Георгій Яўгенавіч родам з Гродзеншчыны, нарадзіўся ў Навагрудку. Пасля заканчэння Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута па спецыяльнасці «Лячэбная справа» звязаў сваё жыццё з Баранавіцкім раёнам. На працягу доўгіх гадоў будучы дэпутат працаваў урачом-траўматолагам у Баранавіцкай гарадской бальніцы. Адсюль і пачалося яго знаёмства з выбарчай акругай... За час працы ў сістэме аховы здароўя раёна Георгій Хлябовіч прайшоў шлях ад радавога ўрача да намесніка галоўнага ўрача па медыцынскай частцы Баранавіцкай гарадской бальніцы. Праз пэўны час ён узначаліў Ляхавіцкую цэнтральную раённую бальніцу. Дарэчы, нават пасля выбрання дэпутатам Георгій Яўгенавіч не зусім змяніў белы халат на афіцыйны касцюм. Сёння ён працягвае лячыць людзей.
— Баранавіцкая сельская выбарчая акруга № 7 уключае Баранавіцкі, Ляхавіцкі і Ганцавіцкі раёны, — расказвае парламентарый. — Сёння ў ёй пражывае каля 73,5 тысячы чалавек. У асноўным гэта сельскія жыхары. Таму і праблемы, з якімі звяртаюцца грамадзяне, як правіла, характэрныя для большасці сельскіх тэрыторый.
— Неад’емнай часткай работы дэпутатаў усіх узроўняў з’яўляецца правядзенне прамых тэлефонных ліній і асабістых прыёмаў грамадзян. Якія праблемы хвалююць жыхароў вашай акругі?
— Пытанні, з якімі звяртаюцца выбаршчыкі, самыя розныя. Асноўная частка датычыцца арганізацыі і даступнасці медыцынскай дапамогі, у тым ліку недахопу вузкіх спецыялістаў. Гэта праблема асабліва адчувальная ў аддаленых населеных пунктах. Сельскім жыхарам нярэдка бывае складана дабрацца да райцэнтра. Шэраг праблемных пытанняў трымаю на кантролі. Прыемна, што многія з іх усё ж удаецца вырашыць. Як адзін з апошніх прыкладаў — літаральна месяц таму ўдалося арганізаваць работу ўрача-афтальмолага ў Ляхавіцкім раёне. Патрэбнага спецыяліста не было там ужо паўтара года. Цяпер пацыентаў раёна раз на тыдзень абслугоўвае спецыяліст з Баранавічаў. Аналагічная праблема хвалявала і жыхароў Ганцавічаў. Крыху раней там таксама быў арганізаваны выезд баранавіцкага спецыяліста ў горад.
Многае адгукаецца і з папярэдняй работы. У прыватнасці, калі я яшчэ ўзначальваў Ляхавіцкую ЦРБ, толькі пачыналася праектаванне капітальнага рамонту асноўнага корпуса бальніцы. Былі выдаткаваны сродкі, і сёння рамонт ідзе. Сумеснымі намаганнямі арганізавана замена шасці ліфтаў у гэтым корпусе. Таксама прымаў удзел у адкрыцці цэнтральнага стэрылізацыйнага аддзялення ў Ляхавіцкай бальніцы. Два тыдні таму разам са старшынёй райсавета праверылі работу новага мабільнага ФАПа, які ўвайшоў у склад Ляхавіцкай ЦРБ. Нядаўна ў бальніцу паступіў і комплекс лапараскапічнага абсталявання для правядзення малаінвазійных аперацый. Балазе, спецыялісты, якія працавалі на гэтым абсталяванні, у Ляхавічах ёсць. У найбліжэйшы час пачне работу лапараскапічная стойка.
Пры падтрымцы Старшыні Палаты прадстаўнікоў Ігара Сергяенкі, а таксама кіраўніцтва вобласці і раёнаў удалося захаваць хірургічныя аддзяленні ў Ганцавічах, Ляхавічах, Маларыце і Жабінцы. У гэтых аддзяленнях ёсць урачы, ёсць і пацыенты, якім неабходна якасная медыцынская дапамога па месцы жыхарства, а не ў розных міжраённых цэнтрах. Дзякуючы нашаму ўмяшанню ўдалося пазбегнуць неабдуманай аптымізацыі і людзі працягваюць атрымліваць медыцынскую дапамогу побач з домам.
А яшчэ да нядаўняга часу жыхары Баранавіцкага раёна былі вельмі занепакоены аказаннем медыцынскай дапамогі. Год таму ў рэгіёне не працавалі 10 ФАПаў з 31. У асноўным — з-за адсутнасці медыцынскіх кадраў. Сумесна са старшынёй Баранавіцкага райсавета і кіраўніком Баранавіцкай гарадской паліклінікай Nº 3 аптымізавалі работу ФАПаў і знайшлі неабходных супрацоўнікаў. Цяпер у Баранавіцкім раёне эфектыўна працуюць усе фельчарскія пункты.

На асаблівым кантролі знаходзілася і пытанне медыцынскага абслугоўвання навучэнцаў Навамышскага дзяржаўнага аграрнага каледжа, дзе доўгі час адсутнічала стаўка медработніка. Медыцынскую дапамогу навучэнцы атрымлівалі ў мясцовай амбулаторыі, што выклікала шэраг нязручнасцяў. Па дэпутацкім запыце ў галоўнае ўпраўленне па ахове здароўя Брэсцкага аблвыканкама, а таксама пры садзейнічанні мясцовых органаў улады з 3 лютага 2025 года ў каледжы аднавіў работу пункт аховы здароўя. Сіламі ўстановы адукацыі таксама быў праведзены рамонт кабінетаў, якія знаходзяцца ў памяшканні інтэрната.
Акрамя пытанняў арганізацыі медыцынскай дапамогі жыхароў акругі хвалююць стан дарог, жыллёвае заканадаўства, жыллёва-камунальная сфера... Практычна ўсе пытанні вырашаюцца адразу на месцы. Асобныя, якія патрабуюць комплекснага падыходу, бяруцца на дэпутацкі кантроль.
У маёй сельскай акрузе быў шэраг зваротаў па ўтрыманні сельскагаспадарчых жывёл на асабістых падсобных гаспадарках. Быў нават калектыўны зварот жыхароў Ляхавіцкага раёна — 120 подпісаў аб тым, што каровы і быкі ў аднаго гаспадара «жывуць сваім жыццём», без патрэбнага нагляду. У выніку жывёлы станавіліся прычынай ДТЗ, а два гады таму трагічна траўміравалі аднаго з жыхароў населенага пункта. Гэта сведчыць аб тым, што месца ўтрымання жывёл не абгароджанае, што не створаны неабходныя ўмовы для ўтрымання буйной рагатай жывёлы, і мясцовыя жыхары баяцца, што такія «безгаспадарныя» каровы могуць прывесці да сумных наступстваў. Такія звароты патрабуюць рашэння на ўзроўні заканадаўства, і мы сумесна з Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання разглядаем пытанне аб унясенні змяненняў у Закон «Аб асабістых падсобных гаспадарках».
У цэлым у маёй выбарчай акрузе невялікая колькасць зваротаў. Гэта сведчыць у першую чаргу аб добрым узроўні арганізацыі работы мясцовай улады. Традыцыйна на прыёмах грамадзян са мной прысутнічаюць старшыні райсаветаў. Яны добра ведаюць мясцовыя рэаліі, і іх удзел у прыёме дазваляе вырашыць шэраг пытанняў адразу на месцы. Усяго за 2025 год мной арганізавана 34 прыёмы грамадзян, было прынята 68 чалавек, праведзена 124 сустрэчы з выбаршчыкамі.
— Работа ў акрузе — гэта ж не толькі прыёмы грамадзян і прамыя тэлефонныя лініі?
— Безумоўна, наша работа не абмяжоўваецца аднымі толькі прыёмамі грамадзян і тэлефоннымі лініямі. Падчас работы ў акрузе праводжу сустрэчы з працоўнымі калектывамі, актыўна ўзаемадзейнічаю з моладдзю. Разам з членамі Маладзёжнага савета пры Палаце прадстаўнікоў мы наведваем розныя прадпрыемствы, установы адукацыі. У рамках унікальнага праекта ад дэпутатаў Брэсцкай вобласці «Партнёрства пакаленняў» мы наведвалі шэраг устаноў Лунінецкага і Баранавіцкага раёнаў.
Падчас сустрэч з моладдзю і калектывамі выступаем з самай актуальнай і дакладнай інфармацыяй. Нядаўна з супрацоўнікамі Ляхавіцкага філіяла «Белтэлекама» і жыхарамі вёскі Вялікія Круговічы, напрыклад, абмяркоўвалі пытанні кібербяспекі. На наступных сустрэчах у акрузе будзем расказваць пра вынікі другога пасяджэння VII Усебеларускага народнага сходу, даводзіць да выбаршчыкаў сэнс Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2026–2030 гады.

Напярэдадні Дня інвалідаў у гандлёвым цэнтры «Сталіца» сумесна з калегамі-дэпутатамі прыняў удзел ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця II Рэспубліканскай выставы-кірмашу творчых вырабаў «Тварэнні сэрцаў», створаных людзьмі з інваліднасцю ва ўстановах сацыяльнага абслугоўвання. Больш за 200 майстроў з інваліднасцю з 72 рэгіёнаў прадставілі свае работы, выкананыя ў розных тэхніках.
А ў панядзелак па запрашэнні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па працы і сацыяльных пытаннях выхаванцы Рэспубліканскага рэабілітацыйнага цэнтра для дзяцей-інвалідаў разам з бацькамі і супрацоўнікамі ўстановы наведалі Палату прадстаўнікоў. Маладыя людзі азнаёміліся з займальнай гісторыяй беларускага парламентарызму. Мерапрыемства дазволіла юнакам і дзяўчатам паглыбіцца ў тое, як прымаюцца законы, даведацца пра багатую гістарычную спадчыну Радзімы і адчуць важнасць кожнага нашага рашэння.
— На мінулым тыдні ў палатах парламента і рэгіёнах абмяркоўвалі праект Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на будучую пяцігодку. На вашу думку, у гэтым найважнейшым дакуменце ўсё ўлічана?
— У праекце Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на будучую пяцігодку вызначаны 7 асноўных прыярытэтаў. Найбольш блізкія для мяне першыя два: дэмаграфічная бяспека і развіццё чалавечага патэнцыялу. За іх рэалізацыю адказваюць Міністэрства аховы здароўя і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.
Упершыню праект праграмы разам з першым намеснікам міністра эканомікі мы абмяркоўвалі яшчэ 2 кастрычніка ў Палаце прадстаўнікоў. З таго часу ў праект праграмы паступіла вялікая колькасць змяненняў. На мой погляд, цяпер праграма стала больш зразумелай і кампактнай. Пад кіраўніцтвам старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па працы і сацыяльных пытаннях Ірыны Касцевіч мы прапрацоўвалі першыя два прыярытэты. Яны былі намі перапрацаваны разам з рэгулятарам — Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны.
Цяпер у праграме прапісаны выразныя мэты, якія павінны быць выкананы. Калі казаць пра дэмаграфічную бяспеку, тут тры асноўныя мэты — зніжэнне смяротнасці да 11,5 праміле, павышэнне нараджальнасці не менш за 7 праміле і дасягненне чаканай працягласці жыцця да 76,5 года. Надзея на іх рэалізацыю сапраўды ёсць, хоць дэмаграфічныя працэсы вельмі складаныя ў кіраванні. Яны залежаць ад шматлікіх фактараў. Але калі грамадства будзе цалкам разумець пастаўленыя перад ім задачы, ёсць цвёрдая ўпэўненасць, што яны будуць выкананы.
Важна і тое, што праграма ўяўляе неабходнасць ставіць задачу аб прыцягненні маладых людзей у дзяржкіраванне, і не менш за 15 % вакансій або пасад павінна быць занята маладымі людзьмі да 31 года. А гэта вельмі важна.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ.
Фота з архіва Георгія ХЛЯБОВІЧА.