Сярод іх — пісьмы ўдзельніка вызвалення Беларусі Акіма Цімафеевіча Малецкага сваёй сям’і. Падчас наведвання бацькавай магілы ў 1980-х гадах яго дачка Ніна вырашыла, што менавіта ў нашай краіне, дзе знайшоў свой апошні прытулак бацька, павінны захоўвацца лісты, якія ён дасылаў з фронту. Так гэтая каштоўная рэліквія трапіла ў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
Нарадзіўся салдат Перамогі ў Башкірскай АССР. Да вайны атрымаў педагагічную і мастацкую адукацыю. Працаваў настаўнікам пачатковых класаў. Яго вучням пашанцавала: настаўнік творча падыходзіў да афармлення класаў — ствараў плакаты, самаробныя цацкі, іншыя ўпрыгажэнні. Выкладаў Акім Малецкі і дарослым у вячэрняй школе. У 1941 годзе гэтыя ўрокі набылі сваю спецыфіку: замест матэматыкі і літаратуры навучэнцы вячэрняй школы асвойвалі дапрызыўную падрыхтоўку.
Разам са сваёй жонкай Марыяй Трафімаўнай выхоўвалі дваіх дзяцей. Трэцяе нарадзілася, калі Акім Малецкі быў на фронце, куды яго прызвалі ў 1942-м. Да малодшага ў сваіх лістах, якія дасылаў з фронту, звяртаўся афіцыйна — Дзмітрый Акімавіч (пазнаёміцца ім так і не давялося). І для іншых членаў сям’і Акім Цімафеевіч не шкадаваў цёплых слоў:
«...Цалую сваіх мілых дзетак, Вовушку, Нінусю... А цябе, мая старушка-клапатушка, асабліва. Духам не падай, з маіх дурных пісьмаў не плач, а, наадварот, радуйся, я цяпер на самым дне чалавечых пакут, дзе ўтвараюцца крупінкі золата, а шлакі і ўсялякі брудны накіп зліваюцца вон».
Свае лісты Акім Малецкі афармляў творча: яго дзецям, якія, напэўна, яшчэ не ўмелі чытаць, было цікава атрымаць такое прывітанне з фронту.
«Ён ніколі не скардзіўся ў сваіх лістах, як яму цяжка, не хацеў трывожыць блізкіх, — расказвае навуковы супрацоўнік Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Ганна ЛУКАШЭВІЧ. — У фармаце казкі пісаў пра сябе, сваіх таварышаў. Так і называў свае лісты — казка аб салдаце Акіме».
Гэта быў вельмі моцны мужчына. Нават у такіх складаных умовах ён імкнуўся падтрымліваць не толькі ўласны маральны дух, але і сваіх родных, блізкіх.
«Гарачае прывітанне ўсім суседзям і ўсім добрым людзям, — паведамляў ён у адным са сваіх лістоў дадому. — Напішу я вам пасля вайны вясёлую кнігу...»
Аднак яго мара — выкласці, што ён бачыў і перажываў у гады Вялікай Айчыннай, — не збылася. Салдат Акім загінуў пры вызваленні Расонскага раёна Віцебскай вобласці ў 1944 годзе. Быў пахаваны каля вёскі Лісіцы. Пазней разам са многімі загінулымі яго перапахавалі ў мемарыяльным парку ў Расонах. Там побач з іншымі ўвекавечана і імя Акіма Малецкага.
Беларусь памятае сваіх герояў. Гэта пацвярджаюць і ўраджэнцы Башкартастана, якія падчас наведвання Белдзяржмузея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны знаёмяцца са сваім земляком.
Вераніка КАНЮТА.
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА.