На мерапрыемства, якое пачалося з дыялогавай пляцоўкі, прыехалі сотні юнакоў і дзяўчат з усіх куткоў краіны. Сярод іх і беларускія ўдзельнікі культурна-адукацыйнага праекта «Цягнік Памяці», і навучэнцы ваенна-патрыятычных класаў, і сувораўцы з выхаванцамі профільных ліцэяў. Ініцыятарам форуму выступіў Савет Рэспублікі пры падтрымцы сілавых ведамстваў краіны.
Патрыятызм і адзінства
Як адзначыў член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Аляксандр ЛУК’ЯНАЎ, форум дазволіць выявіць тую частку маладых людзей, якім не ўсё роўна і неабыякава, як будзе развівацца іх краіна. Сюды былі запрошаны найлепшыя з лепшых: фіналісты праекта «Я патрыёт сваёй краіны», выхаванцы ваенна-патрыятычных клубаў пры сілавых структурах, а таксама пасажыры «Цягніка Памяці».
Гэты праект, дарэчы, працягне аб’ядноўваць маладых людзей краін СНД. Яго ўнікальнасць — у асаблівай атмасферы, бо маршрут удзельнікаў праходзіць па ключавых месцах памяці Вялікай Айчыннай вайны. Як адзначыў Аляксандр Лук’янаў, усіх удзельнікаў праекта аб’ядноўвае ўсведамленне сябе спадкаемцамі Вялікай Перамогі. А гэтае адзінства нараджае нярэдка моцнае сяброўства, якое застаецца паміж маладымі людзьмі і пасля ўдзелу ў праекце.

Удзельніца сёлетняга «Цягніка Памяці» Кацярына Ятусевіч, навучэнка ліцэя Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава, падзялілася першымі ўражаннямі ад мерапрыемства, таксама адзначыўшы важнасць камунікацыі: «Дыялогавая пляцоўка — гэта важны складнік нашага сённяшняга, па-сапраўднаму ўнікальнага форуму. Я рада яшчэ раз сустрэцца з удзельнікамі „Цягніка“, з якімі была ў 2025-м, пазнаёміцца з новымі людзьмі, даведацца, як у іх прайшоў „Цягнік памяці“, у якіх яшчэ праектах яны паспелі паўдзельнічаць». У наступным, 2026 годзе, ён стане юбілейным — пятым па ліку. За гэты час у ім прымуць удзел агулам каля тысячы чалавек.
Прапановы вітаюцца
Хлопцы і дзяўчаты падчас дыялогавай пляцоўкі змаглі абмеркаваць свае ўражанні і планы на будучыню, атрымалі магчымасць паразмаўляць са Старшынёй Савета Рэспублікі, упаўнаважаным прадстаўніком кіраўніка дзяржавы ў горадзе Мінску Наталляй Качанавай і іншымі ганаровымі гасцямі, задалі ім хвалюючыя пытанні.
Напрыклад, удзельніца 2023 года Арына Гатоўчыц, студэнтка другога курса Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, расказала: «У праекце я вырашыла ўдзельнічаць па расказах знаёмых хлопчыкаў і дзяўчынак, якія былі ўдзельнікамі першага „Цягніка памяці“. Яны дзяліліся сваімі ўражаннямі, і я вельмі натхнілася іх аповедамі. Сёння, на форуме, хацелася б даведацца, які працяг у праекта, ці будуць дабаўляцца новыя краіны-ўдзельніцы».

Пра гэта пыталіся шмат разоў, прапаноўваючы розныя ідэі і ініцыятывы. Напрыклад, пашырэнне маршрутаў «Цягніка», асабліва ў рэгіёнах. Да таго ж, стаць яго пасажырамі марыць нашмат большая колькасць падлеткаў, чым зараз можна змясціць. А вось удзельнік праекта 2022 года, курсант акадэміі МУС Глеб Шыман хацеў агучыць ідэю аб прыцягненні тых, хто ўжо праехаў на «Цягніку»: «Думаю, яны могуць і далей удзельнічаць у праекце, але ўжо як важатыя або суправаджаючыя, дапамаглі б у арганізацыі».
Гаварылі і пра адраджэнне ў рамках «Цягніка памяці» ўжо амаль забытай традыцыі — адпраўляць адзін аднаму паштоўкі па пошце. На думку ўдзельнікаў дыялогавай пляцоўкі, гэта стала б цікавым і душэўным дапаўненнем да сяброўскіх адносін паміж моладдзю. Кожны, дарэчы, падзяліўся з аўдыторыяй пачуццём гонару ад таго, што атрымалася стаць часткай як форуму, так і «Цягніка памяці».
Але на сустрэчы абмеркавалі не толькі будучыню праекта, але і ўсёй краіны. Сярод сфер, якія найбольш цікавілі прадстаўнікоў актыўнага маладога пакалення, — адукацыя, маладзёжная палітыка, развіццё навуковага і творчага патэнцыялаў Беларусі. Справа ў тым, што шмат хто з удзельнікаў першых маршрутаў «Цягніка памяці», зараз ужо з’яўляюцца студэнтамі. Будучыя маладыя спецыялісты неаднаразова выказвалі і такую думку: трэба часцей арганізоўваць падобныя мерапрыемствы, у тым ліку — збіраць разам выпускнікоў такіх маштабных, доўгачаканых праектаў.
На гэтым мерапрыемствы форуму не скончыліся — у аўторак яго ўдзельнікаў чакаюць у ваеннай часці ва Уруччы, дзе адбудзецца і пленарнае пасяджэнне. Аб гэтым мы таксама абавязкова раскажам.
Аміна НАЗАРАВА
Фота аўтара