З марай пра неба
Лабараторыя па ракетна-касмічным мадэляванні працуе ў абласным цэнтры тэхнічнай творчасці з 1991 года. І яе нязменным кіраўніком застаецца Аляксандр Ліпай. Запал да мадэлявання і інжынерных навук ён нясе праз усё жыццё. Цікавасць з’явілася яшчэ ў 10-гадовым узросце, тады маленькі Саша займаўся авіямадэляваннем. Як і многія хлопчыкі, марыў стаць лётчыкам, але не атрымалася. Першапачаткова гэту гісторыю я хацела пачаць са слоў «на жаль, лётчыкам стаць не атрымалася». А потым задумалася, а ці варта шкадаваць? Дзякуючы Аляксандру Ліпаю вырасла не адно пакаленне хлопцаў і дзяўчат, адданых інжынернай справе. І калі слухала майго суразмоўца, як ён казаў пра дзяцей, зразумела, што і ён не шкадуе.
— З 10 да 18 гадоў я захапляўся авіямадэляваннем. Пасля гэтага я служыў у арміі. Мяне размеркавалі ў ракетна-артылерыйскую баявую часць ваенна-марскога флоту, што аказала значны ўплыў на выбар майго жыццёвага шляху. Я служыў на караблі і запускаў сапраўдныя ракеты. У 1991 годзе, вярнуўшыся са службы, прыйшоў у абласны цэнтр тэхнічнай творчасці (тады ён яшчэ называўся станцыяй юных тэхнікаў) і прапанаваў стварыць тут кірунак ракетна-касмічнага мадэлявання. Маю прапанову прынялі, чаму я вельмі рады!
Аляксандр Ліпай самастойна вывучаў усе моманты, звязаныя з ракетамадэляваннем, ён майстар спорту міжнароднага класа і на працягу ўсіх гадоў гарыць любімай справай. Дзеці ў аб’яднанні займаюцца па трох асноўных кірунках: ракетамадэльны спорт, стэндавы мадэлізм і шоу-мадэляванне.
— Ракетамадэльны спорт — гэта няпросты, але цікавы кірунак. Удзельнікі спаборнічаюць у праектаванні, стварэнні, запуску і кіраванні ракетнымі мадэлямі. Спаборніцтвы ўключаюць 12 катэгорый: працягласць палёту (ад старту да пасадкі), рэалістычнасць траекторыі, вышыня ўздыму і іншыя параметры. Мадэлі ракет вырабляюцца ў строгай адпаведнасці з тэхнічнымі патрабаваннямі. Ракета запускаецца тройчы, і потым вынікі падсумоўваюцца. У стэндавым мадэляванні важна дэталізаванасць і дакладнасць ракеты, каб яна выглядала як сапраўдная. А шоу-мадэляванне прадугледжвае стварэнне тэматычных вырабаў, якія ствараюцца спецыяльна пад нейкае мерапрыемства.
Ракеты — справа... дзявочая
Дзеці пачынаюць займацца з 10 гадоў і набіраюць досвед на самых простых папяровых мадэлях. Вучацца карыстацца лінейкамі, цыркулем, яны пастаянна ўдасканальваюць свае веды. Аляксандр Ліпай адзначае, што паказчыкам паспяховасці аб’яднання з’яўляецца замацаванасць вучняў. Цяпер больш за 90 % дзяцей прыходзяць і застаюцца. Прычым займаюцца як хлопчыкі, так і дзяўчынкі. Дарэчы, мой суразмоўца выхаваў першых у рэспубліцы дзяўчат — майстроў спорту па ракетамадэльным спорце. Адна з іх — яго дачка.
— Спачатку ў спорт прыйшоў мой сын, але потым ён захапіўся футболам. А вось Аня два гады запар прасілася да мяне ў аб’яднанне. Вырашыў, няхай паспрабуе. І вось цяпер яна майстар спорту, прызёр многіх айчынных і замежных конкурсаў. І хтосьці можа падумаць, што раз дачка, то і стаўленне асаблівае да яе. Але не. Яна вельмі мэтанакіраваная і шмат працуе, у скарбонцы яе ўзнагарод 2-е месца на чэмпіянаце Еўропы ў 2019 годзе. Калі няма працавітасці, не важна, хто твае бацькі. Потым званне майстра спорту атрымала яшчэ і Анастасія Кізюк.
Аляксандр Ліпай расказаў, як Анастасія стала яго вучаніцай. Ён перыядычна прыходзіць у школы, каб расказаць аб аб’яднанні. На адной з гэтых сустрэч дзяўчынка і даведалася пра ракетамадэляванне. Праз нейкі час яна раскрыла сапраўдную прычыну, чаму вырашыла пайсці на заняткі. І яна вельмі незвычайная.
— Калі выступаў перад дзецьмі, згадаў, што ракеты запускаюць у полі. І Насця вырашыла, што вось поле, там прыгожа і можна збіраць кветкі. Толькі таму вырашыла пайсці займацца. Казала, што бацькі здзівіліся яе выбару, але перашкаджаць не сталі. І яна паспяхова займаецца! Хоць першапачаткова яе прыцягнулі не ракеты, — усміхаючыся ўспамінае мой суразмоўца.
«Моладзь у нас цудоўная!»

Часта можна сустрэць меркаванне, што вырасла пакаленне гаджэтаў, што з іх нічога не атрымаецца. Таму, калі размаўляю з людзьмі, якія працуюць з дзецьмі, я па традыцыі ўсім задаю адно і тое ж пытанне: «А якая сёння моладзь?» Як паказвае практыка, усе дзеці добрыя, проста кожнае пакаленне адрозніваецца.
— Дзеці выдатныя! Яны хутка вучацца і з новымі тэхналогіямі разбіраюцца імгненна. Вось я зацікавіўся 3D-мадэляваннем. Каб зрабіць адзін невялікі элемент у праграме, я патраціў столькі гадзін, а дзеці на ўроку за хвілін 15 разабраліся. Мой вучань Ілля Руткоўскі стварыў з нуля першую ў Беларусі 3D-мадэль ракеты, якая стала трэцяй у свеце. І гэты кірунак вельмі цікавы, выконваюцца дакладныя копіі, а для стварэння ўзору выкарыстоўваюцца сапраўдныя чарцяжы ракет. Аднаўляецца ўсё — да апошняй шрубкі.
Гродзенская каманда на працягу многіх гадоў з’яўляецца прызёрам спаборніцтваў самага рознага ўзроўню. У мінулым годзе ўпершыню ў гісторыі заняла першае месца на чэмпіянаце рэспублікі і на адкрытых міжнародных спаборніцтвах па ракетамадэльным спорце «Кубак імя М. Градовіча».

— Па кірунку ракетамадэлявання дастаткова спаборніцтваў, якія праходзяць у Рэспубліцы Беларусь і ў межах Саюзнай дзяржавы, дзе можна выступіць і паказаць сябе.
Практычна ўсе вучні Аляксандра Ліпая выбіраюць у далейшым тэхнічныя спецыяльнасці і папаўняюць рады інжынераў. Многія працягваюць займацца ў аб’яднанні і пасля паступлення ва ўніверсітэты. Мой суразмоўца адзначае, што нейкага асаблівага сакрэту выкладання ў яго няма. Проста трэба знаходзіць індывідуальны падыход да дзяцей і любіць тое, што робіш.
Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ
Фота з архіва Гродзенскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці