Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар СЕРГЯЕНКА, які разам з дэпутатамі Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях наведаў рэабілітацыйны цэнтр, адзначыў асаблівую атмасферу, якая пануе тут. «Ёсць унікальная матэрыяльна-тэхнічная, лячэбная, педагагічная базы. Новыя тэхналогіі, што дазваляюць вучыць, ставіць на ногі, развівацца. Тут працуюць неабыякавыя людзі, якія любяць сваю прафесію, — адзначыў спікер Палаты прадстаўнікоў. — Тое, што я сёння пачуў, размаўляючы і з бацькамі, і з работнікамі, — жаданне ствараць найлепшыя ўмовы для дзяцей, рабіць усё, каб паставіць іх на крыло, падтрымаць у цяжкую хвіліну».

У нашай краіне ёсць кім і чым ганарыцца, адзначыў Ігар Сергяенка. Створаныя ў Беларусі ўмовы даюць роўныя магчымасці для рэалізацыі эканамічных, сацыяльных, прафесійных і іншых правоў абсалютна кожнага чалавека. «Сіла дзяржавы вымяраецца не толькі станам эканомікі і яе паказчыкамі. Сіла дзяржавы і ў тым клопаце, які наша краіна праяўляе да ўсіх нашых грамадзян. Да ўсіх без выключэння. Ад дзіцяці да пенсіянера. І ў такіх цэнтрах бачыш, наколькі рэальны гэты клопат», — сказаў Старшыня Палаты прадстаўнікоў.
З 2023 года ў Беларусі дзейнічае Закон «Аб правах інвалідаў і іх сацыяльнай інтэграцыі». Гэта тая аснова, дзякуючы якой рэалізуюцца ўсе праграмы ў краіне, у тым ліку і пытанні функцыянавання гэтага цэнтра, пытанні аказання матэрыяльнай дапамогі, лячэння, розных працэдур.
6 % насельніцтва ў Беларусі — людзі з інваліднасцю. Такія лічбы прывяла старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па працы і сацыяльных пытаннях Ірына КАСЦЕВІЧ. «У 2016 годзе Рэспубліка Беларусь ратыфікавала Канвенцыю па правах інвалідаў, тым самым мы вызначылі, што будзем паслядоўна рухацца па выкананні міжнародных стандартаў у галіне правоў гэтай катэгорыі грамадзян. І сапраўды, дзяржава зрабіла вялікія крокі за гэты адрэзак часу. Сёння на працягу ўсяго жыццёвага шляху людзей з інваліднасцю выбудавана падтрымка з боку дзяржавы. Яна зацікаўлена ствараць умовы людзям з абмежаванымі магчымасцямі», — падкрэсліла парламентарый.

За 25 гадоў функцыянавання цэнтра звыш 30 тысяч дзяцей атрымалі тут неабходную дапамогу, адзначыла дырэктар установы Людміла КАНДРАШОВА. «Жыццё гэтых дзяцей асаблівае. Яны — зорачкі. Думаю, мы іх хутка ўбачым і на міжнародным Алімпе, таму што нашы дзеці — і таленавітыя спевакі, і юрысты, і псіхолагі, і педагогі. У цэнтры выдатна выбудаваная сістэма прафарыентацыйнай работы, — заўважыла дырэктар. — Яшчэ адна яго асаблівасць у тым, што тут заўсёды пануюць дабрыня і любоў».
Гаворачы аб дасягненнях, Людміла Мікалаеўна адзначыла магчымасць дыстанцыйнай рэабілітацыі пацыентаў і комплексны падыход да справы. Па яе словах, каманда спецыялістаў цэнтра настроена на вынік. Адзначыла дырэктар і падтрымку з боку суайчыннікаў. «Дзе б ты ні папрасіў аб дапамозе або звярнуўся з пытаннем — табе заўсёды дапамогуць. Гэта адметнасць беларусаў».
Анастасія ПАЛЯКОВА прыязджае на рэабілітацыю з Гомеля. «Я тут ужо сёмы раз, — падзялілася дзяўчынка. — Вельмі спадабалася, таму прыязджаю на заняткі. Мне не хапала раней некаторых навыкаў, якія тут удалося набыць. Напрыклад, навучылася ствараць вырабы, шыць, валяць». Акрамя таго, Насця — таленавітая мастачка. Яе работы адзначаюць як у нацыянальных, так і ў міжнародных конкурсах.
Яна ВАЛАСАЧ, фота аўтара.