Знаходжанне ў нашай краіне кенійскія парламентарыі пачалі з жэсту павагі да гісторыі Беларусі — дэлегацыя ўсклала вянок і кветкі да манумента Перамогі ў Мінску. Затым адбыліся перагаворы ў Савеце Рэспублікі, дзе абмяркоўваліся перспектыўныя кірункі далейшага супрацоўніцтва, якое не абмяжоўваецца міжпарламенцкім узаемадзеяннем.
Як звярнула ўвагу Старшыня Савета Рэспублікі Наталля КАЧАНАВА, Беларусь выбудоўвае добрыя, сяброўскія адносіны з усімі дзяржавамі, якія накіраваны на канструктыўнае, узаемавыгаднае супрацоўніцтва. «Прэзідэнт нашай краіны вельмі часта падкрэслівае, што будучыня — за афрыканскім кантынентам, — удакладніла спікер. — Спадзяёмся, што ваш візіт упіша новую старонку ў парламенцкае супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі, якое найперш будзе накіравана на выкананне тых дамоўленасцяў, што былі дасягнуты на найвышэйшым узроўні».
Па словах Старшыні Савета Рэспублікі, у сучасным свеце міжпарламенцкае ўзаемадзеянне набывае асаблівае значэнне. «Мы шчыра рады таму, што паміж парламентарыямі нашых краін складваюцца такія добрыя, сяброўскія адносіны, — падкрэсліла яна. — У Нацыянальным сходзе створана рабочая група (па супрацоўніцтве з парламентам Кеніі. — „Зв“.). Спадзяёмся, што і ў Сенаце Кеніі будзе створана такая ж рабочая група, якая дазволіць нам больш шчыльна супрацоўнічаць па міжпарламенцкай лініі. Гатовы выбудоўваць нашы адносіны абсалютна па ўсіх кірунках: як у эканамічнай, так і ў гуманітарных сферах. Парламентарыі павінны актыўна ўключыцца ў рэалізацыю задач, якія стаяць перад намі».
Асобна прагучала пытанне далейшага супрацоўніцтва беларускіх і кенійскіх парламентарыяў у міжнародных парламенцкіх арганізацыях: такіх як Міжпарламенцкі саюз, Рух недалучэння, Панафрыканскі парламент, дзе нядаўна Беларусь атрымала статус назіральніка.
Гаворачы аб парламенцкім узаемадзеянні, Наталля Качанава адзначыла, што Савет Рэспублікі як палата тэрытарыяльнага прадстаўніцтва зацікаўлены ў рэгіянальным супрацоўніцтве Беларусі і Кеніі. Яна прывяла добрыя прыклады такога фармату ўзаемадзеяння з Расіяй і Узбекістанам. «Магчыма, і з Кеніяй мы выбудуем такія ж цікавыя праекты, якія будуць садзейнічаць супрацоўніцтву паміж нашымі народамі і краінамі», — канстатавала спікер.
Спікер Сената Рэспублікі Кенія Амазон Джэфа КІНГІ выказаў удзячнасць за высокі ўзровень дыпламатычных адносін паміж краінамі і выказаў спадзяванне на іх развіццё. «Мы ўпэўнены, што візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Кенію ў снежні 2023 года ўмацаваў нашы адносіны, — канстатаваў ён. — Мы ўдзячныя за намаганні, прыкладзеныя двума прэзідэнтамі для ўстанаўлення кантактаў і супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі».
Асаблівую ролю ў развіцці ўзаемаадносін паміж краінамі спікер Сената Кеніі бачыць ва ўстанаўленні кантактаў на парламенцкім узроўні. «Дзеянні і намаганні, якія ў будучыні прыме заканадаўчая галіна ўлады абедзвюх краін, будуць з’яўляцца асновай для працягу супрацоўніцтва, устаноўленага нашымі прэзідэнтамі, — удакладніў ён. — Асноўнай мэтай нашага візіту з’яўляецца ўмацаванне і ўстанаўленне сувязяў паміж парламентамі, каб мы маглі быць бліжэй адзін да аднаго, узмацніць нашу работу».
У завяршэнні перагавораў бакі падпісалі Мемарандум аб супрацоўніцтве.
Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА