Развівацца дазваляецца
У каледжы рэалізоўваюцца адукацыйныя праграмы прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай, дадатковай адукацыі дарослых. Інтэграцыя практыкі і тэорыі ажыццяўляецца на ўсіх этапах навучання. Аб гэтым расказала намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Вікторыя АЛЯБ’ЕВА: «Мы ажыццяўляем падрыхтоўку кваліфікаваных кадраў для галіны машынабудавання на двух узроўнях адукацыі: сярэднім спецыяльным і прафесійна-тэхнічным. На ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі маладыя людзі могуць атрымаць такія кваліфікацыі, як „Тэхнік-мехатронік“, „Аперацыйны лагіст“, „Тэхнік-метролаг“, „Аўтамеханік“, „Наладчык станкоў і маніпулятараў з праграмным кіраваннем“. Што датычыцца ўзроўню прафесійна-тэхнічнай адукацыі, можна атрымаць кваліфікацыі: „Слесар механазборачных работ / слесар па рамонце аўтамабіляў“, а таксама „Фрэзероўшчык альбо токар / аператар станкоў з праграмным кіраваннем“. Ажыццяўляецца набор і на мэтавую падрыхтоўку. Таксама прапаноўваем праграмы дадатковай адукацыі для дарослых».

Для ўдасканалення вучэбнага працэсу каледж цесна супрацоўнічае з прадпрыемствамі, дзе навучэнцы праходзяць практыку. Кіраўнікі практыкі ў арганізацыях даюць зваротную сувязь, рэкамендацыі, таму змест навучання адпавядае патрэбам сучаснай вытворчасці.
«Асабліва радуе тое, што ў каледжы захоўваецца пераемнасць пакаленняў, — заўважыў намеснік дырэктара па вытворчым навучанні Аляксей МАСЛАН. — Выпускнікі мінулых гадоў, якія ўжо сталі бацькамі, давяраюць сваіх дзяцей каледжу, таму што машынабудаванне — перспектыўны кірунак. Базавыя прадпрыемствы, з якімі мы супрацоўнічаем, — такія гіганты айчыннай прамысловасці, як Мінскі трактарны завод, Мінскі завод колавых цягачоў і іншыя. Яны не толькі забяспечваюць месцы для практыкі навучэнцаў, але і ўдзельнічаюць у матэрыяльна-тэхнічным абнаўленні каледжа. Напрыклад, Мінскі завод шасцерняў перадаў нам металаапрацоўчы станок, які цяпер выкарыстоўваецца ў каледжы для навучальных мэт».
Акрамя вучэбнай дзейнасці, дзяўчаты і хлопцы таксама актыўна наведваюць аб’яднанні па інтарэсах: «WEBLAB», «Інжынеры будычыні» «Вандроўкі», «Патрыёт», «Лагістыка 360°», студыю форум-тэатра «Маяк». «Па выніках анкет і водгукаў удзельнікаў аб’яднанняў можна зрабіць выснову, што многія паглыбляюць веды ў галіне сваёй прафесіі, знаходзяць у гуртках сяброў, пашыраюць кола сацыяльных кантактаў, кругагляд і эрудыцыю. Прымаюць удзел студэнты таксама ў спартыўных і культурных мерапрыемствах», — расказала намеснік дырэктара.

Добры старт для далейшых перамог
Навучэнка 4 курса Дар’я ВАЛЕВІЧ ведала шмат пра вучобу ў каледжы яшчэ да паступлення — тут жа атрымлівалі адукацыю брат і бацька дзяўчыны. «Вучуся на спецыяльнасці „Эксплуатацыя мехатронных сістэм прамысловага абсталявання“, — падзялілася яна. — Дадаткова яшчэ валодаю навыкамі ў метралогіі, нават удзельнічала ў 2024 годзе ў конкурсе „Кубак губернатара Санкт-Пецярбурга“, дзе заняла трэцяе прызавое месца. Працавала я за кругламерам, на відэавымяральнай машыне. Навучыцца за кароткі прамежак часу рабоце з кантрольна-вымяральнымі прыборамі было няпроста, але вельмі карысна». Пасля вучобы ў каледжы дзяўчына плануе прыступіць да адпрацоўкі, паралельна атрымліваючы вышэйшую адукацыю завочна. «Для мяне не існуе падзелу паміж мужчынскай і жаночай прафесіямі. Мне падабаецца кіраваць складаным абсталяваннем і разумець важнасць майго ўдзелу ў выпуску якаснай прадукцыі».

Навучэнец 4 курса спецыяльнасці «Эксплуатацыя і наладка аўтаматызаванага абсталявання машынабудаўнічай вытворчасці» Кірыл СУХАДОЛЬСКІ — пераможца VІ Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства «ProfSkіlls Belarus 2025» у кампетэнцыі «Такарныя работы на станках з ПК». «Рыхтавацца да гэтай перамогі я пачаў яшчэ з другога курса. Перад намі стаяла задача вырабіць дэталь на час з пэўнымі параметрамі і дакладнасцю, — дадаў юнак. — Вучыцца ў каледжы мне падабаецца. Тут шмат увагі ўдзяляюць практычным заняткам, а гэта заўсёды цікава. Аснашчэнне навучальных лабараторый у нашым каледжы —адно з найлепшых у краіне, таму вучоба тут, на мой погляд, — добры старт для далейшых прафесійных перамог».


Майстар вытворчага навучання Мацвей КУРНОСАЎ сам вучыўся ў гэтай установе адукацыі. Хацелася паспрабаваць сябе ў ролі педагога, таму ён і распачаў сваю прафесійную кар’еру ўжо ў родным каледжы. «Некаторыя мяркуюць, што калі розніца ва ўзросце паміж выкладчыкам і навучэнцам невялікая, значыць, моладзь не ўспрымае заняткі сур’ёзна, — падзяліўся Мацвей. — Гэта няпраўда. Строга захоўваецца субардынацыя, бо без яе толку не будзе. Майстры вытворчага навучання адказваюць за практыку. Гэта значыць, спачатку маладыя людзі навучаюцца ў нас асноўным прыёмам работы з інструментам, станком, абсталяваннем, а потым адпраўляюцца на заводы практыкавацца. Дарэчы, увесь гэты час мы іх курыруем, правяраем, каб усё задавальняла, умовы былі арганізаваны належным чынам».

Дарэчы, 27 лістапада Мацвей і Кірыл адправіліся ў Санкт-Пецярбург, каб прадставіць нашу краіну на чэмпіянаце па прафмайстэрстве «Прафесіяналы-2025». У ім больш за 700 удзельнікаў з рэгіёнаў Расіі і дружалюбных краін дэманструюць майстэрства ў ключавых для эканомікі кампетэнцыях: ад адукацыі да інжынерных тэхналогій.
Кіраўнік міжнароднага сертыфікаванага вучэбнага цэнтра FESTO (FACT) па тэхналогіях «Індустрыя 4.0» і мехатроніцы Павел СІНІЦА выкладае ў каледжы сучасных тэхналогій у машынабудаванні і аўтасэрвісе больш за 11 гадоў. Ён таксама з’яўляецца галоўным экспертам Рэспублікі Беларусь у конкурсах прафесійнага майстэрства па кампетэнцыі «Мехатроніка». «Паколькі ProfSkіlls Belarus праводзіцца для павышэння статусу і якасці прафесійнай адукацыі, удасканалення сістэмы прафарыентацыі моладзі і павышэння прэстыжу рабочых прафесій, задача эксперта — выбраць для конкурсу такія заданні, абсталяванне і іншыя дэталі, поспех у якіх патрэбны рэальнаму сектару вытворчасці. Намі выпрацоўваюцца такія стандарты, якія ў наступным спатрэбяцца спецыялістам пры працаўладкаванні», — расказаў Павел Віктаравіч.
Матываваных навучэнцаў дастаткова, падкрэсліў выкладчык. «І дзякуюць, і цікавяцца прадметамі, і наведваюць аб’яднанне па інтарэсах, якое я курырую. Мы распрацоўваем розныя праекты. Калі ініцыятыва зыходзіць ад студэнта, мною гэта заахвочваецца. Удзельнічаем у конкурсах, такіх як „Мінская змена“, „100 ідэй для Беларусі“ і многіх іншых», — рэзюмаваў ён.

Дарэчы
Патрабуюцца слесары, зваршчыкі, інжынеры...
Якія кадры ў найбліжэйшыя пяць гадоў будуць запатрабаваны эканомікай, расказалі ў прэс-службе Міністэрства працы і сацыяльнай абароны
У сферы апрацоўчай прамысловасці, якая з’яўляецца асновай рэальнага сектара, неабходнасць у станочніках і наладчыках, слесарах-зборшчыках, электрамеханіках, электраманцёрах і вадзіцелях. Попыт ссоўваецца з работнікаў фізічнай працы на кваліфікаваных рабочых, здольных працаваць на складаным абсталяванні і абслугоўваць яго, пераважна з сярэдняй спецыяльнай або прафесійна-тэхнічнай адукацыяй.
У сферы будаўніцтва будуць запатрабаваны бетоншчыкі, муляры, зваршчыкі і электрамантажнікі. Запыт на развіццё інфраструктуры — як сацыяльнай, так і эканамічнай — вызначае доўгатэрміновы попыт у гэтай галіне. Гэта датычыцца не толькі жылля, але і дарог, аб’ектаў сацыяльнага прызначэння і лагістычных хабаў.
У сферы ІT патрабуецца наяўнасць распрацоўшчыкаў ПЗ, праграмістаў, спецыялістаў па вэб-парталах і тэхнічнай падтрымцы. Сёння ІT-спецыялісты неабходны не толькі ў ІT-кампаніях, але і ў традыцыйных галінах.
У ахове здароўя найбольш запатрабаванымі будуць спецыялісты па доглядзе і ўрачы розных профіляў. Рост долі пажылых людзей стварае стабільны попыт на спецыялістаў па доглядзе.
У рознічным гандлі і грамадскім харчаванні захоўваецца неабходнасць у прадаўцах, касірах і кухарах.
Сфера адукацыі мае патрэбу ў настаўніках і выхавацелях, бо без якаснай адукацыі немагчыма падрыхтаваць кадры для ўсіх вышэйпералічаных галін.
Гаворачы аб тэхналагічным развіцці, у ведамстве адзначылі патрэбу ў інжынерах (тэхналагічных працэсаў, кантролю якасці, прамысловага і грамадзянскага будаўніцтва, механікаў). Эканоміцы неабходны кадры, якія забяспечваюць не толькі штодзённае функцыянаванне, але і тэхналагічны прарыў, інфраструктурнае развіццё і стварэнне новых прадуктаў.

Яна ВАЛАСАЧ
Фота Лізаветы ГОЛАД