Top.Mail.Ru

Прэзідэнт: Алжыр — гэта глабальныя вароты ў Афрыку

03.12.2025 | 16:17

Другі дзень афіцыйнага візіту Прэзідэнта Беларусі ў Алжыр пачаўся са знака павагі да гісторыі алжырскага народа. Беларускі лідар усклаў вянок да мемарыяльнага комплексу «Помнік славы і пакутніцтва», які з’яўляецца адным з сімвалаў барацьбы алжырцаў за незалежнасць і памяці аб ахвярах вайны з Францыяй (1954–1962 гг.). Таксама кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з экспазіцыяй Нацыянальнага музея пакутнікаў («Эль-Муджахід»), дзе наглядна прадэманстраваны барацьба і рэпрэсіі ў дачыненні да жыхароў Алжыра ў перыяд Вайны за незалежнасць.


Перагаворы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з Прэзідэнтам Алжыра Абдэльмаджыдам Тэбунам праходзілі на тэрыторыі палаца «Эль-Мурадыя» ў сталіцы краіны. Афіцыйнай частцы мерапрыемства папярэднічала цырымонія сустрэчы з выкананнем гімнаў дзвюх краін, удзелам роты ганаровай варты. Сімвалічна, што афіцыйны візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Алжыр праходзіць у год 30-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж дзвюма краінамі.

Акцэнт у перагаворах Аляксандра Лукашэнкі і Абдэльмаджыда Тэбуна быў зроблены на паглыбленні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва і рэалізацыі ўзаемавыгадных двухбаковых праектаў.

Па мясцовай традыцыі перагаворы кіраўнікоў дзяржаў у вузкім і пашыраным складах праходзілі ў закрытым фармаце без пратакольных заяў для СМІ. Прычым у вузкім складзе, у асабліва давяральным фармаце «адзін на адзін» сустрэча працягвалася больш за гадзіну, даўжэй, чым было запланавана. А ўвогуле першыя ў гісторыі дзвюх краін перагаворы лідараў доўжыліся чатыры з паловай гадзіны.

Заявы прагучалі ўжо па выніках сустрэчы. Акцэнт у перагаворах Аляксандра Лукашэнкі і Абдэльмаджыда Тэбуна быў зроблены на паглыбленні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва і рэалізацыі ўзаемавыгадных двухбаковых праектаў. У цэнтры ўвагі — перспектывы паставак тэхнікі і кааперацыі, узаемадзеяння ў аграпрамысловым комплексе, медыцыне, адукацыі і гуманітарнай сферы ў цэлым.

Выйсці на паўмільярдны тавараабарот

Па выніках перагавораў з Абдэльмаджыдам Тэбунам Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь і Алжыр у бліжэйшыя год-два павінны выйсці на тавараабарот хаця б у паўмільярда долараў.

«З упэўненасцю магу канстатаваць, што перагаворы з маім калегам былі цалкам канкрэтныя. Мы абмеркавалі ўвесь двухбаковы парадак дня, а таксама актуальную міжнародную сітуацыю», — адзначыў Прэзідэнт Беларусі ў заяве для СМІ. — У асноўным па ўсіх пытаннях міжнароднай павесткі нашы пазіцыі супадаюць. Нашы сённяшнія перагаворы, калі яны кагосьці хвалююць (а як я зразумеў са слоў Прэзідэнта, кагосьці яны хвалююць), абсалютна не накіраваны супраць трэціх краін. Мы вялі перагаворы ў раўнапраўным ключы ў інтарэсах нашых народаў». Беларускі лідар падкрэсліў, што Алжыр — глабальныя вароты ў Афрыку. «У гэтым наш прагматызм. Мы шмат аб чым перагаварылі. Але на вышэйшы ўзровень няма чаго цягнуць усе гэтыя пытанні. Два дні таму мы правялі тут цудоўны форум, на якім сустрэліся кіраўнікі нашых кампаній і карпарацый. Яны бачаць канкрэтныя пытанні і шмат аб чым дамовіліся. Закрытых тэм няма абсалютна. Гэта не толькі гуманітарныя пытанні, сельская гаспадарка, але і ваенна-прамысловы комплекс», — канкрэтызаваў Аляксандр Лукашэнка.У гэтым плане Прэзідэнт Беларусі адзначыў: не з’яўляецца сакрэтам той факт, што Алжыр у асноўным валодае зброяй, тэхналогіі якой адыходзяць у савецкія часы і якая цяпер набываецца ў постсавецкіх краінах. «А ў плане рамонту і мадэрнізацыі гэтай зброі канкурэнтаў на постсавецкай прасторы сёння няма. Мы можам ужо не толькі мадэрнізаваць узбраенні, рамантаваць, але і вырабляць многія віды зброі самастойна», — заўважыў беларускі лідар.

«Што датычыцца машынабудавання (а Беларусь — машынабудаўнічая краіна), Прэзідэнт сказаў, што яны зацікаўлены ў будаўніцтве сумесных прадпрыемстваў па вытворчасці трактароў і аўтамабіляў. Наша тэма. Мы гатовы тут працаваць. Канкурэнты наўрад ці ў нас будуць у плане цаны і якасці, — запэўніў Аляксандр Лукашэнка. — Мы гатовы дзяліцца з вамі тэхналогіямі. Пад гэтыя тэхналогіі пастаўляць і разам вырабляць адпаведную тэхніку. І навучаць вашых людзей, калі трэба, гэтым тэхналогіям».

Паводле яго слоў, Алжыру, у прыватнасці, вельмі патрэбны беларуская сельскагаспадарчая тэхніка і сельгастэхналогіі, бо без гэтага немагчыма вырашыць пытанне харчовай бяспекі. Прэзідэнт адзначыў, што Алжыр цікавіць вытворчасць малочнай і мясной прадукцыі. «Гэта наша тэма. Мы заўсёды можам і пачалі ўжо супрацоўнічаць у гэтым плане», — падкрэсліў ён.

Яшчэ адзін перспектыўны кірунак — супрацоўніцтва ў адукацыі. Алжыр кожны год выпускае з ВНУ вялікую колькасць спецыялістаў, а ўрачы менавіта з гэтай краіны займаюць вельмі вялікую долю ў ліку медработнікаў у Францыі. «Гэтым усё сказана. Нездарма змагаліся з французскім каланіялізмам», — заўважыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Алжыры добра памятаюць часы супрацоўніцтва з Савецкім Саюзам і цяпер дэлегацыюз Беларусі прымаюць як добрых і надзейных сяброў.

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што Алжыр за мінулыя гады зрабіў моцны рывок у сваім развіцці, атрымаў поспех па многіх кірунках. «Сюды імкнуцца ўсе. Вядома, Алжыр выбірае. Ён супрацоўнічае перш за ўсё з дзяржавамі, якія дружалюбныя да яго. Усе хочуць тут працаваць і працуюць ужо. Выдатныя адносіны ў Алжыра з Іспаніяй, Германіяй, Італіяй, — адзначыў Прэзідэнт. — Таму я так засумняваўся, думаю: дзе ж наша месца ў Алжыры? Калі Прэзідэнт працягнуў расказ, я зразумеў, што мы заўсёды ў сваіх сяброў можам знайсці месца для працы».

Рэалізаваць трохбаковы праект з Аманам

Па словах беларускага лідара, яго прыемна здзівіла тое, што ў Прэзідэнта Алжыра выдатныя адносіны з Султанам Амана і гэтай дзяржавай. «Яны вельмі цесна супрацоўнічаюць, — удакладніў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта нашы сябры. Мы з Султанам Амана 20 гадоў ведаем адзін аднаго. І, як многія заўважылі, у нас добрыя адносіны. З’явілася вельмі цікавая тэма. Прэзідэнт сказаў, што ў бліжэйшы час у яго фасфатаў будзе столькі, што не будзе куды дзяваць. А мы ўмеем вырабляць фосфарныя ўгнаенні. Мы вырабляем вялікую колькасць азотных угнаенняў. Алжыр, напрыклад, — гэта краіна, якая займае лідзіруючыя пазіцыі па здабычы і экспарце прыроднага газу. Краіна, якая ўваходзіць у ОПЕК (Арганізацыю краін — экспарцёраў нафты. — „Зв“.). Значыць, вырабляе вялізную колькасць нафты. А калі ёсць газ, значыць, ёсць азотнае ўгнаенне».

У Беларусі вялікая колькасць калійных угнаенняў. «І калі з’явяцца ўласныя фасфаты (у Алжыры. — „Зв“.), з іх можна і трэба рабіць угнаенні, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Мы па ўсіх пазіцыях мінеральных угнаенняў маем тэхналогіі. Мы можам у тым жа Амане (гэта скрыжаванне ўсіх гандлёвых шляхоў) пабудаваць на траіх, як я сказаў Прэзідэнту, прадпрыемства. Праінвесціраваўшы, пабудаваць прадпрыемства па вядомых тэхналогіях. Вырабляць вялікую колькасць мінеральных угнаенняў, якія патрэбны і ў Алжыры, і ў гэтым рэгіёне, асабліва ў Афрыцы».

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў актуальнасць гэтага пытання ў сувязі з неабходнасцю вырашэння праблемы голаду ў шэрагу краін і гарантавання харчовай бяспекі на Афрыканскім кантыненце. «Без угнаенняў і тэхналогій гэта немагчыма, таму гэта наша тэма. І ў дадзеным напрамку мы можам цудоўна супрацоўнічаць», — упэўнены беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка на перагаворах запрасіў прадстаўнікоў Алжыра прыязджаць у Беларусь, каб вывучыць існуючыя магчымасці. «Дзверы адчынены для алжырцаў як надзейных, добрых нашых сяброў, — запэўніў кіраўнік дзяржавы. — Калі вам нешта падыдзе і спадабаецца, мы гатовы з вамі супрацоўнічаць. Але не так, як некалі каланіялісты. 

Мы гатовы супрацоўнічаць як з сябрамі, блізкімі людзьмі. 47 мільёнаў чалавек, велізарная краіна з найвялікшым патэнцыялам. Тут трэба працаваць. Мы шмат аб чым дамовіліся. І гэта не пачатак. Мы выводзім нашы адносіны на больш высокі ўзровень. А далей яшчэ нямала зробім».

Падпісана дарожная карта супрацоўніцтва

Абдэльмаджыд Тэбун таксама расказаў аб выніках перагавораў: «Мы ацанілі нашы крокі ў ходзе двухбаковых адносін. Гаварылі аб асноўных пытаннях, абмеркавалі наш план на 2026–2027 гады. Мы дамовіліся падтрымліваць інвестыцыі ў сферах сельскай гаспадаркі, машынабудавання, фармацэўтыкі, навуковых даследаванняў. Нашы міністры абмеркавалі ўсе пытанні па гандлі».

Прэзідэнт Алжыра адзначыў перспектывы росту тавараабароту паміж дзвюма краінамі. Абдэльмаджыд Тэбун заявіў, што падчас перагавораў прэзідэнты таксама абмеркавалі шэраг міжнародных пытанняў, у тым ліку адносна сітуацыі ў Палесціне і Лівіі. Абмяркоўвалася таксама тэма вырашэння канфлікту ва Украіне. Кіраўнікі дзяржаў сышліся ў меркаванні, што яго неабходна вырашыць мірным шляхам з дапамогай перагавораў.

Па выніках праведзеных афіцыйных перагавораў кіраўнікамі дзяржаў падпісана сумесная заява аб умацаванні адносін дружбы і партнёрства паміж Беларуссю і Алжырам. У прысутнасці лідараў краін таксама падпісаны шэраг дакументаў, галоўны з якіх — Дарожная карта па развіцці супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Алжырам на перыяд 2026–2027 гадоў.

Заключаны пагадненні аб ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве, супрацоўніцтве ў галіне аховы здароўя жывёл, навуковых даследаванняў, тэхналагічнага развіцця і інавацый. На ўзроўні профільных ведамстваў падпісаны мемарандумы аб узаемаразуменні ў сферы супрацоўніцтва ў прававой сферы, у галіне навуковых даследаванняў і развіцця галін прамысловасці, у галіне сельскай гаспадаркі, у сферы прадпрымальніцтва і інавацый, у галіне вышэйшай адукацыі. Акрамя таго, заключаны мемарандум аб узаемаразуменні ў галіне акрэдытацыі паміж Беларускім дзяржаўным цэнтрам акрэдытацыі і ALGERAC.

Паводле прэс-службы Прэзідэнта і БелТА

У тэму 

Ад АПК да ВПК

У якіх напрамках супрацоўніцтва зацікаўлены Беларусь і Алжыр

Сумесная заява аб умацаванні адносін дружбы і партнёрства паміж Беларуссю і Алжырам падпісана кіраўнікамі дзяржаў Аляксандрам Лукашэнкам і Абдэльмаджыдам Тэбунам па выніках праведзеных афіцыйных перагавораў.

