...Колькі глядзіш на вырабы гэтага майстра — столькі здзіўляешся ды захапляешся. Гэта ж колькі цярпення трэба ўкласці ў ланцужок з дрэва ці раўнюткі шарык, колькі душы ў скульптуру жанчыны-музы? Колькі фантазіі — у казачныя сюжэты на драўляных лыжках, каб ніводны з іх не паўтарыўся?
Для Яўгена Паўлавіча Осіпава нічога незвычайнага ў гэтым няма: спрытнасць рук, маўляў, і ніякага махлярства...
— З дрэва я пачаў выразаць у сталым узросце, гадоў у 45, — прызнаецца майстар. — Да ўсяго даходзіў сваім розумам, сваім жа мазалём, а часта яшчэ і параненымі рукамі. Першымі творамі сталі крэслы, якія ў якасці падарунка адправіў у Маскву. Пасля пачаў выразаць нешта драбнейшае, сувенірнае.
У асартыменце Яўгена Паўлавіча — і драўляныя лыжкі, на кожнай з якіх сур’ёзны ці гумарыстычны сюжэт, кампазіцыя, карціна, бо проста ўзяць ды выразаць лыжку — гэта, на думку майстра, зусім нецікава і нават сумна. А так — захапляльны творчы працэс: выраб спачатку «малюецца» ў галаве, прадумваюцца ўсе дэталі... Аднойчы, напрыклад, узнікла ідэя зрабіць не проста самую вялізную, але і самую незвычайную лыжку — з дуба з нашым міфічным цмокам даўжынёй больш за 20 метраў.
— Лёгкіх шляхоў мы і раней не шукалі, — прызнаецца майстар, але вось гэты быў дужа складаным. Працавалі разам з памочнікамі з восені да вясны, бо драўніна ў дуба вельмі цвёрдая, шчыльная...
У пакоі-музеі драўлянай лыжкі (адзіным, дарэчы, у нашай краіне) шмат вырабаў Яўгена Паўлавіча, прычым з самых розных дрэў. Самае падатлівае з іх — ліпа, з якой найчасцей і працуе майстар. Яго калекцыя лыжак пабывала ў Кітаі, куды Осіпаў трапіў разам з дэлегацыяй Мінскай вобласці, сам ён браў удзел у двух фестывалях у Турцыі, даваў майстар-клас разьбы ў беларускім пасольстве ў Маскве... Што ўжо казаць пра тутэйшыя, раённыя ды рэспубліканскія конкурсы, святы, фестывалі.
— Дыпломаў, грамат, падзяк — поўная тумбачка, — ганарыцца Яўген Паўлавіч. — Дзякуючы захапленню разьбой я змог і свет паглядзець, і з вядомымі людзьмі пазнаёміцца. Маю званне народнага майстра Беларусі.
Іншымі словамі, разьба па дрэве з хобі, якое было спачатку, ператварылася ў справу жыцця. А, між тым, за плячыма ў майстра амаль 40 гадоў педагагічнага стажу.
Настаўнічаць у Бярэзінскі раён Яўген Паўлавіч прыехаў па размеркаванні з Віцебшчыны. Выкладаў фізіку, матэматыку, інфарматыку, вёў заняткі ў фотагуртку. Разам з вучнямі, успомніўшы сваё школьнае захапленне мадэляваннем, майстравалі самалёт, які нават уздымаўся ў неба... Адным словам, творчасці ў жыцці як быццам хапала. «Драмала» да пары хіба разьба па дрэве.
Трэба сказаць, што справа гэта не з лёгкіх, не для дзявочых, не для жаночых рук. Між тым дзяўчынкі — нават цэлая сям’я разам з мамай — сярод яго вучняў былі.
— Магчыма, далёка не ўсе дзеці, якія наведвалі школу лыжкарскага майстэрства ў нашым цэнтры рамёстваў, будуць займацца разьбой па дрэве, але асобныя — раней ці пазней абавязкова, — упэўнены Яўген Паўлавіч.
Гэта вера ў майстра — з уласнага жыцця, дзе былі і цёмныя палосы (перыяды адчаю), і светлыя, калі з шасці гадзін раніцы і да глыбокай ночы можна было пракарпець над дрэвам, каб ажывіць яго, стварыць вобраз, для чаго патрэбны не толькі тэхнічныя навыкі, але і рэдкі мастацкі густ, дакладнасць, уменне ствараць прыгажосць.
Усё гэта пераняў ад бацькі і сын суразмоўцы: жывучы і працуючы ў Мінску, Павел знаходзіць час, каб адвесці душу — папрацаваць з дрэвам.
У самога ж Яўгена Паўлавіча разам з найбліжэйшымі планамі ёсць перспектыўныя. Адна з яго задум — дапоўніць кампазіцыю «На Купалле», дзе будуць і папараць-кветка, і касцёр, і гарманіст. Усё — як было. І, напэўна ж, будзе?
Ала Альфер, г. Беразіно