Як адзначылі ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання, сёння сучаснаму аграрнаму сектару патрабуюцца не проста рабочыя рукі, а спецыялісты з глыбокімі ведамі ў галіне аграноміі, ветэрынарыі, механізацыі, кіравання. Адна з магчымасцей якасна павысіць узровень кадравага складу арганізацый — гэта завочная форма навучання, якая дазваляе сумяшчаць вучобу з працай, не перарываючы вытворчы працэс.
Пра тое, якія кадры сёння патрабуюцца АПК, якія перспектывы ў тых, хто вырашыў сваё жыццё звязаць з сельскай гаспадаркай, — размова з начальнікам галоўнага ўпраўлення адукацыі, навукі і кадравай палітыкі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзімірам САМСАНОВІЧАМ.
Адукацыя — лакаматыў сельскай гаспадаркі
Уладзімір Аляксеевіч паведаміў, што з 2018 года ў школах працуюць класы аграрнай накіраванасці, дзе навучэнцы 10-х і 11-х класаў у рамках факультатыўнага курса «Уводзіны ў аграрныя прафесіі» знаёмяцца з дасягненнямі аграрнай галіны непасрэдна на вытворчых аб’ектах. А з гэтага навучальнага года і для вучняў 7–9-х класаў пачаліся факультатыўныя заняткі «Свет сельскай гаспадаркі».
— За школамі, дзе ёсць агракласы, замацавана каля 200 сельскагаспадарчых арганізацый, — паведаміў суразмоўца. — На іх базе з дзецьмі праводзяцца практычныя заняткі, дзякуючы якім вучні спасцігаюць спачатку асновы, а затым і тонкасці сельскагаспадарчай вытворчасці.
Пасля школы юнакоў і дзяўчат чакаюць каледжы і ВНУ. Сёння падрыхтоўку кадраў для аграрнага сектара эканомікі ажыццяўляюць чатыры вышэйшыя ўстановы адукацыі: Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія, Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт, Віцебская дзяржаўная акадэмія ветэрынарнай медыцыны і Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт. Да таго ж трэба адзначыць, што 33 установы адукацыі рэалізуюць праграмы сярэдняй спецыяльнай і 58 — прафесійна-тэхнічнай адукацыі.
Дарэчы, аграрныя адукацыйныя ўстановы — адны з найстарэйшых у Беларусі. З багатым вопытам, традыцыямі, навацыямі і практыкамі. У навучальным працэсе задзейнічаны высокакваліфікаваны прафесарска-выкладчыцкі склад — гэта 1060 выкладчыкаў, у тым ліку 72 дактары і 548 кандыдатаў навук. Ёсць таксама спецыялісты, якія валодаюць не толькі навуковымі ведамі, але і трывалымі дзелавымі сувязямі з прадпрыемствамі і аграхолдынгамі.
Хто не паспеў, той не спазніўся
З улікам спецыфікі сельскагаспадарчай вытворчасці, уступная кампанія на завочную форму навучання ў аграрныя ўстановы адукацыі стартавала 15 кастрычніка. Прыём дакументаў будзе ажыццяўляцца да 5 снежня, правядзенне ўступных іспытаў — з 6 па 15 снежня, залічэнне — да 20 снежня. У каледжы дакументы прымаюць да 30 лістапада.
Ён растлумачыў, што абітурыенты, якія паступаюць на спецыяльнасці кірункаў адукацыі «Сельская гаспадарка», «Ветэрынарыя», «Рыбная гаспадарка» і «Ахова працы», здаюць два профільныя іспыты ў адпаведнасці з абранай спецыяльнасцю або групай спецыяльнасцей у форме ЦЭ і (або) ЦТ, або экзамены ў вуснай ці пісьмовай формах у саміх ВНУ. Для паступлення на іншыя спецыяльнасці патрабуецца здача трох іспытаў, уключаючы беларускую або рускую мову і два профільныя прадметы. Ну а той, хто разлічвае вучыцца ў каледжы, праходзіць па агульным бале атэстата і павінен мець дакументы аб агульнай сярэдняй адукацыі.
Алена ВІНАГРАДАВА
Фота з адкрытых крыніц