«Грошы любяць цішыню»

У прысутнасці лідараў краін падпісаны таксама шэраг дакументаў, галоўны з якіх — Дарожная карта па развіцці супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Алжырам на перыяд 2026–2027 гадоў.

— Грошы любяць цішыню. Таму мы не будзем у дарожнай карце прапісваць канкрэтныя кантракты. Напэўна, гэта было б няправільна. Але асноўныя кірункі і замацаваных (хто за якія кірункі адказвае) у дарожнай карце трэба вызначыць. З канкрэтнымі тэрмінамі выканання, — сказаў журналістам міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю, сустаршыня беларуска-алжырскай міжурадавай камісіі Артур Карповіч.

Ён растлумачыў, што дарожная карта прымаецца на два гады, бо ў свеце ўсё хутка мяняецца:

— Напэўна, рабіць дарожную карту на пяць гадоў сэнсу вялікага няма. Яна павінна быць на бліжэйшую перспектыву.

Міністр адзначыў, што алжырцы — людзі ўсходнія, і часам тыя ці іншыя пытанні вырашаюцца няпроста.

— Але калі яны бачаць, што ты з адкрытай душой, адкрытым сэрцам, то тады і стаўленне да цябе адпаведнае. З любым міністрам у нас выбудоўваецца дыялог, прычым вельмі канкрэтны, — сказаў ён.

Ужо вызначана, што наступнае пасяджэнне міжурадавай камісіі пройдзе ў Мінску ў першай палове лютага 2026 года.

«Рынак Алжыра велізарны — ёсць над чым разам працаваць»

Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Юрый Горлаў у гутарцы з журналістамі адзначыў узаемную зацікаўленасць Беларусі і Алжыра ў пастаўках харчовай прадукцыі. Для нашай краіны такая цікавасць ёсць, напрыклад, да імпарту экзатычнай садавіны. А ў частцы беларускага экспарту ёсць шырокая лінейка прадукцыі, якая запатрабавана на алжырскім рынку.

Перш за ўсё гаворка пра пастаўкі сухога абястлушчанага малака. Работа ў гэтым кірунку пачалася з 2024 года, тады ў Алжыр пайшлі першыя партыі гэтага тавару. Цяпер дасягнута дамоўленасць прадоўжыць продаж.

— У рамках візіту (Прэзідэнта Беларусі ў Алжыр. — «Зв.») заключаны дагавор на пастаўку сухога абястлушчанага малака на суму больш за 1,5 мільёна долараў, — удакладніў міністр. — Алжыр у вялікіх колькасцях завозіць сухое абястлушчанае малако, сухое цэльнае малако (каля 350 тысяч тон сухога малака Алжыр завозіць), і з яго вырабляюць прадукты харчавання: цэльнае малако, ёгурты, сыры, розную наменклатуру прадукцыі. А мы сёлета прадалі (усяго на экспарт. —"Зв.«) 35 тысяч тон сухога абястлушчанага малака. Гэта значыць, рынак Алжыра вельмі велізарны, і нам ёсць над чым разам працаваць.

Больш за тое, абмяркоўваецца магчымасць стварэння сумесных прадпрыемстваў па перапрацоўцы малака. І для гэтага Беларусь наведаюць алжырскія спецыялісты.

— Мы запрасілі нашых калег у Беларусь, каб яны паглядзелі на вытворчасць нашых малочных прадуктаў і мы разам з імі вызначыліся з магчымым стварэннем сумеснага прадпрыемства, якое можа з’яўляцца адпаведным хабам для рэалізацыі ў тым ліку сумеснай прадукцыі на рынкі афрыканскіх дзяржаў, — адзначыў кіраўнік Мінсельгасхарча.

Акрамя таго, у рамках візіту ў Алжыр кіраўніка беларускай дзяржавы падпісаны ветэрынарны сертыфікат на рэалізацыю сухога дзіцячага харчавання прадпрыемства «Беллакт».

Ёсць дамоўленасць аб тым, што бліжэйшым часам Беларусь наведаюць спецыялісты з Алжыра, каб пацвердзіць халяльны сертыфікат на прадукцыю мяса-малочнай галіны краіны, які раней быў выдадзены арганізацыяй «БелХаляль».

Беларусь таксама прапанавала алжырскаму боку свае варыянты будаўніцтва малочна-таварных комплексаў з улікам мясцовага клімату.

Патэнцыял супрацоўніцтва маецца

Таксама падчас візіту вызначаны патэнцыяльныя праекты па ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве. Пра гэта расказаў журналістам старшыня Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Дзмітрый Пантус.

— У рамках афіцыйнага візіту кіраўніка дзяржавы падпісана пагадненне аб ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве паміж нашымі краінамі. У найбліжэйшы час пачне функцыянаваць камісія па ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве. У дадзены момант мы праводзім адпаведныя кансультацыі. За апошні час мы правялі досыць вялікую работу з нашымі калегамі з Алжыра ў частцы вызначэння патэнцыяльных праектаў па ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве. На сёння сфарміраваны праект дарожнай карты, па якім мы ў хуткім часе распачнём яе практычную рэалізацыю, — расказаў кіраўнік Дзяржкамваенпрама.

Ён удакладніў, што ў дадзеным выпадку гаворка таксама ідзе аб лакалізацыі ў Алжыры патэнцыяльнай вытворчасці таго ці іншага віду прадукцыі:

— Алжырскі бок выстаўляе такія патрабаванні. Мы да гэтага гатовы, гэтыя пытанні сёння абмяркоўваюцца.

Развівацца і ісці наперад!

Што датычыцца прамысловасці, то ў супрацоўніцтве з Алжырам гаворка перш за ўсё ідзе аб стварэнні сумесных прадпрыемстваў, лічыць міністр прамысловасці Беларусі Андрэй Кузняцоў.

— Мы дамовіліся з міністрам прамысловасці Алжыра развіваць супрацоўніцтва шляхам перадачы тэхналогій, стварэння сумесных прадпрыемстваў. Рынак для нашай прадукцыі абсалютна новы. Але мы вызначыліся па тых кампаніях, з якімі будзем супрацоўнічаць. З нашага боку гэта «Бабруйскаграмаш», «Амкадор», МАЗ, МТЗ. Прагаварылі пытанне, што тут ёсць тэма і нашага БЕЛАЗа, — сказаў міністр.

Гаворка ідзе перш за ўсё аб стварэнні сумесных вытворчасцяў.

— Мы толькі і казалі пра тое, што праз сумесныя вытворчасці мы атрымаем патрэбны вынік для нашых краін і зможам нарасціць тавараабарот, — заявіў Андрэй Кузняцоў.

Ён расказаў, што на 2026 год падпісаны Пратакол па лініі «Амкадора» адносна абсталявання для захоўвання збожжа на суму ў раёне 1 мільёна долараў.

Падпісаны таксама мемарандум па МАЗ на 300 аўтобусаў мадэлі 203.

— Гэта па 100 аўтобусаў у 2026 годзе, 2027-м і 2028-м з наступным выхадам вытворчасці да 200 машын у год, — растлумачыў міністр.

Вызначана таксама партнёрскае прадпрыемства з алжырскага боку для супрацоўніцтва з МТЗ. Запланавана серыя ўзаемных візітаў спецыялістаў, каб яны прадметна абмеркавалі ўсе дэталі ўзаемадзеяння.

— Тут неабходны трактары магутнасцю 90 і вышэй конскіх сіл, таму што яны збіраюцца асвойваць паўднёвую частку Афрыкі, дзе глеба значна складаней. У іх ёсць сумесныя вытворчасці менш магутных трактароў. А ў нас ёсць кампетэнцыі і магчымасці (па вытворчасці трактароў большай магутнасці. — «Зв.»), і мы бачым гэты рынак для асваення, — удакладніў міністр прамысловасці.

Па лініі «Бабруйскаграмаша» таксама вызначаны перспектывы сумеснай работы.

— Ужо ў студзені-лютым 2026 года плануюцца пастаўкі машынакамплектаў прэс-падборшчыкаў для таго, каб яны тут вырабілі, сертыфікавалі і мы мелі допуск на гэты рынак, — расказаў Андрэй Кузняцоў.

Адказваючы на ўдакладняючае пытанне, ці не перашкодзіць гэтым планам канкурэнцыя на алжырскім рынку, ён сказаў:

— Вельмі шмат канкурэнтаў. Але мы будзем прапаноўваць іншую лінейку, каб не канкурыраваць, не перасякацца і не дэмпінгаваць адзін аднаго, а развівацца і ісці наперад.

Па матэрыялах БелТА.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю