Аб’ём гандлю таварамі склаў 44 мільярды долараў
— З задавальненнем адзначаю захаванне высокіх тэмпаў і аб’ёмаў узаемнага тавараабароту ва ўмовах санкцыйнага ціску на нашы краіны, які працягваецца. За 10 месяцаў гэтага года, паводле звестак беларускай статыстыкі, аб’ём гандлю таварамі склаў 44 мільярды долараў з тэмпам росту 101,8 %. Па паслугах лічбы яшчэ вышэйшыя. Прырост гандлю паслугамі — 17 %, ён склаў 6,5 мільярда долараў, — сказаў Дзмітрый Крутой.
Арыенцірам у сумеснай рабоце з’яўляюцца асноўныя кірункі рэалізацыі палажэнняў Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы на 2024–2026 гады.
— На пачатак снежня выканана больш за траціну мерапрыемстваў, а менавіта 115 з 310, або амаль 40 %. Міністэрствамі эканомікі дзвюх краін распачата работа над асноўнымі кірункамі на чарговы трохгадовы перыяд, — адзначыў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.
Па аналогіі з папярэднім дакументам, акцэнт у 2027–2029 гадах будзе зроблены на развіцці ключавых сфер для Саюзнай дзяржавы. Гэта прамысловая палітыка, тэхналагічны суверэнітэт, забеспячэнне харчовай бяспекі, транспарт, энергетыка і турызм. Для рэалізацыі гэтых асноўных кірункаў таксама будуць распрацаваны і зацверджаны планы мерапрыемстваў з дэталёвымі механізмамі практычнай рэалізацыі.
Новыя авіярэйсы і цягнікі
— Плануем і далей пашыраць авіязносіны паміж нашымі краінамі, у тым ліку паміж абласнымі гарадамі Беларусі і рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі. Спадзяёмся на хуткае адкрыццё новых рэйсаў з Мінска ў Краснадар, Уладзікаўказ, Валгаград, Омск, Цюмень і Растоў-на-Доне. Называю тыя гарады, па якіх ідзе актыўная работа непасрэдна цяпер, — сказаў Дзмітрый Крутой.
З 15 снежня ў зносінах Масква — Мінск штодня будзе курсіраваць дадатковая пара цягнікоў «Ластаўка».
— Удзячныя расійскаму боку за запуск з 15 снежня трэцяй пары цягнікоў «Ластаўка» ўжо на штодзённай аснове (цяпер гэта адбываецца толькі па святочных і выхадных днях). А таксама з павялічанай колькасцю вагонаў з 5 да 10 — у два разы. Гэта дадаткова дазволіць перавозіць 30 тысяч пасажыраў за месяц, — адзначыў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.
— Не пакідаем без увагі трансгранічныя чыгуначныя пасажырскія зносіны. Трэба аператыўна забяспечыць ужо са студзеня 2026 года даўно анансаванае прамое курсіраванне цягнікоў па маршрутах Віцебск — Смаленск і Орша — Смаленск. Гэта ацэняць нашы грамадзяне, — падкрэсліў Дзмітрый Крутой.
Беларускі бок разлічвае на больш хуткае падпісанне паміж транспартнымі ведамствамі дарожнай карты па будаўніцтве высакахуткаснай чыгуначнай магістралі Масква — Мінск.
— Упэўнены, што па значнасці гэты праект у нашым парадку будзе супастаўны з будаўніцтвам Беларускай атамнай станцыі ў Астраўцы, — зрабіў акцэнт кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.
Ключавым кірункам супрацоўніцтва ў транспартнай сферы застаецца забеспячэнне транспарціроўкі беларускіх экспартных грузаў праз расійскія парты.
— За 10 месяцаў 2025 года вываз беларускіх тавараў толькі чыгуначным транспартам праз расійскія парты павялічыўся на 3,7 % і склаў 13,5 мільёна тон. Па выніках года чакаем лічбу 16 мільёнаў тон. Тры гады таму мы стартавалі фактычна з нулявой базы, і гэта таксама яркі прыклад нашай сумеснай паспяховай работы па замяшчэнні адпаведнай інфраструктуры заходніх краін і адказе на ўведзеныя санкцыі ў дачыненні да транзіту і лагістыкі, — пазначыў Дзмітрый Крутой.
Турызм і прамысловасць
— Акрамя эканомікі і гандлю, трэба актыўна прасоўваць рэгіянальнае супрацоўніцтва ў турыстычнай галіне. Для нашай краіны вельмі важна падключыцца да дзеючых расійскіх праграм развіцця турыстычнай інфраструктуры, прымянення льготных механізмаў фінансавання пры рэалізацыі і прасоўванні сумесных праектаў. У Беларусі турызм абвешчаны адным з прыярытэтаў на наступныя пяць гадоў. Пастаўлена задача павялічыць яго ўклад у ВУП у два разы. З улікам таго, што з Расіяй у турыстычнай сферы ў нас самае эфектыўнае ўзаемадзеянне, вядома, разлічваем на дапамогу расійскіх калег, — сказаў Дзмітрый Крутой.
У ліку асноўных кірункаў супрацоўніцтва з Расіяй Дзмітрый Крутой таксама назваў рэалізацыю інвестыцыйных праектаў, якія прадугледжваюць мадэрнізацыю вытворчасцяў ключавых прадпрыемстваў прамысловага сектара эканомікі Беларусі, у ліку якіх «Інтэграл», «Планар», БЕЛАЗ, «Гомсельмаш» і шэраг іншых. Асаблівы акцэнт зроблены на пашырэнні прамысловай кааперацыі ў важных высокатэхналагічных сферах — авіябудаванні, мікраэлектроніцы і станкабудаванні.
У сферы станкабудавання выпрацавана стратэгія па сумесным забеспячэнні рынку Саюзнай дзяржавы крытычна неабходнымі відамі станкоў — лазернымі, зубаапрацоўчымі і іншымі.
Па матэрыялах БелТА.