Top.Mail.Ru

Больш за 3 500 ратавальнікаў і 1 300 адзінак тэхнікі МНС Беларусі кожны дзень гатовы прыйсці на дапамогу людзям

Штогод па нумарах «101» і «112» паступае больш за 150 тысяч выклікаў. Каб дапамагчы грамадзянам у розных надзвычайных сітуацыях, у нашай краіне створана 12 спецыялізаваных службаў МНС. Сёння даведаемся пра тры з іх: вадалазна-ратавальную, газадымаахоўную і хімічнай і радыяцыйнай абароны.



На глыбіні і на паверхні

Сёння ў сістэме МНС функцыянуе 182 падраздзяленні вадалазна-ратавальнай службы: 8 штатных, якія базіруюцца ў абласных цэнтрах, і 174 падраздзяленні з групамі выратавання на водах. Яны займаюцца выключна дапамогай тым людзям, якія церпяць бедства на вадзе, то-бок без падводных работ. Цэнтр вадалазна-ратавальнай службы Рэспубліканскага атрада спецыяльнага прызначэння «ЗУБР», па словах начальніка цэнтра Алега СЦЯПУКА, працуе не толькі ў сталіцы, але і па ўсёй краіне.

Работа, безумоўна, напружаная, не залежная ад сезонаў: няўдачлівыя рыбакі і бясстрашныя купальшчыкі знаходзяцца ў любую пару года. Таму апроч асноўнай сваёй дзейнасці вадалазы штодня адпрацоўваюць апусканні для падтрымання навыкаў, займаюцца фізічнай падрыхтоўкай, удзельнічаюць у спаборніцтвах. Усё для таго, каб у любы момант прыйсці на дапамогу, нават за межамі краіны. Напрыклад, у 2014 годзе беларускія ратавальнікі дапамагалі калегам у Сербіі падчас разбуральнага затаплення — колькасць ападкаў была самай вялікай за апошнія 120 гадоў вымярэнняў на гэтай тэрыторыі. «Сёння наша служба абсталявана самымі сучаснымі тэхнічнымі сродкамі. Гэта і гідрацыклы, і судны на паветраных падушках, і аэралодкі „Пірання-4“, — пералічвае Алег Сцяпук. — Апошнія — універсальная навінка, здольная перамяшчацца як па вадзе, лёдзе, так і па сушы».

Большасць вадаёмаў Беларусі — прэсныя азёры і хуткія рэкі з абмежаванай бачнасцю пад вадой. У залежнасці ад часу і месца апускання вадалазам часта даводзіцца працаваць практычна ўсляпую, арыентуючыся навобмацак. Таму перад кожным апусканнем каманда абавязана старанна распланаваць парадак дзеянняў, дакладна вызначыць задачы кожнага, у тым ліку на выпадак пазаштатных сітуацый. Такі падыход дапамагае трымаць сябе ў руках нават у самых складаных умовах.


Калі разбіўся градуснік

Небяспека работы спецыялістаў службы хімічнай і радыяцыйнай абароны на першы погляд зусім незаўважная. Аляксандр КЛЯУС, намеснік начальніка цэнтра хімічнай і радыяцыйнай абароны РАСП «ЗУБР» МНС, тлумачыць, што асноўнай задачай іх службы з’яўляецца правядзенне спецыяльных работ на тэрыторыі хімічнага заражэння і радыеактыўнага забруджвання. Сюды ўваходзіць цэлы комплекс дзеянняў: ад разведкі і вымярэння ўзроўню небяспечных рэчываў або радыяцыі, лакалізацыі яе крыніц да дэзактывацыі тэхнікі і нават спецыяльнай санітарнай апрацоўкі насельніцтва.

