяпер работы праводзяцца на ўчастку ад Плешчаніц да граніцы Мінскай і Віцебскай абласцей. Тут работнікі дарожна-будаўнічага трэста № 5 і будаўніча-мантажнага трэста № 8 абновяць 21 кіламетр.

Як паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення аўтамабільных дарог Міністэрства транспарту і камунікацый Андрэй ЗАЛАТАРОЎ, падчас рэканструкцыі будзе ўладкавана чатыры паласы руху — па дзве ў кожным напрамку з пакрыццём з цэментабетону. У раёне Плешчаніц і вёскі Жардзяжжа з’явяцца два кальцавыя перасячэнні, акрамя таго, на ўчастку будуць пабудаваны два падземныя пешаходныя пераходы і два біяпераходы, у тым ліку для дзікіх жывёл. Побач з вёскай Акалова пабудуюць транспартны вузел, які будзе ўключаць двухузроўневую транспартную развязку, падземны пешаходны пераход і мясцовыя праезды. З’явіцца сістэма кіравання ўтрыманнем аўтамабільнай дарогі.

Адной з самых сучасных тэхналогій, якія выкарыстоўваюцца сёння ў дарожным будаўніцтве, з’яўляецца ўладкаванне дарожнага адзення з пакрыццём з цэментабетону. Удзельная вага айчынных складнікаў пры такім будаўніцтве вышэй. Цэментабетон, у параўнанні з асфальтабетонам, мае ў два разы большы разліковы тэрмін службы, а таксама значную ўстойлівасць да высокіх восевых нагрузак. Тут не з’яўляюцца звыклыя для асфальтабетону каляіны пры высокай тэмпературы ўлетку. Для дадатковага камфорту вадзіцеляў падчас работ выкарыстоўваюцца сучасныя сістэмы і метады арміравання пакрыцця і герметызацыі швоў, уладкавання шурпатасці. Абноўленую частку М3 мяркуецца адкрыць у 2028 годзе.

М10 ператвараецца ў чатырохпалосны аўтабан

Ужо больш за год рэканструююць трасу М10 граніца Расіі (Селішча) — Гомель — Кобрын. Праект раздзелены на пяць чэргаў, і ўсяго плануецца абнавіць 86 кіламетраў. Тут з’явіцца 4 паласы для руху з уладкаваннем пакрыцця з цэментабетону. На абноўленай дарозе ўсталююць раздзяляльны бар’ер, сеткі ад дзікіх жывёл і шэсць падземных пешаходных пераходаў.

Цяпер сіламі ўсіх філіялаў Дарожна-будаўнічага трэста № 2, а таксама Мантажна-будаўнічага ўпраўлення № 4 і Мантажна-будаўнічага ўпраўлення № 7 ААТ «Мостабуд» рэалізуецца першая чарга рэканструкцыі, работы вядуцца на 109,9 — 126 км. У прыватнасці, уладкоўваецца левая паласа, а таксама ўзводзяцца маставыя збудаванні: два пуцеправоды — на 109,9 і 116,7 км, і мост на 123,55 км.

Прадугледжаны і істотныя змяненні, накіраваныя на павышэнне бяспекі і эфектыўнасці руху.

— Адным з ключавых новаўвядзенняў стане сістэма відэаназірання, якая дасць магчымасць у рэжыме рэальнага часу ацэньваць дарожнае становішча, умовы надвор’я, якасць правядзення дарожных работ і аператыўна рэагаваць на сітуацыю, — адзначае Андрэй Залатароў.

Р122: маштабная рэканструкцыя на Магілёўшчыне

Абнаўляецца і важная транспартная артэрыя ва ўсходнім рэгіёне краіны — аўтамабільная дарога Р122 Магілёў — Чэрыкаў — Касцюковічы. Гэты праект мае стратэгічнае значэнне для развіцця транспартнай інфраструктуры Магілёўшчыны. Ён забяспечвае адносіны паміж сямю раёнамі і стварае важны транспартны калідор у напрамку расійскай граніцы.

Работы па рэканструкцыі першай чаргі на ўчастку ад Магілёва да Чавусаў пачаты ў чэрвені мінулага года. Абнавіць плануецца 31 кіламетр. У якасці пакрыцця абраны цэментабетон. Праект прадугледжвае ўстройства транспартнай развязкі на 17-м кіламетры аўтадарогі — з двума «кольцамі» і тунэлем, а таксама будаўніцтва двух падземных пешаходных пераходаў каля аграгарадка Кадзіна і вёскі Падбелле. З’явяцца і новыя масты праз рэкі Плесна, Чарняўка і Рэста.

На ўчастку, які рэканструюецца, 9 перасячэнняў абсталююць «разумнымі» святлафорамі: спецыяльны радар будзе ацэньваць дарожную абстаноўку і кіраваць сігналамі святлафора ў аўтаматычным рэжыме, а лічбавае табло будзе інфармаваць вадзіцеляў, што павысіць бяспеку дарожнага руху. Завяршыць работы плануецца ў 2027 годзе.

Р53: абнаўленне на фінішнай прамой

Работы па рэканструкцыі аўтамабільнай дарогі Р53 Слабада — Навасады, якая праходзіць па тэрыторыі Смалявіцкага і Барысаўскага раёнаў Мінскай вобласці, выйшлі на завяршальную стадыю. Цяпер дарожныя будаўнікі працуюць на апошнім участку — ад Жодзіна да Барысава (з 33,3 па 43,22 км).

Праект рэканструкцыі прадугледжвае ўстройства чатырох палос руху шырынёй 3,5 метра — па дзве ў кожным напрамку з пакрыццём з цэментабетону. На ўчастку ад Жодзіна да Барысава з’явіцца пяць падземных пешаходных пераходаў, транспартная развязка ў двух узроўнях з пуцеправодам на 36,16 км, мост праз раку Дворышча на 39,9 км, прыпыначныя пляцоўкі з уладкаваннем пешаходных сувязяў.

Участак плануецца здаць у эксплуатацыю ў чацвёртым квартале 2026 года, звяртае ўвагу Андрэй Залатароў. Пасля рэканструкцыі аўтамабільная дарога на ўсёй адлегласці ад Мінска да Барысава будзе мець чатыры паласы руху (па дзве ў кожным напрамку) з цэментабетонным пакрыццём. Яна будзе ўладкавана не толькі такімі традыцыйнымі тэхнічнымі сродкамі арганізацыі дарожнага руху, як дарожныя знакі, разметка, бар’ерная агароджа, што дазволіць забяспечыць бяспеку ўсіх удзельнікаў дарожнага руху, але і ахоўнай ад жывёл агароджай з сеткі, а таксама сістэмай кіравання ўтрыманнем аўтамабільнай дарогі. Значная працягласць велапешаходных сувязяў, а таксама ўчасткаў, на якіх будзе ўсталявана вонкавае асвятленне, створаць дадатковы камфорт і бяспеку.

Алена КРАВЕЦ
Фота БелТА


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю