Top.Mail.Ru

Як клапоцяцца зімой пра інвалідаў у сельскай мясцовасці

03.12.2025 | 11:00

З наступленнем устойлівых халадоў работы вяскоўцам, асабліва тым, ў каго няма цэнтралізаванага ацяплення і водазабеспячэння, дадаецца — прынесці дроў, падпаліць у печы, прынесці ваду з калодзежа па галалёдзіцы... А калі выпадзе снег, яшчэ і дарожкі расчышчаць давядзецца. Малады ды здаровы з такімі «практыкаваннямі» справіцца без праблем. А вось калі здароўя няма зусім, ды яшчэ і жывеш адзін, тут без старонняй дапамогі абысціся цяжка. Таму адзінокім інвалідам, якія жывуць у сельскай мясцовасці, увага зімой удзяляецца асаблівая. У тым ліку і мясцовай уладай, бо хто ж як не старэйшыны і работнікі сельсавета лепш за ўсіх ведаюць, каму патрэбен асаблівы клопат.


Нашы карэспандэнты тэму клопату аб вясковых інвалідах вывучалі на месцах.

Важная не толькі матэрыяльная дапамога

На тэрыторыі Мастоўскага сельскага Савета дэпутатаў Гродзенскай вобласці пражывае 17 адзінокіх інвалідаў. Кожны атрымлівае ўсю неабходную дапамогу і не застаецца без увагі. Ёсць планавыя мерапрыемствы, якія адбываюцца кожны год. Напрыклад, у вясновы і восеньскі час праходзяць агляды домаўладанняў. Усе зацікаўленыя структуры правяраюць па сваім профілі, ці прыдатны дом для пражывання. У першую чаргу важная бяспека.

— Правяраецца стан ацяпляльнай сістэмы, электрападводка, — расказвае старшыня сельсавета Людміла Рагацэвіч. — Калі ў хаце печка і яна мае патрэбу ў рамонце, то абавязкова дапамагаем ліквідаваць непаладкі. Але ўсе дамы даўно прыведзены ў парадак, таму з года ў год мерапрыемствы ў асноўным накіраваны на падтрыманне парадку і бяспекі. Гэта катэгорыя насельніцтва заўсёды пад наглядам, і кожнаму ўдзелена ўвага. Працуем цесна з тэрытарыяльным цэнтрам абслугоўвання насельніцтва. У нас добра ўсё наладжана, таму любое садзейнічанне аказваецца аператыўна. Напрыклад, калі патрэбна дапамога на прысядзібным участку, мы накіроўваем заяўку, і работнікі ўсё прыводзяць у парадак.

У зімовы час, вядома, аказваецца дапамога з падвозам дроў і брыкету. Акрамя таго, для гэтай катэгорыі насельніцтва прадастаўляецца скідка на паліва —50 %. Аказваецца гуманітарная дапамога, калі яна неабходна. Як адзначыла Людміла Рагацэвіч, у цэлым работа з інвалідамі ўжо даўно стала часткай штодзённых мерапрыемстваў. Да яе таксама прыцягваюцца валанцёры, у тым ліку і школьнікі, якія ніколі не адмаўляюць у дапамозе. Яны актыўна падключаюцца, і да іх можна звярнуцца, напрыклад, пачысціць снег.

— Вядома, прыцягваем да ўдзелу ў жыцці сельсавета і раёна ў цэлым. Бо важная не толькі матэрыяльная дапамога, але і ўключанасць у жыццё грамадства. Гэтая работа асабліва добра бачная на прыкладзе Мастоўскага сацыяльнага пансіяната «Прынямонне». Яго жыхары ўдзельнічаюць у спаборніцтвах па шашках і шахматах, займаюцца творчасцю. Дзейнасць арганізавана маштабная, і людзі з задавальненнем прымаюць у ёй удзел. Так, не адразу ўсё атрымалася, трэба было знайсці падыход. Напрыклад, жыхары пансіяната выступаюць у ролі вядучых, спяваюць, увогуле, вядуць актыўны лад жыцця. Што не менш важна, чым умовы пражывання.

Людміла Рагацэвіч падкрэсліла, што ў аснове працы ляжаць добрасардэчнасць і спагада. Сітуацыі ў жыцці людзей бываюць самыя розныя, таму важна ўвайсці ў становішча і не застацца абыякавымі. Гэтымі прынцыпамі карыстаецца як мая суразмоўніца, так і яе калегі.

Зручнае паліва па зручнай цане

Усе інваліды і людзі непрацаздольнага ўзросту на асаблівым кантролі, адзначае старшыня Сормаўскага сельсавета Чэрыкаўскага раёна Магілёўскай вобласці Алег Мішуроў. Тых жа пенсіянераў, напрыклад, на тэрыторыі сельсавета 154 чалавекі. Напярэдадні зімы ўсіх, хто мае патрэбу ва ўвазе з боку, наведалі, паглядзелі, ці спраўныя ў іх печкі, нагадалі, каб у ложку не курылі, групкі не пакідалі без нагляду. Дапамагалі ўсім, хто звяртаўся па дапамогу ў набыцці дроў.

Старшыня сельсавета расказвае, што сёлета дапамог пажылому інваліду аформіцца ў сацыяльны пансіянат у Клімавіцкім раёне:

— Калі наведваў старога, звярнуў увагу, што яму цяжка даглядаць і сябе, і хату. Прапанаваў мужчыне пераехаць ў дом састарэлых, і ён пагадзіўся. Раней яшчэ аднаго чалавека, якому складана было сябе абслугоўваць, аформілі ў пансіянат у Касцюковіцкім раёне.

— У нас тут ёсць прыватная піларама, просім яе ўладальнікаў рабіць зніжкі для пенсіянераў і інвалідаў, — расказвае старшыня сельсавета. — І яны ідуць насустрач. Абрэзкі ў іх можна набыць за паўцаны. Такімі дровамі нямоглым людзям прасцей карыстацца, з імі яны могуць справіцца і самі.

А дэпутаты Чэрыкаўскага райсавета сумесна з прадстаўнікамі грамадскага аб’яднання «Белая Русь» сёння наведваюць аддзяленне дзённага знаходжання раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. У якасці падарунка яны перадаюць установе пыласос і салодкія падарункі для наведвальнікаў.

— Гэта месца, дзе збіраюцца людзі з абмежаванымі магчымасцямі і разам займаюцца творчасцю, абменьваюцца меркаваннямі, — кажа старшыня Чэрыкаўскага раённага Савета дэпутатаў Сяргей Нямкевіч. — Клапоцімся, каб ім было камфортна і ўтульна, прыслухоўваемся да іх пажаданняў. Летась, напрыклад, падарылі аддзяленню хлебапечку, там збіраліся вучыцца хлеб пячы.

— У раёне інваліды і людзі сталага веку знаходзяцца ў зоне пастаяннай ўвагі, — гаворыць старшыня райсавета, — іх наведваюць на даму, дапамагаюць вырашаць бытавыя пытанні. Усюды працуюць аглядныя камісіі, у склад якіх уваходзяць і дэпутаты. Глядзім, каб у дамах гэтых людзей быў парадак і з праводкай, і з пажарнымі апавяшчальнікамі, і з печамі. Усе старшыні сельсаветаў уваходзяць у аглядныя камісіі і ведаюць, у якіх умовах жыве гэта катэгорыя насельніцтва, у чым мае патрэбу.

Школьнікаў чакаюць асабліва

Часта якасць жыцця пажылых людзей з інваліднасцю залежыць не толькі ад паслуг і бытавых умоў. Важна — калі ёсць той, хто зойдзе, пацікавіцца здароўем, скажа некалькі добрых слоў. Там, дзе чалавека не пакідаюць сам-насам, старасць ды немач і пераносіць лягчэй. У Кочышчах Ельскага раёна такое простае чалавечае разуменне — штодзённае правіла, якім кіруюцца ўсе жыхары аграгарадка.

«Хоць курачку, хоць гусачку, коціка ці сабачку трымаць, але каб чымсьці быць карысным, рухацца...». Так агульны настрой сваіх мясцовых пажылых інвалідаў перадае старшыня Качашчанскага сельвыканкама Ельскага раёна Наталля Сіманьян.

У цэнтральным населеным пункце іх сельсавета — аграгарадку Кочышчы, на жаль, значная колькасць пенсіянераў маюць 1 і 2 групы інваліднасці. Але жыццёвага аптымізму гэтыя вяскоўцы не губляюць.


У побыце некаторыя нават нямоглыя састарэлыя, зазначае Наталля Уладзіміраўна, спраўляюцца, абслугоўваюць сябе самастойна. У многіх — вялікія дружныя сем’і: дзеці, унукі даглядаюць сваіх старых з абмежаванымі магчымасцямі.

У цэлым жа мясцовыя пенсіянеры ўразлівай катэгорыі — і тыя, хто толькі пражывае самастойна, і зусім адзінокія — карыстаюцца паслугамі работнікаў сацыяльнай службы.


— Да сваіх адрасатаў — нашых састарэлых-інвалідаў, якія карыстаюцца такой паслугай, сацработнікі прыходзяць тры разы на тыдзень. Ёсць у нас мужчына — інвалід па зроку, ён забяспечаны надомным памочнікам, — тлумачыць старшыня сельвыканкама. — Акрамя таго, нам вельмі пашчасціла. На нашай тэрыторыі самы лепшы ў Ельскім раёне ФАП, ён занесены на раённую Дошку Гонару. Яго загадчыца Вікторыя Бараноўская не толькі вопытны медработнік, але і чалавек з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, член Маладзёжнага Савета пры Ельскім райсавеце дэпутатаў. Яна, акрамя таго, што вядзе прыём, штотыдзень наведвае на даму нашых пенсіянераў-інвалідаў, спраўляецца аб іх стане здароўя, а калі ёсць патрэба — выпісвае лекі. На ФАПе знаходзіцца аптэкарскі пункт, так што праблем з лекамі няма, — расказвае Наталля Сіманьян.

Гэтаму аграгарадку, сапраўды, пашчасціла: амаль ва ўсіх гаспадароў праведзены вада і газ. Таму клопату з ацяпленнем, гарачым водазабеспячэннем у вяскоўцаў няма. Што, безумоўна, вельмі важна і для пажылых з інваліднасцю.

— Людзі ў нас спагадлівыя, але часта ім патрэбна не штосьці матэрыяльнае, дапамога якая, а проста добрае слова і вельмі важная ўвага! Заўжды чакаюць у госці, — дадае Наталля Уладзіміраўна.

Дарэчы, частыя госці ў мясцовых старых і вучні Качашчанскай сярэдняй школы. Ва ўстанове створаны аб’яднанні па інтарэсах, і іх удзельнікі з задавальненнем прыходзяць на дапамогу бабулям і дзядзулям. Асабліва гэта адчувальна зімой, калі неабходна расчысціць снег у двары. Але не толькі. Увосень дапамагаюць убіраць агародніну, падрыхтаваць участкі да халадоў. Школьнікі таксама дзеляцца, што вельмі кранае, як састарэлыя людзі з інваліднасцю іх прымаюць: расказваюць пра сваё жыццё, вельмі рады проста пагаварыць па душах.


Нэлі ЗІГУЛЯ, Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ, Наталля КАПРЫЛЕНКА.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю