Прызнацца шчыра, калі я сустрэлася з Анастасіяй Андрэеўнай, цяжка было паверыць, што перада мной — хірург. Я не магла зразумець, як гэта мілая ўсмешлівая жанчына выбрала такую няпростую прафесію і як ёй удаецца выконваць вялікі аб’ём работы ў напружаным рэжыме.
— Як правіла, у нашу ўстанову паступаюць людзі, што пацярпелі ад пажараў. Многія з іх знаходзяцца ў цяжкім стане. Працуючы «на адрэналіне», хірург клапоціцца аб адным — выратаваць жыццё чалавека. Тут не месца залішнім эмоцыям, сваю работу трэба зрабіць на самым высокім узроўні. У большасці выпадкаў для таго каб чалавеку аднавіць сваю нармальную жыццядзейнасць, патрэбны не адзін месяц, — расказвае Анастасія Андрэеўна.
— Быць урачом, выратоўваць жыцці людзей — аб гэтым я марыла з дзяцінства,— шчыра прызнаецца суразмоўца. — Мне было заўсёды цікава, як працуе арганізм чалавека. Памятаю, як разам са сваімі сяброўкамі часта гуляла «ў доктара». Я заўсёды захаплялася прафесіяй урача, мне таксама вельмі хацелася дапамагаць людзям. Добра вучылася ў школе, паглыблена вывучала біялогію, хімію, і ўжо ў старэйшых класах свой выбар зрабіла цвёрда — Гомельскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт.
У студэнцкія гады Анастасія зразумела, як шмат значыць для яе будучая прафесія. Яна ўваходзіла ў лік лепшых студэнтаў установы, і калі на шостым курсе надышоў час праходзіць субардынатуру па прафесіі, без ваганняў выбрала хірургічны профіль.
Урачэбную практыку ў хірургічным аддзяленні Гомельскай гарадской клінічнай бальніцы № 2 суразмоўца ўспамінае і сёння.
— Памятаю, з якой цікавасцю я назірала за работай вопытных хірургаў. Мяне ўразілі іх прафесійнае майстэрства, унутраны спакой і асаблівая дакладнасць, уменне засяродзіць увагу на дэталях, — расказвае спецыяліст. — Памятаю і свой першы ўдзел у аперацыі па выдаленні грыжы. Я была асістэнтам хірурга, хвалявалася вельмі. Паступова да мяне прыйшла большая ўпэўненасць, я стала часцей удзельнічаць у складаных аперацыях з вопытнымі хірургамі. Не менш важна і тое, што на працягу ўсяго перыяду навучання мы з аднакурснікамі падтрымлівалі адзін аднаго, разам радаваліся сваім поспехам.
Пасля вучобы Анастасія атрымала размеркаванне на работу ў Лепельскую цэнтральную раённую бальніцу. Менавіта тут у маладога хірурга з’явілася магчымасць праявіць свае атрыманыя навыкі. Дарэчы, яна стала першай жанчынай-хірургам у Лепельскім раёне.
Праз чатыры гады, ужо маючы адпаведны працоўны вопыт, Анастасія Санковіч вырашыла паглыбіць сваю прафесійную кваліфікацыю. Для гэтага яна пераехала ў сталіцу і паступіла ў клінічную ардынатуру. Вучобу на працягу двух гадоў хірург сумяшчала з работай у гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі.
— Такім чынам у мяне з’явілася больш магчымасцяў для прафесійнага развіцця. Я брала ўдзел у шматлікіх складаных аперацыях, пазнаёмілася з многімі высокакваліфікаванымі спецыялістамі і пераканалася ў тым, што гэта вельмі важны этап у маім прафесійным станаўленні.
Працуючы ў цэнтры камбустыялогіі, яна практычна кожны дзень сутыкаецца са складанымі траўмамі. Але жаданне хутчэй дапамагчы чалавеку, суцішыць яго боль, пераважвае ўсе эмацыянальныя моманты. Яна на сваім месцы — вельмі важнае для ўрача адчуванне.
— Сярод моладзі нярэдка даводзіцца чуць разважанні наконт таго, што для атрымання дастойнай зарплаты і павышэння прафесійнага ўзроўню трэба працаваць за мяжой. Абсалютна не згодна з гэтым, — кажа вопытны хірург. — Магу з упэўненасцю сказаць, што наша медыцына дасягнула высокага ўзроўню. Мы можам рабіць складаныя віды аперацый, хутка аказваць дапамогу ў надзвычайных выпадках. Для гэтага ў нас ёсць і сучаснае высокатэхналагічнае абсталяванне, і добра падрыхтаваныя спецыялісты. Беларускія ўрачы маюць шэраг карысных напрацовак, якімі дзеляцца з калегамі з-за мяжы. Нам ёсць кім і чым ганарыцца. Моладзі, якая робіць першыя крокі ў прафесіі, я шчыра жадаю цвёрда ісці да пастаўленай мэты, не звяртаючы ўвагу на цяжкасці. Сваю справу трэба любіць усім сэрцам, укладваць у яе душу, і яна абавязкова прынясе поспех!
Святлана СІЛЬВАНОВІЧ
Фота з асабістага архіва гераіні