Top.Mail.Ru

Снежаньскае пасяджэнне УНС засяродзіцца на арыенцірах сацыяльна-эканамічнай палітыкі Беларусі на найбліжэйшыя гады

Напярэдадні другога пасяджэння VII Усебеларускага народнага сходу, якое пройдзе ў Мінску 18-19 снежня для абмеркавання стратэгічных кірункаў развіцця краіны, самы час узгадаць сутнасць і значнасць будучых рашэнняў і сходу ўвогуле. Што і зрабілі эксперты падчас круглага стала ў прэс-цэнтры Дома прэсы. 


Падмурак стабільнасці

За гады свайго існавання УНС, унікальны вопыт беларускай дэмакратыі, даказаў сваю жыццяздольнасць, эвалюцыянаваўшы ад інструмента вырашэння вострага канстытуцыйнага крызісу да пастаянна дзеючага інстытута народнага прадстаўніцтва. У наш час чарговаму пасяджэнню УНС папярэднічае маштабны агульнанацыянальны дыялог, падчас якога на сотнях пляцовак абмяркоўваюцца ключавыя пытанні развіцця грамадства і дзяржавы. І таму можна з упэўненасцю сцвярджаць: распрацоўка і рэалізацыя найважнейшых кірункаў дзяржаўнай палітыкі праходзіць пры ўдзеле шырокіх слаёў насельніцтва.

Паводле абноўленай Канстытуцыі, Усебеларускі народны сход мае статус найвышэйшага органа народаўладдзя, а рашэнні, якія на ім прымаюцца, — замацаваную сілу. Гэта значыць, як падкрэсліў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў, доктар гістарычных навук Вячаслаў ДАНІЛОВІЧ, Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2026—2030-я гады, праект якой будзе прапанаваны да разгляду дэлегатам Усебеларускага народнага сходу, будзе абавязковай для ўсіх структур. Дарэчы, адзін з асноўных дакументаў на наступную пяцігодку не проста так прымаецца менавіта ў канцы года. Будуць падведзены вынікі таго, што было дасягнута за папярэдняе пяцігоддзе развіцця, і вызначаны ключавыя арыенціры на будучыню.

Працаваць на стварэнне 

Першыя гады пасля набыцця Беларуссю незалежнасці сталі часам суровых выпрабаванняў. Эканамічны хаос, палітычныя авантуры і сацыяльная бязладзіца скаланалі маладую дзяржаву. Каб пазбегнуць паўтарэння гісторыі, на варце бяспекі краіны стаяць сілавыя ведамствы. А ўмацаванне абараназдольнасці дзяржавы з’яўляецца адным з прыярытэтаў на наступную пяцігодку. Забеспячэннем матэрыяльна-тэхнічнай базы актыўна займаецца і навуковая сфера, развіццю якой таксама будзе ўдзелена асаблівая ўвага. «Фактычна, і ў нашым гімне зафіксавана: „Мы, беларусы — мірныя людзі“, — зазначыў Вячаслаў Даніловіч. — Але старажытная мудрасць вучыць: хочаш міру, рыхтуйся да вайны. Наша абараназдольнасць павінна быць на ўзроўні».

Не застанецца ўбаку і адукацыя: «Можна дасягнуць вялікіх поспехаў у эканоміцы, але ўпусціць пытанні выхавання. І тады гэтыя грошы будуць працаваць не на стварэнне, а на разбурэнне. Так бывала ў многіх дзяржавах. Такія перадумовы ў пэўнай ступені былі і ў нашай рэспубліцы. Але мы з гэтым справіліся, правялі работу над памылкамі. Сёння патрыятычнае выхаванне насельніцтва, работа з моладдзю — гэта адзін з нашых прыярытэтаў», — адзначыў член Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Сяргей КЛІШЭВІЧ. Таму і сярод асноўных задач — выяўленне і падтрымка рэалізацыі маладзёжных праектаў і ініцыятыў, павелічэнне прадстаўніцтва моладзі ў органах дзяржаўнага кіравання і самакіравання. 

Мэта такіх амбіцыйных планаў — максімальна выкарыстоўваць стваральны патэнцыял маладога пакалення. Паводле слоў Вячаслава Даніловіча, дзяржава плануе выдзеліць значную колькасць сродкаў у рамках Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на іх выкананне: «2,4 мільярда рублёў закладваецца на будаўніцтва аб’ектаў для сістэмы адукацыі. Запланавана пабудаваць 120 аб’ектаў, у тым ліку 27 школ, 8 каледжаў і вучылішчаў, 22 дзіцячыя садкі».

Галоўнае — гэта людзі

Усяго праект праграмы (дакумент «жывы», у яго ўносілася шмат карэкціровак), вынесены на абмеркаванне, сфакусіраваны на сямі прыярытэтах. Але чырвонай ніткай скрозь іх праходзіць: галоўнае багацце Беларусі — гэта людзі. На гэтым засяродзіў увагу Вячаслаў Даніловіч: «Важна, каб краіна развівалася раўнамерна. Каб кожны чалавек, у тым ліку і ў рэгіёне, меў магчымасць для эфектыўнай работы з дастойнай аплатай». 

Але ў той жа час кожны грамадзянін павінен разумець сваю ролю ў рэалізацыі плана Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця, падкрэслілі ўдзельнікі круглага стала. Бо, хоць дакумент і прымаецца на найбліжэйшую пяцігодку, насамрэч ён закране ўсе кірункі развіцця дзяржавы на некалькі дзесяцігоддзяў. А значыць — і будучыню кожнага з нас. 
Аміна НАЗАРАВА.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю