8 снежня ў беларускай сталіцы пад кіраўніцтвам Нацыянальнага каардынатара па дасягненні Мэт устойлівага развіцця, намесніка Старшыні Савета Рэспублікі Уладзіслава Татарыновіча адбылося пасяджэнне Савета па ўстойлівым развіцці. На ім падвялі вынікі работы нацыянальнага механізму па дасягненні МУР у краіне.
Па стане на 2025 год Беларусь займае 32-е месца са 167 краін свету ў міжнародным рэйтынгу МУР. Узровень прагрэсу складае больш за 82 %, паведаміў Уладзіслаў Татарыновіч. Наша краіна актыўна ўзаемадзейнічае па пытаннях устойлівага развіцця з партнёрамі па міждзяржаўных аб’яднаннях, такімі як ЕАЭС, СНД, ШАС. «Як у ААН, так і на названых пляцоўках ужо сёння актыўна вядзецца дыскусія аб тым, які будзе парадак устойлівага развіцця пасля 2030 года, — адзначыў Уладзіслаў Татарыновіч. — Мы таксама не стаім на месцы. Сёлета ў нашай краіне зацверджана абноўленая Нацыянальная стратэгія ўстойлівага развіцця да 2040 года, якая паслужыць стратэгічным арыенцірам для ўсяго механізму па рэалізацыі МУР у Беларусі і вырашэнні задач пасля 2030 года. Магчыма, з улікам нейкіх новых задач, якія ўзнікнуць да 2030 года, трэба будзе зрабіць некаторыя дапаўненні і актуалізаваць нашу нацыянальную стратэгію. Гэта работа будзе праводзіцца ў планавым, але абавязковым парадку».
Доступ да сацпаслуг, нізкае беспрацоўе, рост ВУП
Сёлета Белстат упершыню ажыццявіў комплексную ацэнку прагрэсу ў дасягненні Мэт устойлівага развіцця на нацыянальным і рэгіянальным узроўнях, расказаў намеснік старшыні Нацыянальнага статыстычнага камітэта Аляксей Яркавец. Паводле яго слоў, разлікі заснаваныя на даных за перыяд з 2015 па 2024 год. На нацыянальным узроўні 82,3 % паказчыкаў прадэманстравалі значны прагрэс і дасягненне высокіх вынікаў. «Рэзультаты ацэнкі наглядна пацвярджаюць, што ўжо цяпер па шэрагу паказчыкаў мы не толькі выканалі пастаўленыя задачы, але і займаем лідзіруючыя пазіцыі ў параўнанні з асобнымі краінамі, — адзначыў Аляксей Яркавец. — Важным дасягненнем з’яўляецца забеспячэнне ўсеагульнага доступу да базавых сацыяльных паслуг: адукацыі, аховы здароўя, электраэнергіі, якаснага жылля, водазабеспячэння і санітарыі, а таксама сувязі і грамадскага транспарту. Гэта сведчыць аб высокім узроўні якасці жыцця насельніцтва».

Дакладчык таксама падкрэсліў, што ўстойлівая станоўчая дынаміка ў пытаннях забяспечанасці насельніцтва жыллём, даступнасці гарадской інфраструктуры і захавання культурнай спадчыны стварае аснову для стабільнай і бяспечнай будучыні грамадзян. Паспяхова рэалізуюцца ініцыятывы ў галіне гендарнай роўнасці, пашыраюцца правы і магчымасці жанчын, што пацвярджаецца ростам паказчыкаў, якія характарызуюць іх эканамічную і палітычную актыўнасць.
- У эканамічнай сферы таксама назіраюцца пазітыўныя тэндэнцыі. У Беларусі адзін з самых нізкіх у свеце ўзроўняў беспрацоўя. Адзначаецца рост ВУП і прадукцыйнасці працы. Аграпрамысловы комплекс цалкам забяспечвае харчовую бяспеку краіны. Экалагічныя намаганні накіраваны на захаванне біяразнастайнасці і павелічэнне лясных рэсурсаў. Усе дасягненні падкрэсліваюць комплексны падыход да развіцця чалавечага капіталу і нацыянальнай эканомікі. «Разам з тым варта адзначыць, што ёсць кірункі і задачы, якія патрабуюць дадатковых намаганняў, такія, як прыцягненне замежных інвестыцый у Беларусь, нарошчванне патэнцыялу высокатэхналагічных вытворчасцяў, захаванне клімату, экалагічна рацыянальнае выкарыстанне рэсурсаў, якое забяспечвае зніжэнне нагрузкі на экасістэму», — падкрэсліў намеснік старшыні статыстычнага камітэта.
Таксама сёлета Белстатам упершыню ажыццёўлена ацэнка прагрэсу рэгіёнаў у дасягненні МУР. Па выніках праведзенай ацэнкі прагрэс дасягнення МУР Мінскай вобласцю склаў 80,9 %, Брэсцкай — 80,2 %, Віцебскай — 79,2 %, Гомельскай — 77,7 %, Гродзенскай — 77,1 %, Магілёўскай — 76,9 %, Мінска — 75,4 %. «Такія высокія паказчыкі прагрэсу пацвярджаюць сур’ёзнасць намераў Беларусі ў дасягненні Мэт устойлівага развіцця. Інфармацыя аб рэгіянальнай ацэнцы дасягненняў МУР дазваляе выявіць кірункі, якія патрабуюць дадатковых намаганняў, характэрныя для канкрэтнай тэрыторыі, а таксама вызначыць і адрасна рэагаваць на патрэбы найбольш уразлівых груп насельніцтва», — падагульніў Аляксей Яркавец.
«Работа будзе працягнута ў такім жа паслядоўным ключы»
План нацыянальнага каардынатара, які быў падрыхтаваны і прыняты пры ўдзеле Міністэрства замежных спраў, у цэлым выкананы, падкрэсліў у размове з журналістамі Уладзіслаў Татарыновіч. «Сёлета мы ў ініцыятыўным парадку прадставілі трэці нацыянальны агляд Беларусі аб ходзе выканання Мэт устойлівага развіцця. Паводле ацэнак міжнародных экспертаў, у нас дастаткова сур’ёзная станоўчая дынаміка. Наш прагрэс пацвярджаецца статыстычнымі паказчыкамі. Такі прагрэс — вынік нашай сумеснай работы. Толькі сумесная работа дазволіць нам і далей паказваць такую добрую станоўчую дынаміку. Што датычыцца наступнага года, будзем працягваць у такім жа паслядоўным ключы», — канкрэтызаваў сенатар.
Ён падкрэсліў: «Наступная пяцігодка і стратэгія ўстойлівага развіцця накіраваны на тое, каб у плане далейшага развіцця эканомікі, фарміравання адпаведнай інфраструктуры, падтрымання стандартаў якаснага жыцця зрабіць усё для таго, каб мы з вамі маглі не толькі жыць і працаваць, але і перайсці на сапраўды больш якасны ўзровень жыцця для кожнага беларуса. А гэта, па сутнасці, наша асноўная задача».
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота БелТА