Top.Mail.Ru
0

Наш дарагі

02.12.2025 | 10:07

...Той дзень у памяці да сёння. Мне 15. За вёскай, на невялічкім узгорку, які павольна спускаецца да рэчкі, — паша для кароў. Пад’еўшы і прытаміўшыся, яны паляглі. Значыць, пастушкам можна пачытаць?


У мяне з сабой — «Каласы пад сярпом тваім». Адгортваю першую старонку і...

Перад вачыма — стромкі бераг Дняпра, груша, якая цвіце апошні год. І разам з імі — давер да аўтара, да рамана, неадольная цікавасць да жыцця герояў...

Колькі кніг прачытала за тое лета (як і пазней, за далейшае жыццё), не скажу. На жаль, няшмат, бо зацягвала, адбірала і час, і сілы руцінная сялянская праца, без якой у тыя гады не ўявіць было вясковае жыццё. І ўсё ж «Каласы...» я перачытвала двойчы.

А потым у бібліятэцы мне прапанавалі вершы Караткевіча, і гэта стала яшчэ адным вялікім адкрыццём, бо таленавітыя людзі — праўду кажуць — таленавітыя ва ўсім: наш Уладзімір Сямёнавіч не толькі пісьменнік і паэт, ён драматург, сцэнарыст, перакладчык, ён пісаў нарысы, меў добры голас і акцёрскія здольнасці, маляваў...

У сваіх творах Караткевіч — гісторык, лірык, рамантык, фантаст, казачнік, фалькларыст...

Усяму свету ён адкрыў «Беларусь пад белымі крыламі», невялікую краіну з сапраўды гераічным мінулым, выдатнымі людзьмі, якія любілі сваю Бацькаўшчыну і яе народ, змагаліся за яго незалежнасць.

Сёлета, 26 лістапада, вялікаму творцу магло б споўніцца 95. Але пражыў ён усяго 54. Прадчуваннем хуткага зыходу яго вершы «Быў, ёсць, буду», «Радок бяззбройны і бясспрэчны» прасякнутыя верай у тое, што напісанае застанецца, што творы прачытаюць нашчадкі, што наша беларуская зямля некалі яшчэ народзіць такога паэта:

Свет шчодры.

Свет мяне паўторыць.

Ну, а не свет

дык Беларусь. —

Мне — досыць...

Трэба чытаць Караткевіча.

Таццяна НОВІК,

г. Клецк.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю