Top.Mail.Ru
0

Беларускія парламентарыі прымаюць удзел у мерапрыемствах Парламенцкай асамблеі АДКБ у Маскве

08.12.2025 | 13:20

Учора ў расійскай сталіцы адбылося пасяджэнне Савета Парламенцкай асамблеі АДКБ і 18-е пленарнае пасяджэнне Парламенцкай асамблеі АДКБ.


На сумесным пасяджэнні кіраўнік беларускай парламенцкай дэлегацыі Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка адзначыў: «Падзеі, якія адбываюцца сёння, паказваюць бездань паміж спадзяваннямі простых людзей і палітыкай, што праводзіцца цяперашнім кіраўніцтвам еўрапейскіх краін. Ігнараванне прынцыпу непадзельнасці бяспекі, гонка ўзбраенняў, недарэчнае разважанне аб непазбежнасці новай вайны ў Еўропе — за гэтым дакладна прасочваецца імкненне да рэваншу».

Ігар Сергяенка звярнуў увагу на тое, што адзінай альтэрнатывай для чалавецтва з’яўляюцца сумленны і адкрыты дыялог, выпрацоўка механізмаў і гарантый калектыўнай бяспекі, фарміраванне светаўладкавання пры непасрэдным удзеле глабальнай большасці. Кіраўнік беларускай дэлегацыі дадаў, што ў краінах НАТА і ў іх саюзнікаў нарастае незадаволенасць курсам, аб чым сведчаць шматлікія акцыі грамадзянскага пратэсту. «Людзі хочуць міру, стабільнасці і дастатку, а ім прапануюць рост цэн, скарачэнне працоўных месцаў, уразанне заработнай платы і дапамог, а ў перспектыве — гібель у акопах незразумелай вайны», — канкрэтызаваў Старшыня Палаты прадстаўнікоў, удакладніўшы, што Беларусі ёсць што прапанаваць тым палітыкам, хто сапраўды думае пра нацыянальныя інтарэсы, будучыню сваіх народаў.

Па словах Ігара Сергяенкі, парламенцкае вымярэнне ў рамках АДКБ з кожным годам набывае ўсё больш дакладныя кірункі дзейнасці і прыярытэты, удасканальваюцца інстытуты арганізацыі. «Нягледзячы на высокую дынаміку працэсаў, што адбываюцца, выкліканую ў тым ліку геапалітычнымі фактарамі, якія пастаянна змяняюцца, мы захоўваем пераемнасць, вернасць ідэалам, якія ляжаць у аснове функцыянавання АДКБ», — падкрэсліў ён.

Парламенцкай асамблеяй АДКБ адобрана мадэльнае пагадненне аб супрацоўніцтве дзяржаў — членаў АДКБ пры выкарыстанні новых відаў зброі і тэхналогій у мэтах забеспячэння калектыўнай бяспекі і захавання прынцыпаў і норм міжнароднага гуманітарнага права. На пасяджэнні прыняты рэкамендацыі па ўдасканаленні заканадаўства дзяржаў — членаў АДКБ у сферы грамадзянскай абароны, па збліжэнні і гарманізацыі крымінальнага і адміністрацыйнага заканадаўства дзяржаў — членаў АДКБ у галіне бяспекі крытычнай інфармацыйнай інфраструктуры, па гарманізацыі крымінальнага заканадаўства дзяржаў — членаў АДКБ, якое ўстанаўлівае адказнасць за злачынствы супраць міру і бяспекі. Акрамя таго, прыняты мадэльны закон аб супрацьдзеянні тэрарызму, заява аб забеспячэнні міжнароднай бяспекі ва ўмовах шматпалярнага свету, які фарміруецца. У найбліжэйшы час плануецца распрацаваць мадэльныя законы, якія датычацца штучнага інтэлекту, біялагічнай і кібербяспекі, а таксама абароны электаральнага суверэнітэту.

У размове з журналістамі Ігар Сергяенка адзначыў, што за апошнія пяць гадоў ПА АДКБ прыняла 35 законаў і рэкамендацый. Кіраўнік беларускай дэлегацыі падкрэсліў важнасць таго, каб усе мадэльныя законы, якія прымаюцца ПА АДКБ, у далейшым знаходзілі адлюстраванне ў нацыянальных заканадаўствах.

Паводле БелТА і прэс-службы Палаты прадстаўнікоў


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю