Сучасны свет з адносна нядаўніх часоў уступіў у эпоху лічбавых перамен і інавацыйных тэхналогій. Аднак укараненне іх як у паўсядзённае жыццё, так і ў галіны эканомікі патрабуе не толькі інвестыцый. Адзіныя правілы гульні для найноўшых вынаходстваў чалавецтва ўстанаўліваюць стандарты, у першую чаргу — тэхнічныя.
Пункты апоры для інавацый
Іх распрацоўкай Дзяржстандарт займаецца сумесна з рознымі органамі дзяржкіравання і арганізацыямі, напрыклад з Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі. «Мы лічым, што стандарты — гэта не абмежаванні, а пункты апоры для інавацый, — адзначыў намеснік міністра сувязі і інфарматызацыі Антон АЛЯКСЕЕЎ. — Яны неабходныя для эфектыўнага і бяспечнага ўкаранення тэхналогій у рэальны сектар эканомікі і сацыяльную сферу, з’яўляючыся, па сутнасці, практычным кіраўніцтвам да дзеяння. У такім выпадку стандартызацыя — гэта не бюракратычны працэс, а дакладна выбудаваны механізм трансляцыі глабальных трэндаў на нацыянальную эканоміку, інтэграваную ў стратэгічныя мэты і практычныя патрабаванні, якія рэалізуюцца ў той ці іншай галіне».
Мадэль эфектыўнага ўзаемадзеяння структур для правядзення гэтай самай стандартызацыі ўяўляецца наступнай: спачатку Мінсувязі задае стратэгічны кірунак і вызначае рэальныя патрэбы лічбавай эканомікі, затым тэхнічны камітэт займаецца распрацоўкай неабходных для ўсталяваных мэт стандартаў. А Дзяржстандарт, у сваю чаргу, выступае ў ролі арбітра і гаранта, які надае ім юрыдычную сілу.
Да нядаўняга часу ў краіне функцыянавалі два тэхнічныя камітэты: ТК BY 27 «Электрасувязь» і ТК BY 38 «Лічбавая трансфармацыя». Аднак час паказаў, што такі падзел састарэў. Пасля аналізу сусветнай практыкі выявілася, што ў міжнародных арганізацыях, такіх як Міжнародны саюз электрасувязі, камітэты ўсё часцей працуюць над скразнымі тэмамі. І нядзіўна: такія тэхналогіі, як, напрыклад, інтэрнэт рэчаў або штучны інтэлект, не могуць быць дакладна падзелены на кірункі.
Таму і ў Беларусі 12 лістапада гэтага года быў створаны адзіны нацыянальны галіновы тэхнічны камітэт пад эгідай Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Беларусі ТК BY 41 «Лічбавае развіццё і сувязь», у склад якога ўвайшлі 26 арганізацый. Галоўная мэта — далейшая гарманізацыя і апераджальная стандартызацыя, фокус якой зрушыцца на распрацоўку стандартаў для новых прарыўных тэхналогій, што толькі ўваходзяць у актыўнае ўжыванне. Сярод іх, напрыклад, — робататэхніка і штучны інтэлект.
Увага — на экспарт
Дарэчы, на гэты момант ужо распрацаваны праект праграмы па апераджальнай стандартызацыі, адзначыла старшыня Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Алена МАРГУНОВА. Першапачаткова ў план было закладзена стварэнне 80 стандартаў, цяпер у распрацоўцы ўжо 130: «У распрацоўцы знаходзяцца стандарты па лічбавай эканоміцы, штучным інтэлекце, інавацыях у аграпрамысловым комплексе, машынабудаванні, біятэхналогіях, рацыянальным выкарыстанні рэсурсаў, магчымасцях стварэння безбар’ернага асяроддзя». Менавіта яны, па словах Алены Маргуновай, закладваюць аснову будучага развіцця беларускай прамысловасці, бо на фоне бурнага развіцця тэхналогій стандартызацыя становіцца крытычна важным крытэрыям для забеспячэння бяспекі, якасці і канкурэнтаздольнасці любой прадукцыі.
Важную ролю стандарты адыгрываюць і для паспяховага прасоўвання тавараў на экспарт. «Гэта патрабаванні, па якіх наша прадукцыя ідзе на рынкі іншых краін. Мы павінны ўлічваць запыты спажыўцоў гэтых краін, а таксама патрабаванні на тавары, якія там прыняты. Для гэтага мы ў першую чаргу павінны ведаць, якія стандарты дзейнічаюць, якія патрабаванні закладзены, і абменьвацца гэтым для таго, каб улічваць іх пры пастаўцы прадукцыі на экспарт», — падзялілася Алена Маргунова. Цяпер у Беларусі ўжо існуе больш за 50 пагадненняў з рознымі краінамі па абмене стандартамі і ўзаемадзеянні ў гэтай галіне.
Найбольш цеснае яно з «Расстандартам». Нагадаем: у рамках Саюзнай дзяржавы ўжо рэалізуюцца дзве праграмы па стандартызацыі, а яшчэ шэсць знаходзяцца ў стадыі распрацоўкі. Значная ўвага ўдзяляецца і партнёрству з Кітайскай Народнай Рэспублікай, з якой быў падпісаны шэраг двухбаковых пагадненняў. Дзякуючы гэтаму беларускія спецыялісты атрымалі доступ да шырокай базы, якая змяшчае больш за 55 тысяч кітайскіх стандартаў. А прасоўванню айчыннай прадукцыі на рынкі краін СНД садзейнічае шматбаковае супрацоўніцтва на пляцоўцы Міждзяржаўнага савета па стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі. Паралельна ў рамках ШАС праводзяцца мерапрыемствы па падрыхтоўцы адпаведных пагадненняў, накіраваных на гарманізацыю патрабаванняў да экспартных паставак. Паводле слоў Алены Маргуновай, гэта работа дае магчымасць беларускім вытворцам у поўнай меры ўлічваць і выконваць нарматывы краін-імпарцёраў.
Аміна НАЗАРАВА.
Фота аўтара і з адкрытых крыніц.