Але больш за 90 % ад усіх выклікаў службы прыпадаюць на разбітыя градуснікі, зрэдку — на паломку прамысловага абсталявання. Напрыклад, нядаўна ў Салігорску на 4-м рудаўпраўленні прадпрыемства «Беларуськалій» адбылася ўцечка салянай кіслаты. Разведкай мясцовасці, ратаваннем пацярпелых і іншымі работамі займалася тады менавіта служба хімічнай і радыяцыйнай аховы.

На ўзбраенні ў яе супрацоўнікаў — далёка не самае простае абсталяванне. Для ліквідацыі надзвычайных сітуацый маюцца аўтамабілі хімічнай і радыяцыйнай абароны, спецыяльныя прыборы для ліквідацыі цечы і нават мабільная лабараторыя, з дапамогай якой прама на месцы можна правесці неабходныя даследаванні (дарэчы, у краіне яна адзіная). 

А газааналізатары на чатыры элементы (хлор, аміяк, аксід вугляроду і выбухованебяспечныя газы) дапамагаюць даведацца, чым дакладна забруджана тэрыторыя. І гэта яшчэ не ўсё — спектрометрамі ратавальнікі вызначаюць склад радыеактыўных рэчываў у прадуктах харчавання і будматэрыялах, спецыяльнымі прыборамі можна выявіць цяжкія металы ў глебе і вадзе.


Для моцных целам і духам

Газадымаахоўная служба займаецца забеспячэннем і арганізацыяй работы ратавальнікаў у непрыдатным для дыхання асяроддзі. У Беларусі, дзе пажары застаюцца самай частай надзвычайнай сітуацыяй, яе супрацоўнікі, напэўна, самыя запатрабаваныя з усіх спецыялізаваных службаў. Прычым, як тлумачыць Дзяніс ІГНАТОВІЧ, старшы памочнік начальніка штаба ліквідацыі надзвычайных сітуацый Мінскага гарадскога ўпраўлення МНС, небяспечны часам не столькі агонь, колькі дым ад яго. Больш за ўсё людзі гінуць менавіта з-за атручэння чадным газам. На тое, каб вывесці з месца задымлення пацярпелых і ліквідаваць узгаранне, у ратавальнікаў ёсць усяго каля 30 хвілін — на столькі хапае сціснутага паветра ў дыхальным апараце. Калі патрэбна больш часу — апарат мяняюць і зноў вяртаюцца ў небяспечнае асяроддзе.

Дарэчы, важыць такі апарат не менш за 30 кілаграмаў, а з дадатковымі інструментамі — усе 50. Таму прафесія, вядома, патрабуе фізічнай сілы і вынослівасці. Падтрымліваць форму дапамагаюць пастаянныя трэніроўкі. Заняткі для газадымаахоўнікаў праводзяцца не радзей за два разы на месяц, а раз у квартал іх чакае абавязковае выпрабаванне ў дымакамеры — спецыяльным трэніровачным комплексе, дзе штучна ствараецца абстаноўка, блізкая да рэальнага пажару. На вучэннях усё адпрацоўваецца да аўтаматызму: пракладка рукавоў да ўмоўнага месца ўзгарання, пошук і эвакуацыя пацярпелага ва ўмовах нулявой бачнасці.

Сапраўды, падчас пажару ратавальнікі часта рухаюцца ў поўнай або частковай цемры, арыентуючыся збольшага, толькі на сцены і іншыя канструкцыі — літаральна намацваюць шлях наперад.

І таму, як адзначыў Дзяніс Ігнатовіч, кожны газадымаахоўнік ў звяне павінен або мець зрокавы кантакт з таварышам, або ўсведамляць яго прысутнасць праз гук ці дотык. А галоўнае правіла службы: колькі людзей зайшло, столькі і павінна выйсці. Гэта датычыцца як жыхароў ці наведвальнікаў будынка, так і саміх ратавальнікаў.

Аміна НАЗАРАВА
Фота аўтара

Чытайце таксама: Распрацоўкі ратавальнай ВНУ Беларусі прадстаўлены на міжнароднай выставе ў Шанхаі

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю