Top.Mail.Ru

Што змянілася ў сістэме рэгулявання цэн

04.12.2025 | 14:35

Прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын падпісаў пастанову Савета Міністраў, якой скарэкціраваны асобныя нормы цэнавага рэгулявання.


Як растлумачылі ў прэс-службе Саўміна, у мэтах недапушчэння спекулятыўнага і неабгрунтаванага росту цэн урадам узята на кантроль павышэнне вытворцамі коштаў на агуркі і памідоры.

— Далейшае павышэнне коштаў на гэтыя тавары звыш 0,3 % у месяц неабходна абгрунтаваць камісіі па пытаннях дзяржаўнага рэгулявання цэнаўтварэння пры Савеце Міністраў, — адзначылі ва ўрадзе.

Таксама адмяняецца адміністрацыйная працэдура ўзгаднення рэалізацыі спажывецкіх тавараў, вырабленых на тэрыторыі Беларусі, для іх далейшай рэалізацыі за межы краіны.

Зыходзячы з балансу інтарэсаў дзяржавы і ўдзельнікаў спажывецкага рынку скарачаецца пералік тавараў, якія падлягаюць цэнавому рэгуляванню з 211 да 199 пазіцый, а таксама карэкціруецца пералік рэгуляваных пазіцый (канцылярскія тавары, рыба марожаная і сокавая прадукцыя).

Акрамя гэтага, адмяняюцца абмежаванні на стымулюючыя выплаты (узнагароджанні) на нехарчовыя тавары, якія імпартуюцца, у сувязі з набыццём у пастаўшчыка пэўнай колькасці тавараў, за аказанне паслуг па прасоўванні тавараў і іншыя віды ўзнагарод.

Таксама выключаюцца з цэнавага рэгулявання тавары, што рэалізуюцца ў цягніках, якія курсіруюць у міжнародных зносінах.

Разам з тым павялічваюцца гранічныя максімальныя надбаўкі на дзіцячыя цацкі і лінолеум.

Прадугледжаны і іншыя карэкціроўкі, у ліку якіх падаўжэнне да канца 2026 года права аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама зацвярджаць пералік аперацый і арганізацый, паміж якімі дазволены тавараабменныя аперацыі.

Скарэкціраваны падыходы да фарміравання цэн нарыхтоўшчыкамі і пастаўшчыкамі нарыхтоўшчыкам, якія не з’яўляюцца вытворцамі, у мэтах выканання дзяржаўнага заказу, прадугледжаныя пастановай Урада Рэспублікі Беларусь ад 22 ліпеня 
2025 г. № 399 «Аб парадку і ўмовах пастаўкі плодаагародніннай прадукцыі са стабілізацыйных фондаў тавараў для рэспубліканскіх дзяржаўных патрэб».

Як растлумачылі ў прэс-службе Саўміна, змены ўступаюць у сілу пасля афіцыйнага апублікавання пастановы ўрада.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю