Top.Mail.Ru

5 снежня адзначаецца Міжнародны дзень валанцёра

У нашай краіне валанцёрскай дзейнасцю займаюцца тысячы людзей — як моладзь, так і людзі «сярэбранага» ўзросту. Яны дапамагаюць адзінокім пажылым і людзям з інваліднасцю, добраўпарадкоўваюць вайсковыя пахаванніі гістарычна-культурныя помнікі, падтрымліваюць цяжка хворых у бальніцах і хоспісах. Іх называюць людзьмі па-за ўзростам, полам, прафесіяй, светапоглядам, і іх нязменна аб’ядноўвае тое, што яны аддаюць часцінку сваёй цеплыні тым, хто мае ў гэтым патрэбу.


Аб’яднаць моладзь...

Арганізацыяй, якая традыцыйна найбольш масава згуртоўвае валанцёраў, з’яўляецца Беларускі Чырвоны Крыж. Генеральны сакратар Беларускага Чырвонага Крыжа, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Дзмітрый ШАЎЦОЎ адзначае, што ў грамадскім аб’яднанні больш за 13,5 тысячы валанцёраў. Многія з тых, хто аднойчы далучыўся да дзейнасці арганізацыі, застаецца ў яе шэрагах назаўсёды.

Валанцёры Чырвонага Крыжа працуюць па розных кірунках. Гэта 19 каманд хуткага рэагавання, якія аб’ядноўваюць 325 чалавек. Яны прайшлі адмысловую падрыхтоўку і могуць аказваць дапамогу ва ўмовах прыродных і тэхнагенных катаклізмаў, у пошукавых і іншых работах, дапамагаючы супрацоўнікам МНС. Пераважная ж большасць валанцёраў дзейнічаюць у медыка-сацыяльнай службе Чырвонага Крыжа «Дапамога». Яна працуе ў рамках дзяржаўнага сацыяльнага заказу з міністэрствамі аховы здароўя, працы і сацыяльнай абароны. Атрымальнікамі такой дапамогі становяцца людзі з абмежаванымі магчымасцямі, часта гэта цяжкія інваліды І групы. У гэтым кірунку працуе больш за 4 тысячы валанцёраў па ўсёй краіне.

Удзельнічаюць валанцёры і ў традыцыйных акцыях Чырвонага Крыжа — такіх як «Збяром дзяцей у школу», «Ёлка жаданняў». Без перабольшвання, яны б былі немагчымымі без добраахвотнікаў. У сёлетняй акцыі «Збяром дзяцей у школу» дапамагалі больш за 3,2 тысячы валанцёраў. Цяпер стартавала акцыя «Ёлка жаданняў». Чакаецца, што да яе таксама далучацца тысячы ўдзельнікаў.

Аказваюць валанцёры дапамогу восенню і вясной, асабліва пажылым людзям на іх прысядзібных участках. Тут таксама вялікая армія дабравольных памочнікаў, прычым каля 74 % з іх — моладзь. Гэта вельмі актыўныя хлопцы і дзяўчаты, якія лёгка і свабодна падключаюцца да просьбаў аб дапамозе. Разам з гэтым 16 % валанцёраў — гэта людзі «сярэбранага» ўзросту. Яны маюць актыўную жыццёвую пазіцыю, і, нягледзячы на тое, што выйшлі на заслужаны адпачынак, працягваюць валанцёрыць.

5 снежня, у ГЦ «Сталіца» адбудзецца Рэспубліканскі валанцёрскі форум. Усе неабыякавыя змогуць да яго далучыцца. Там будуць прадстаўлены валанцёрскія ініцыятывы, арганізаваны розныя пляцоўкі, дзе раскажуць аб сваіх кірунках дзейнасці прадстаўнікі Беларускага Чырвонага Крыжа, БРСМ, праваслаўнай царквы і іншыя.

— Мы абмяркуем яшчэ адзін важны аспект — патрыятычнае выхаванне. Бо калі мы хочам выгадаваць сапраўднага патрыёта сваёй краіны, сапраўднага беларуса, то зрабіць гэта без уцягвання яго ў валанцёрскі рух немагчыма. Важна, каб чалавек з дзяцінства разумеў, што трэба дапамагаць таму, хто мае ў гэтым патрэбу. Гэта наш генетычны код — прыйсці на дапамогу любому, хто мае патрэбу ў падтрымцы, у абароне і дапамозе. Таму валанцёрскім рухам мы вырашаем задачу ўзрошчвання сапраўдных патрыётаў, — падкрэсліў Дзмітрый Шаўцоў.

...і людзей «сярэбранага» ўзросту

Як паведаміў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення сацыяльнага абслугоўвання і сацыяльнай дапамогі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Мікалай АРОЛ, доля пажылых людзей, якія займаюцца валанцёрскай дзейнасцю, паводле даных Белстата, складае 15 %. У нашай краіне рэалізуецца Нацыянальная стратэгія «Актыўнае даўгалецце — 2030», накіраваная на развіццё важных для пажылых людзей сфер жыцця. Адзін з яе кірункаў — сацыяльная ўключанасць старэйшага пакалення, якая рэалізуецца ў тым ліку праз валанцёрства.

Дзейнасць валанцёраў пажылога ўзросту ажыццяўляецца праз тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Ва ўсіх 146 такіх цэнтрах створаны валанцёрскія атрады, дзе працуе больш за 6 тысяч «сярэбраных» валанцёраў. Адметна, што за год іх колькасць вырасла на 20 %. Лідзіруюць па колькасці валанцёраў Віцебская і Мінская вобласці.

Партрэт «сярэбранага» валанцёра — гэта жанчына 70 гадоў. Ёсць і «маладыя» «сярэбраныя» валанцёры, якім 58 гадоў, і яны толькі выйшлі на пенсію, а самаму старэйшаму валанцёру — 95 гадоў. Ён з Гродзенскай вобласці, з’яўляецца, нягледзячы на ўзрост, актыўным удзельнікам розных праектаў, у тым ліку па дапамозе дзецям-сіротам, інвалідам, па патрыятычным выхаванні.

Важная місія «сярэбраных» валанцёраў — удзел у рабоце аддзяленняў дзённага знаходжання для пажылых. Тут яны праводзяць заняткі, у тым ліку лічбавай і камп’ютарнай адукаванасці па прынцыпе «роўны навучае роўнага». Аднак самым масавым кірункам для валанцёраў цэнтраў з’яўляецца дапамога адзінокім пажылым людзям, якія страцілі рухальную актыўнасць, знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Гэта не толькі сацыяльна-бытавая дапамога, але і маральная падтрымка. Валанцёры пажылога ўзросту таксама ўдзельнічаюць у экалагічных і краязнаўчых праектах, прыборцы вайсковых пахаванняў, сацыяльным турызме і арганізацыі экскурсій, рабоце з дзецьмі, у прыватнасці ініцыятыве «Бабуля на гадзіну».

Маладыя людзі, асабліва студэнты ВНУ, удзельнічаюць у праектах Рэспубліканскага валанцёрскага цэнтра, падраздзяленні якога дзейнічаюць ва ўсіх ВНУ краіны і аб’ядноўваюць каля 70 тысяч маладых людзей. Далучыцца да валанцёрскага руху можна і праз ініцыятывы БРСМ. Дарэчы, за ўдзел у валанцёрстве грамадскае аб’яднанне выдае рэкамендацыю для паступлення ў ВНУ, якая дае пераважнае права на залічэнне пры роўнай агульнай суме балаў.

Дарэчы

У зоне асаблівай увагі  

З надыходам устойлівых халадоў сацыяльныя работнікі ўдзяляюць самую пільную ўвагу клопату аб адзінокіх пажылых грамадзянах і інвалідах, паведамілі ў прэс-службе Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. 

— У краіне налічваецца 155,2 тысячы адзінокіх непрацаздольных грамадзян, — расказалі ў міністэрстве. — Зіма зусім блізка, і сацыяльныя работнікі гатовы ім дапамагчы. Самая пільная ўвага — адзінокім пажылым і інвалідам, якія пражываюць у сельскай мясцовасці. Размова, у прыватнасці, ідзе аб прыборцы прыдамавой тэрыторыі, нарыхтоўцы дроў на зіму, дапамозе ў падпалцы печаў. На кантролі таксама стан печаў і электраправодкі ў доме. 

Не забываюцца сацыяльныя службы і пра неабходнасць жывых зносін з адзінокімі людзьмі, дадалі ў міністэрстве: 

— Візіты валанцёраў і моладзі — гэта не толькі пра дапамогу па гаспадарцы. Гэта магчымасць падзяліцца жыццёвым вопытам для старэйшага пакалення і ўрокі павагі, дабрыні і адказнасці — для малодшага. 

Па дапамогу сацыяльных работнікаў можна звяртацца ў тэрытарыяльныя цэнтры сацабслугоўвання насельніцтва, дадалі ў прэс-службе Мінпрацы і сац-абароны.

Алена КРАВЕЦ.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю