Людзі ўжо даволі даўно, а дакладней пасля Другой сусветнай вайны, адмовіліся ад тэрміна «раса», калі ён быў «дыскрымінаваны» з-за сувязі расавай тэорыі са злачынствам нацызму. Для даследавання буйных чалавечых груп сталі выкарыстоўвацца іншыя тэрміны: папуляцыя, народ, этнічная група, супольнасць. Аднак у XX стагоддзі да гэтага паняцця зноў сталі вяртацца. На слыху сёння і такія азначэнні, як «генацыд нацыі», «русафобія»... Чаму яны дагэтуль актуальныя і ці ёсць пад імі хоць якая рацыянальная аснова, абмяркоўваем з нейрахірургам, навуковым супрацоўнікам аддзялення пухлін галаўнога мозгу РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава, выкладчыкам кафедры неўралогіі і нейрахірургіі Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў аховы здароўя Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, членам Беларускага саюза журналістаў Гуменам ГАРБАНІДЖАДАМ.
— Усе людзі не адрозніваліся адзін ад аднаго, пакуль нас не раздзяліла раса, не размежавала рэлігія, палітыка і назапашаныя багацці. Прычын, па якіх адны лічаць сябе лепшымі за астатніх, на самай справе дзве, — тлумачыць суразмоўца. — Адна з іх — лжэнавука, якую выкарыстоўваюць нядобрасумленныя палітыкі, асабліва англасаксы, для ўкаранення сваіх мэт у розных краінах, асабліва тых, якія развіваюцца. Другая прычына — рэлігійная. Адразу скажу, што да рэлігіі я стаўлюся з павагай. Аднак 90 % людзей вераць у святыя кнігі, хоць ні разу іх не чыталі. Усё, што там напісана, паводле іх меркаванняў, — добра. А ці ведаюць яны, што сабой уяўляе тое «добра»? Арыстоцель аднойчы ўдала зазначыў: «Жыццё, якое ні разу не было ўзята пад сумнеў, не варта таго, каб яго пражыць». Каб мы маглі развівацца і паўнавартасна разумець тое, што адбываецца навокал, неабходна да ўсяго ставіцца крытычна. Гэта і ёсць пераход ад веры да ідэалу.
— А калі я ўпэўнена ў тым, у што веру?
— Не сакрэт, што нашым светам кіруюць ідэолагі. Кожны з іх, безумоўна, лічыць свае погляды правільнымі. Наша з вамі задача — не праглынаць усё без разбору, а чэрпаць найлепшае ў кожнай з ідэалогій, на аснове чаго і рухацца па жыцці. Каб пераканацца ў правільнасці сваіх думак, варта адрозніваць веру ад навуковых доказаў. Спачатку вывучыце ўсе крыніцы, што супрацьпастаўлены ім. Пераканаўшыся, што ўсе яны няправільныя, можна рабіць выснову, што твая ідэалогія мае рацыю. Мне не трэба пераконваць вас, напрыклад, што вуглы квадрата роўныя 90 градусаў — гэта яго асноўная ўласцівасць, якая пацверджана навукай. Калі б гэтага доказу не было, мне б давялося запэўніваць у тым, што я кажу праўду. Існуе нават такі разумовы эксперымент. Можа, чулі, пра «чайнік Расэла». Калі коратка: цяжар доказу чаго-небудзь ляжыць на тым, хто гэта сцвярджае.
— Адным з фактараў раздзялення людзей вы назвалі рэлігію...
— Лічу, што кожны вернік у дачыненні да іншых рэлігій — атэіст. Зараз патлумачу. Прыхільнікі асобна ўзятай рэлігіі лічаць, што толькі праз яе можна трапіць у рай. І гэта выклікае супярэчнасці паміж людзьмі. Прывяду прыклад. Калі крытычна паглядзець на адну з самых вядомых запаведзяў: «Не пажадай дома бліжняга твайго; не пажадай жонкі бліжняга твайго, ні раба яго, ні рабыні яго...» Няма ў ёй, аднак, «вызвалі раба». А Бог жа стварыў усіх аднолькавымі... Атрымліваецца, што парушаецца дзеючы Крымінальны кодэкс, згодна з якім рабства ўвогуле забаронена. Можна доўга пра гэта казаць, супярэчнасцяў, як бачыш, хапае...
— А што з ілжэнавукай і псеўдавучонымі?
— Апалагет нацызму Гітлер сапраўды выкарыстоўваў іх у сваіх мэтах. Іх наяўнасць уплывае цяпер на развіццё навукі і запавольвае функцыянаванне грамадства ў цэлым у краінах, якія развіваюцца. Развіццё псеўданавукі выклікае, па-першае, «эфект шафёра», пра які мы ўжо казалі раней. Па-другое, уявіце: калі ў якой-небудзь краіне будзе звыш 500 дактароў навук у пэўнай галіне, не вельмі развітой. На жаль, званне доктара навук не ва ўсіх выпадках супадае з важкімі навуковымі дасягненнямі. Ад гэтага горшым становіцца ўзровень навукі. Такім чынам, выкарыстанне двух гэтых метадаў неабходна для прасоўвання сваіх мэт нядобрасумленнымі людзьмі.
Уся гэта работа ўвогуле моцна ўплывае на гнуткі дзіцячы мозг, які лёгка паддаецца любой інфармацыі. Ёсць дзве вялікія розніцы паміж сучасным цывілізаваным выхаваннем і стварэннем зручнага чалавека.
У гэтых дзяцей у свой час не развіваецца крытычнае мысленне, далей па жыцці ім прыходзіцца абапірацца на догмы. Гэта звужае не толькі ўласнае светаўспрыманне, але і можа спыніць развіццё краіны ў цэлым, калі такіх людзей будзе большасць.
— Аднак з пункту гледжання міфалогіі людзі — ідэальныя істоты...
— Абапіраючыся на навуковы падыход, у чалавечага арганізма шмат недахопаў, якія мы нават усе не пералічым. Нямала гаварылі раней пра кагнітыўныя скажэнні, як можа памыляцца мозг і што гэта выгадна пэўнаму колу людзей. Насамрэч на гэтым недахопе галаўнога мозгу некаторыя нажываюцца, выкарыстоўваюць яго для таго, каб уплываць на людзей. Кагнітыўныя скажэнні — вялікая «дзірка» ў нашай свядомасці. Рэтыкулярная фармацыя галаўнога мозгу прапускае ўсё тое, у што мы верым...
Нягледзячы на рэлігію, нацыянальнасць, светапогляд, месца жыхарства, арганізм чалавека аднолькавыя: у нас ёсць праблемы з пазваночнікам, зубамі мудрасці, цяжкія роды ў жанчын... І калі сучасны чалавек можа вырашыць гэтыя пытанні шляхам кесарава сячэння або ўстаноўкай імплантаў, то раней пры родах у маці была вельмі высокая рызыка смерці, а без зубоў чалавек і ўвогуле паміраў з голаду. Ёсць у нас праблемы і са зрокам. А яшчэ наш арганізм не можа выпрацоўваць шмат разнавіднасцяў вітамінаў. Напрыклад, А, С, Е, К... І няважна, хто ты па веравызнанні ці нацыянальнасці, прыкметы авітамінозу будуць ва ўсіх аднолькавыя...
Яна ВАЛАСАЧ
У наступнай публікацыі мы працягнем размову аб тым, чаму тэорыя перавагі ў чалавечай супольнасці не вытрымлівае навуковай крытыкі.