Top.Mail.Ru

Якія кірункі валанцёрства карыстаюцца папулярнасцю ў Мінску?

Навучыць маладога чалавека клапаціцца не толькі пра сябе, але і пра навакольных — справа важная. Гэта, так бы мовіць, трывалы падмурак на будучыню. Час няўхільна бяжыць, і кожнаму з нас калі-небудзь спатрэбіцца дапамога: паднесці цяжкія сумкі з прадуктамі дадому, выклікаць урача ці нават проста паслухаць пра ўзніклыя раптам праблемы... Прывіваць эмпатыю і актыўную грамадзянскую пазіцыю варта яшчэ са школьных гадоў, калі мозг найбольш добра ўспрымае новае. Гэта можна лёгка зрабіць, уцягваючы маладое пакаленне ў валанцёрскі рух.


Як праінфармавала начальнік Рэспубліканскага валанцёрскага цэнтра Вікторыя ЗАХАРЭЎСКАЯ, валанцёрства ў фарміраванні грамадзянскіх каштоўнасцяў адыгрывае важную ролю. «Яно дазваляе дзецям адчуць сябе часткай чагосьці 
большага, нейкіх мерапрыемстваў, якія дапамагаюць не толькі асобным людзям, але ўсяму раёну, гораду, — сказала спікер. — Асноўным кірункам развіцця валанцёрскага руху сярод школьнікаў з’яўляецца сацыяльная дапамога — падтрымка пажылых людзей, інвалідаў, сірот і сем’яў, якія маюць у гэтым патрэбу. Валанцёры аказваюць дапамогу не толькі ў рамках акцый і памятных дат. Гэта работа праходзіць на пастаяннай аснове».

Паводле слоў спецыяліста, школа ўплывае на арганізацыю валанцёрскага руху. «Яна аб’ядноўвае не толькі вучняў, але і педагогаў і бацькоў. Важна ствараць умовы для ўдзелу ўсіх ахвотных незалежна ад узросту, здольнасцяў, фізічных магчымасцяў, — дадала эксперт. — Рэспубліканскі валанцёрскі цэнтр рэалізуе шэраг праектаў, якія накіраваны на навучанне моладзі. Хлопцы і дзяўчаты могуць пазнаёміцца з рознымі кірункамі валанцёрскай дзейнасці, пашырыць свой кругагляд. Сёлета навучанне прайшлі каля 400 прадстаўнікоў моладзі з усёй краіны».

Начальнік упраўлення каардынацыі метадычнага суправаджэння выхаваўчай работы Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі Ніна ЗАХОЖАЯ заўважыла, што валанцёрская работа каардынуецца і падтрымліваецца камітэтам па адукацыі Мінскага гарвыканкама, які задае агульную стратэгію і кірунак дзейнасці валанцёраў у рамках гарадскіх мерапрыемстваў. «Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі праводзіць навучальныя семінары для куратараў валанцёрскіх груп, для педагагічнай супольнасці сталіцы. І, безумоўна, мы аказваем метадычную падтрымку. Мы таксама каардынуем ініцыятывы, якія прасоўваюць маладыя людзі», — дадала спікер.

Сярод асноўных Ніна Захожая адзначыла сацыяльнае, экалагічнае, падзейнае валанцёрства. «Як асобны кірунак мы вылучаем падзейнае, або івэнт-валанцёрства, калі маладыя людзі дапамагаюць у арганізацыі мерапрыемстваў. Не абавязкова толькі тых, якія арганізаваны для саміх дзяцей, — таксама буйных, салідных івэнтаў. Яшчэ адзін папулярны кірунак — патрыятычнае валанцёрства. Сёння ў Мінску, напэўна, няма ўстановы адукацыі, у якой не было б створана клуба або атрада патрыятычнай накіраванасці. Вядома, там таксама ёсць валанцёры, без якіх не абыходзіцца арганізацыя сацыяльных акцый», — расказала яна. Яшчэ адзін цікавы кірунак — валанцёрства ў сферы здароўя. Гэта арганізацыя і захаванне здаровага ладу жыцця, калі валанцёры дапамагаюць усім паглядзець на здароўе з трох пазіцый: фізічнай, псіхічнай і сацыяльнай.

Яна ВАЛАСАЧ.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю