Алгарытм узгаднення павышэння цаны згодна з новым рэгламентам выглядае наступным чынам. Вытворца фарміруе пакет дакументаў. Акрамя заявы неабходныя дакументы, якія пацвярджаюць павышэнне адпускных цэн, тлумачальная запіска з абгрунтаваннем прычын павышэння, разлік адпускных цэн або інфармацыі аб сабекошце (фактычнай і планавай), улічваючы галіновыя асаблівасці. Гэтыя дакументы вытворца адпраўляе ў дзяржаўныя органы, якім ён падпарадкаваны або ўваходзіць у сістэму. Юрыдычныя асобы і ІП звяртаюцца ў аблвыканкамы або Мінскі гарвыканкам па месцы рэгістрацыі. Дзяржорганы аналізуюць мэтазгоднасць або немэтазгоднасць павышэння цэн, даюць адпаведнае заключэнне і падаюць хадайніцтва ў МАРГ аб разглядзе пытання на пасяджэнні Камісіі па пытаннях дзяржаўнага рэгулявання цэнаўтварэння пры Савеце Міністраў, прычым тэрміны строга рэгламентаваны — пяць дзён.
Пасля атрымання поўнага пакета дакументаў МАРГ дае заключэнне аб мэтазгоднасці павышэння коштаў і накіроўвае матэрыялы ў Камісію. На гэта таксама адводзіцца пяць дзён. Камісія на працягу трох дзён павінна разгледзець пытанне. Аб рашэнні інфармуюцца адпаведныя органы дзяржаўнага кіравання.
Акрамя таго, рэгламентам зацверджаны парадак прызнання страціўшымі сілу рашэнняў аб узгадненні адпускных цэн дзяржорганамі.
Важны момант: дзяржаўныя органы не маюць права ўносіць дакументы на разгляд Камісіі (вяртаюць іх вытворцам) у наступных выпадках:
-
калі ў заяве вытворцы адсутнічае інфармацыя аб выкананых мерапрыемствах па зніжэнні выдаткаў і (або) дасягнутым эканамічным эфекце ад іх выканання (за апошні справаздачны перыяд);
-
калі мінімальны кошт апошняй рэалізацыі тавару (сыравіны) на экспарт ніжэйшы за мінімальны кошт рэалізацыі на тэрыторыі Беларусі;
-
калі ўдзельная вага рэалізацыі тавару (сыравіны) на ўнутраны рынак у аб’ёме рэалізацыі дадзенага тавару (сыравіны) нязначная (менш за 10 %);
-
калі вытворцам (пры ўзгадненні) не прадстаўлены дакументы і (або) звесткі, прадугледжаныя ў адпаведнасці з гэтым рэгламентам, альбо прадстаўлены няпоўныя даныя ў дакументах і (або) звестках;
-
калі эканамічнае абгрунтаванне прапанаванай адпускной цаны на тавар (цэны на сыравіну) з’яўляецца недастатковым.
У агульным і цэлым алгарытм дзеянняў пры павышэнні цэн не зведаў ніякіх змен. Але некалькі змянілася роля МАРГ і Камісіі ў гэтым працэсе. Раней яны выконвалі кантралюючую функцыю, мелі права адмяніць рашэнне органаў дзяржаўнага кіравання аб павышэнні цэн. Цяпер гэты працэс стаў больш цэнтралізаваны. З аднаго боку, павялічыўся ланцужок прыняцця рашэння. З іншага — жорстка прапісаны тэрміны праходжання пакета дакументаў усіх інстанцый.
Яшчэ адзін важны момант — павышэнне празрыстасці. Прынцыпы цэнавага рэгулявання заканадаўча прапісаны, адпаведныя рэкамендацыі, якімі неабходна кіравацца пры адабрэнні павышэння коштаў, былі прадстаўлены органам дзяржкіравання. Але ў цэнаўтварэння шмат нюансаў. І кожны дзяржорган кіраваўся нейкімі сваімі ўяўленнямі па гэтым пытанні. У выніку ў кожным з іх сфарміраваліся свае прынцыпы, падыходы і практыка. Новы рэгламент парадкуе працэс, робіць яго аднастайным. І гэта ўраўноўвае ўсе суб’екты гаспадарання, бо вытворцы адной і той жа прадукцыі могуць уваходзіць у сістэму таго ці іншага міністэрства або ведамства, а могуць знаходзіцца ў статусе і бязведамаснай падпарадкаванасці. Адпаведна, і ў розных органах дзяржкіравання павінны былі ўзгадняць павышэнне коштаў.
У адных атрымлівалася лягчэй, у іншых — наадварот. Нават пры працы па інструкцыі заўсёды прысутнічае суб’ектыўны фактар. Пры цэнтралізаваным падыходзе ён знікае. І ўсе вытворцы аказваюцца ў роўных правах у рамках цэнавага рэгулявання ва ўсіх дробязях і тонкасцях.
Аляксей КЛІМАЎ