Top.Mail.Ru

Беларусь і Алжыр дамовіліся аб умацаванні сяброўства і прынялі дарожную карту на наступныя два гады

03.12.2025 | 16:02

Сумесная заява аб умацаванні адносін сяброўства і партнёрства паміж Беларуссю і Алжырам падпісана кіраўнікамі дзяржаў Аляксандрам Лукашэнкам і Абдэльмаджыдам Тэбунам па выніках афіцыйных перагавораў, паведамляе БелТА.


У прысутнасці лідараў краін падпісаны таксама шэраг дакументаў, галоўны з якіх — дарожная карта па развіцці супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Алжырам на перыяд 2026—2027 гадоў.

«Грошы любяць цішыню. Таму мы не будзем у дарожнай карце прапісваць канкрэтныя кантракты. Мусіць, гэта было б няправільна. Але асноўныя кірункі і замацаваных (хто за якія кірункі адказвае) у дарожнай карце трэба вызначыць. З канкрэтнымі тэрмінамі выканання», — сказаў журналістам міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю, сустаршыня беларуска-алжырскай міжурадкамісіі Артур Карповіч.

Ён растлумачыў, што дарожная карта прымаецца на два гады, таму што ў свеце ўсё хутка мяняецца: «Напэўна, рабіць дарожную карту на 5 гадоў сэнсу вялікага няма. Дарожная карта павінна быць на найбліжэйшую перспектыву».

Міністр адзначыў, што алжырцы — людзі ўсходнія, і часам тыя ці іншыя пытанні вырашаюцца няпроста. «Але калі яны бачаць, што ты з адкрытай душой, адкрытым сэрцам, то тады і стаўленне да цябе адпаведнае. З любым міністрам у нас выбудоўваецца дыялог, прычым вельмі канкрэтны», — сказаў ён.

Ужо вызначана, што наступнае пасяджэнне міжурадкамісіі пройдзе ў Мінску ў першай палове лютага 2026 года.

Заключаны пагадненні аб ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве, супрацоўніцтве ў галіне аховы здароўя жывёл, навуковых даследаванняў, тэхналагічнага развіцця і інавацый.

На ўзроўні профільных ведамстваў падпісаны мемарандумы аб узаемаразуменні ў сферы супрацоўніцтва ў прававой сферы, у галіне навуковых даследаванняў і развіцця галін прамысловасці, у галіне сельскай гаспадаркі, у сферы прадпрымальніцтва і інавацый, у галіне вышэйшай адукацыі.

Акрамя таго, заключаны мемарандум аб узаемаразуменні ў галіне акрэдытацыі паміж Беларускім дзяржаўным цэнтрам акрэдытацыі і ALGERAC.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю