Завершаны разгляд бюджэтна-падатковага пакета дакументаў на 2026 год, удасканальваюцца грамадскія адносіны ў галіне чыгуначнага транспарту, павышаецца транспартная бяспека, пашыраецца ўзаемадзеянне ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза, узмацняецца супрацоўніцтва Беларусі з іншымі краінамі.
Сацыяльныя прыярытэты і справядлівыя падаткі
Згодна з праектам Закона «Аб рэспубліканскім бюджэце на 2026 год», разгледжаным у другім чытанні, даходы на будучы год прадугледжваюцца ў суме 54 384,3 млн рублёў. Асноўныя крыніцы падатковых даходаў рэспубліканскага бюджэту — падатак на дабаўленую вартасць, акцызы, падатковыя даходы ад знешнеэканамічнай дзейнасці.
Расходы рэспубліканскага бюджэту на 2026 год сфарміраваны ў суме 58 733,2 млн рублёў. Захоўваецца сацыяльная накіраванасць расходаў бюджэту. У прыярытэце — фінансаванне адукацыі і аховы здароўя, рэалізацыя мер, накіраваных на павышэнне якасці жыцця насельніцтва, падтрымку шматдзетных сем’яў. Значную частку ў бюджэце складуць расходы на аплату працы, пенсій, стыпендый, дапамог. Фарміраванне рэспубліканскага бюджэту на 2026 год праведзена з дэфіцытам у памеры 4348,9 млн рублёў.
- Пры дапрацоўцы законапраекта «Аб змяненні законаў па пытаннях падатковых праваадносін» да другога чытання захавана раней прапанаваная для адмены льгота па падатку на дабаўленую вартасць (ПДВ) на аперацыі банкаў па фінансаванні пад уступку грашовага патрабавання (факторынгу). Для астатніх суб’ектаў гаспадарання льгота не прадугледжана. Устаноўлена стаўка ПДВ 10 % на свежыя яблыкі, вырабленыя (вырашчаныя) у дзяржавах, з якімі ўстаноўлены мытны кантроль. З Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 16 кастрычніка 2014 г. № 493 «Аб развіцці безнаяўных разлікаў» перанесена льгота па падаходным падатку з даходу, які выплачваецца банкам фізічнай асобе, электроннымі грашыма, у памеры 2 % ад сумы плацяжу ў безнаяўнай форме за тавар (работу, паслугу) — так званае ўзнагароджанне money-back.
Зменены стаўкі па павышаным падаткаабкладанні даходаў грамадзян. Стаўка падаходнага падатку ў адносінах да працоўных і іншых даходаў складзе: 13 % для даходаў у памеры да 350 тысяч рублёў у год; 25 % для даходаў у памеры звыш 350 тысяч рублёў, але не больш за 600 тысяч рублёў; 30 % для даходаў у памеры звыш 600 тысяч рублёў.
Як адзначыў міністр фінансаў Юрый СЕЛІВЕРСТАЎ, інвестараў, якія ўкладвалі грошы ў нашу краіну, у бізнес-праекты, гэта змяненне не закране. У адносінах да дывідэндаў стаўка падаходнага падатку складзе 13 % для даходаў у памеры да 350 тысяч рублёў і 25 % для даходаў у памеры звыш 350 тысяч рублёў.
Міністр фінансаў удакладніў, што ў цяперашні момант пытанне росту ПДВ да ўзроўню расійскага не разглядалася. «Нашы казахскія і расійскія калегі такія прапановы ўносяць, для нас гэта пакуль заўчасна, — заўважыў ён. — Тых кан’юнктурных даходаў, якія мы маглі б мець у вялікім аб’ёме ад, дапусцім, нафтагазавага сектара, у нас няма. Таму няма і неабходнасці ў такім рэзкім павышэнні».
Што датычыцца дэфіцыту, з якім прадугледжана выкананне рэспубліканскага бюджэту на будучы год, па словах Юрыя Селіверстава, наяўнасць разумнага ўзроўню дэфіцыту не з’яўляецца праблемай. «Мы ў межах параметраў гэта забяспечваем, — удакладніў ён. — Будзем працаваць. Можа, добра спрацуе эканоміка — атрымаем добрыя даходы, і дэфіцыту не будзе».
Якасць паслуг і бяспека руху
У першым чытанні прыняты законапраект «Аб змяненні законаў па пытаннях чыгуначнага транспарту». Замацоўваюцца паўнамоцтвы ўрада на ўстанаўленне парадку закрыцця малаінтэнсіўных чыгуначных ліній (участкаў), а таксама аднаўлення руху па іх. Размяжоўваецца кампетэнцыя Міністэрства транспарту і камунікацый і Міністэрства па надзвычайных сітуацыях пры ажыццяўленні дзяржаўнага кантролю (нагляду) у галіне чыгуначнага транспарту.
«Замацоўваецца абавязак уладальніка чыгуначных пуцей неагульнага карыстання па фіксаванні і інфармаванні кампетэнтнага органа (Транспартнай інспекцыі Мінсктранса) аб фактах парушэння бяспекі руху і правіл эксплуатацыі чыгуначных пуцей, — звярнуў увагу старшыня Пастаяннай камісіі па прамысловасці, энергетыцы, транспарце, сувязі і лічбавым развіцці Палаты прадстаўнікоў Юрый ПАНФІЛАЎ. — Пашыраецца пералік асоб, якія ў абавязковым парадку павінны праходзіць медыцынскі агляд, пераагляд і тэхнічнае навучанне. Удакладняюцца ўмовы прадастаўлення права кіравання транспартнымі сродкамі чыгуначнага транспарту. Замацоўваецца норма па аказанні сітуацыйнай дапамогі інвалідам на вакзальных комплексах».
Па словах дэпутата, галоўная мэта законапраекта — стварэнне ўмоў для забеспячэння стабільнай і надзейнай работы чыгуначнай галіны, павышэнне якасці паслуг і гарантаванне бяспекі руху на чыгуначным транспарце.
Пашыраецца і ўзмацняецца прысутнасць Беларусі на міжнароднай арэне. Парламентарыямі ратыфікаваны Пратакол аб унясенні змяненняў у Дагавор аб Еўразійскім эканамічным саюзе ад 29 мая 2014 года; Часовае гандлёвае пагадненне паміж Еўразійскім эканамічным саюзам і яго дзяржавамі-членамі, з аднаго боку, і з Манголіяй, з другога боку; Пагадненне аб эканамічным партнёрстве паміж Еўразійскім эканамічным саюзам і яго дзяржавамі-членамі, з аднаго боку, і з Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі, з другога боку. Акрамя таго, ратыфікаваны Мемарандум аб узаемапаразуменні паміж урадам Рэспублікі Беларусь і ўрадам Федэратыўнай Рэспублікі Нігерыя аб супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе ў мытных справах, Пагадненне паміж урадам Рэспублікі Беларусь і Рэспублікі Зімбабвэ аб узаемнай абароне сакрэтнай інфармацыі.
Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА