Свята ўсё актыўней урываецца ў наша жыццё. Услед за ўпрыгожанымі на розны лад гандлёвымі цэнтрамі навагодні настрой стварылі і на Камароўцы — у першы аўторак зімы калядны кірмаш адкрыўся на галоўным сталічным рынку. На радах — ёлачныя цацкі, гірлянды, мішура і сувеніры — выбірайце на свой густ і кашалёк. Да галоўных зімовых свят яшчэ амаль месяц — ёсць час прыгледзецца і падабраць усё неабходнае. Журналісты «Звязды» пабылі і прыцанілася.

Адно з галоўных ёлачных упрыгожанняў — гірлянда. Менавіта яна стварае аснову для далейшага дэкору навагодняй прыгажуні, а галоўнае — надае ёлцы святочнае ззянне, а нам — той адмысловы настрой, які акунае ў атмасферу бесклапотнага дзяцінства. Гірляндамі сёння ўпрыгожваюць і вокны, і пакоі, і двары прыватных дамоў, што вельмі дарэчы ў зімовы час, які не радуе сонцам. Ну, а на Камароўцы менавіта гірлянды ўздоўж гандлёвых радоў і дэманструюць тавар лепшым бокам, і прыцягваюць пакупнікоў.
— Самыя розныя гірлянды карыстаюцца попытам. Гэта залежыць ад густу і выбару чалавека, тут усё індывідуальна. Людзі ва ўзросце звычайна просяць больш простую, каб яна была нескладаная ў выкарыстанні, хтосьці хоча «Расу», бо гэта стыльна і модна, нехта набывае «разумную» гірлянду, якой можна кіраваць з тэлефона, — расказвае адзін з прадаўцоў Міхаіл.
Цэны на адно з галоўных ёлачных упрыгожанняў цалкам дэмакратычныя — самыя простыя гірлянды каштуюць ад пяці рублёў. Святлодыёдная гірлянда «Раса», якая працуе ў двух рэжымах свячэння (пастаянны і мірганне) — ад 10 рублёў. Самыя дарагія — па 20–25 рублёў. Гэта будзе шматкаляровая кіраваная святлодыёдная гірлянда каля 10 метраў даўжынёй. Яе, дарэчы, можна падключыць да «разумнага» дома і карыстацца з мінімумам намаганняў: сказалі «Аліса, уключы гірлянду» — і яна працуе ў патрэбным святле і рэжыме.

У першы дзень работы каляднага кірмашу на Камароўцы прадаўцы яшчэ прымяраюцца, як прыгожа аформіць вітрыны, якія на працягу найбліжэйшага месяца стануць бадай галоўнай лакацыяй прыцягнення сезоннага рынку. Аднак найбольш хадавы тавар ужо на самых бачных месцах. Галіна Аляксандраўна гандлюе навагоднімі цацкамі ўжо звыш дзесяці гадоў. Дзеліцца, што апошнім часам вяртаецца мода на якасныя, грунтоўныя, зробленыя са шкла. Зрэшты, у яе цяпер амаль увесь такі асартымент. Вырабы з пластыку занялі сваё сціплае месца ўбаку.
— Змянілася стаўленне да вырабаў са шкла, асабліва ў маладых людзей і сем’яў, што вельмі радуе. Многія нават калекцыяніруюць цацкі са шкла. А пажылыя як раней набывалі шкло, так і працягваюць, — кажа прадавец.
Цацкі са шкла каштуюць у сярэднім ад 7 да 10 рублёў — гэта 10-сантыметровыя дзяды марозы, снегавікі, ёжыкі, шары са снегірамі і ёлкамі. Упрыгажэнні з пластыку значна таннейшыя. Напрыклад, невялікія шары каштуюць ад 80 капеек да трох рублёў.
— Працуем з расійскай фабрыкай, і цэны ў мяне самыя дэмакратычныя. Нават турысты набывалі цацкі і казалі, што танней са шкла не бачылі, — расказвае Галіна Аляксандраўна чарговай пакупніцы, якая пакуль сумняваецца, ці патрэбны ёй новыя ёлачныя упрыгажэнні, хоць яны і вельмі спадабаліся.
Алег гандлюе і цацкамі, і гірляндамі, і сувенірамі. Аднак кажа, што найбольшай папулярнасцю карыстаецца тое, што індывідуальна, арыгінальна і сустракаецца ў адзінкавых экзэмплярах — так званы хэндмэйд. Напрыклад, навагоднія вяночкі, вырабленыя на натуральнай аснове — вінаграднай лазе. Прадавец іх робіць сам — калі ёсць настрой і час. Цэны таксама дэмакратычныя — 20–30 рублёў.

Пік продажаў надыходзіць за два тыдні да Новага года, бо дзесьці за тыдзень да свята многія пачынаюць упрыгожваць ёлкі і кватэры. Пакуль жа пакупнікі прыцэньваюцца, параўноўваць цэны на рынках, у магазінах і на маркетплэйсах.
— Набываюць на маркетплэйсе, потым прыходзяць да нас — не тое адценне, не тая гірлянда ці ўвогуле гірлянда прыходзіць без провада, які падключаецца да сеткі. У нас можна ўсё паглядзець, паспрабаваць падключыць, памацаць. Калі гірлянда акажацца няспраўнай — мы без праблем мяняем, — расказвае Міхаіл, да якога вяртаемся, каб, магчыма, прыгледзець гірлянду сабе.
Шмат гадоў таму Міхаіл працаваў на рынку з зусім іншым таварам. Аднойчы паспрабаваў прадаваць навагодні асартымент — і так спадабалася, што ўжо больш за 15 гадоў ён і сабе, і сваім пакупнікам дорыць станоўчыя эмоцыі. Так і кажа: прыйшоў не дзеля грошай, а па настрой.
— Падымаем людзям настрой, каб яны не забываліся за штодзённымі клопатамі радавацца жыццю. Усе мы штогод набываем цацкі, гірлянды, бо свята хочацца зрабіць і сабе, і дзеткам. А яно пачынаецца менавіта з прыемных клопатаў па ўпрыгожванні ёлкі, — упэўнены прадавец.
Не будзем з гэтым спрачацца, бо нішто так не сагравае ў кароткія і пахмурныя зімовыя дні, як цёплы сямейны рытуал упрыгожвання галоўнага сімвала Новага года.
Алена КРАВЕЦ
Фота Лізаветы ГОЛАД