XІ Беларускія адукацыйныя Ражджэственскія чытанні на тэму «Асвета і сучаснасць: фарміраванне асобы і выклікі часу» афіцыйна адкрыюцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі 2 снежня.
Але фактычна імпрэзы ў межах гэтага доўгатэрміновага форуму ўжо ідуць па ўсёй Беларусі — у епархіях і дзяржаўных установах. Сустрэчы ўжо адбыліся ў Пінску, Баранавічах, Гомелі, наперадзе старажытныя Полацк, Ліда... Пры тым што самы напоўнены падзеямі час — да 10 снежня, але фактычна адметныя сустрэчы, абмеркаванні, выстаўкі, выступленні будуць доўжыцца і ў студзені, нават у святочныя дні. Ражджэственскія адукацыйныя чытанні ладзяцца Беларускай Праваслаўнай Царквой у рамках супрацоўніцтва з дзяржавай, на іх абмяркоўваюцца актуальныя пытанні ў самых розных сферах, таму сярод ганаровых гасцей — вядомыя і знакавыя для дзяржавы асобы. Напрыклад, сёлета на пленарным пасяджэнні павінна выступіць герой Беларусі, касманаўт Марына Васілеўская і іншыя асобы, чыё меркаванне мае значэнне, калі гаворка пра выхаванне прадстаўнікоў наступных пакаленняў.
— Фарміраванне асобы — гэта фарміраванне будучыні грамадства, краіны, народа, — адзначыў на сустрэчы з журналістамі Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы экзарх усяе Беларусі Веніямін. — Асвета — слова, якое паходзіць з хрысціянства. Святло Хрыстова асвятляе кожнага чалавека, што прыйшоў у гэты свет. Чалавек, які засвойвае духоўныя прынцыпы, ідзе па жыцці адпаведна: нясе радасць, дабрыню, дапамогу іншым людзям. Асвета заўсёды ўспрымалася ў шырокім сэнсе — не толькі як набыццё адукацыі, хоць гэта і важна: чалавек адукаваны больш шырока бачыць, як цудоўна створаны наш свет, бачыць гармонію, якая парушаецца там, дзе людзі грэбуюць боскім законам, маральным законам. Важна, каб асвета закранала не толькі сэрца і ўнутраны свет, але ўзнімала на новую вышыню.
Сённяшнія чытанні запрашаюць да размовы: што трэба рабіць, каб наш чалавек у цяперашні час карыстаўся добрымі напрацоўкамі папярэдніх пакаленняў? У праграме — работа па секцыях, круглыя сталы, выстаўкі, паказ фільма «Яркая зорка Сафіі Слуцкай», харавы фестываль-конкурс «Духоўны спеў зямлі беларускай»... Задача — аб’яднаць усіх дзеля клопату пра духоўную асвету грамадства і працаваць на яго дабрабыт.
Кіраўнік сінадальнага аддзела па ўзаемадзеянні са свецкімі навучальнымі ўстановамі пратаіерэй Фёдар Поўны патлумачыў:
— Наш свет хутка змяняецца. Праваслаўная царква не адмяжоўваецца ад сучаснасці, але і не бяжыць за ёй, а імкнецца асэнсаваць змены і напоўніць спаконвечнымі сэнсамі новыя формы. Важна чуць не толькі саміх сябе, трэба слухаць розныя пункты гледжання, таму на чытанні запрашаюцца прадстаўнікі багаслоўскай, інтэлектуальнай, навуковай, адукацыйнай сфер, таксама грамадскія дзеячы, эксперты, практыкі. Калядныя чытанні — гэта падзея рэспубліканскага маштабу, накіраваная на адзінства.
Ларыса ЦІМОШЫК