Як паведаміла намеснік генеральнага дырэктара па ідэалагічнай рабоце ДА «Мінская гарадская гаспадарка» Вольга ДРАПЕЙ, ключавым трэндам апошніх гадоў стаў пераход ад ручной працы да механізаванай. Актыўна ўкараняюцца сродкі малой механізацыі, якія не проста аблягчаюць працу дворнікаў, але і кратна павялічваюць хуткасць і якасць работы. У жыллёва-камунальных прадпрыемстваў для ачысткі тэрыторый таксама маецца снегаўборачная тэхніка, выкарыстоўваюцца і сродкі малой механізацыі — снегаўборшчыкі і мотаблокі.
Для правядзення супрацьгалалёдных мерапрыемстваў на прыдамавых тэрыторыях устаноўлены скрыні для пясчана-саляной сумесі. У дворніка ёсць усё неабходнае, каб аператыўна рэагаваць на капрызы надвор’я. Дарэчы, падчас моцных снегападаў і пры галалёдзіцы працоўны дзень дворнікаў і тэхнікі ссоўваецца. Ён пачынаецца ў 6 гадзін раніцы, каб людзі ішлі па прыбраных дарожках і тратуарах, пры неабходнасці працоўны дзень завяршаецца ў 19 гадзін, а тэхніка парой працуе і да 21 гадзіны.
Небяспеку зімой тоіць і ўтварэнне наледзі на дахах дамоў. Прадпрыемствы ЖКГ прымаюць усе меры па папярэджанні ўтварэння наледзі і назапашвання снегу на іх. Работы па ачыстцы даху вядуцца з абавязковым абгароджваннем і інфармаваннем жыльцоў. Заўсёды абгароджваюцца таксама небяспечныя месцы ўтварэння наледзі і ледзяшоў. У сваю чаргу жыхарам рэкамендуецца выкарыстоўваць пешаходныя шляхі і не хадзіць па адмостках.
Алена КРАВЕЦ.