Top.Mail.Ru

Як установа адукацыі з багатай гісторыяй стварае новыя магчымасці для навучэнцаў

Мінскі дзяржаўны механіка-тэхналагічны каледж у наступным годзе адзначыць 70-гадовы юбілей. Установа адукацыі ўвойдзе ў юбілейны год з новымі спецыяльнасцямі, сучаснымі памяшканнямі і пашыраным узаемадзеяннем з іншымі каледжамі краіны.



Новыя спецыяльнасці і кірункі для сучаснай вытворчасці

Гісторыя каледжа пачыналася з фабрычна-завадской школы пры Мінскім мясакамбінаце. З таго часу адбылося нямала змен і пераўтварэнняў, якія стварылі адну з найбольш тэхналагічна абсталяваных устаноў адукацыі ў сталіцы.

Як адзначае намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Ганна ДОЎГАЯ, развіццё каледжа адбывалася паступова і планамерна і сёння ў каледжы вядзецца падрыхтоўка па вялікай колькасці кірункаў. Гэта блок грамадскага харчавання (кулінары, кандытары, вытворцы мясной прадукцыі), падрыхтоўка слесараў і машыністаў, а таксама наладчыкаў нізкатэмпературнай тэхнікі. У 2024 годзе каледж адкрыў для сябе прынцыпова новую спецыяльнасць — «Апрацоўшчык рыбы і морапрадуктаў».

«Мы адкрылі спецыяльнасць, якая стала вельмі запатрабаванай. На Міншчыне шмат прадпрыемстваў, што займаюцца перапрацоўкай рыбы. Таму мы вырашылі рыхтаваць спецыялістаў для гэтай галіны — повараў і апрацоўшчыкаў рыбы і морапрадуктаў, ідзём у нагу з часам», — падкрэслівае Ганна Доўгая.

Яшчэ адна надзвычай патрэбная спецыяльнасць — апаратчык шырокага профілю ў вытворчасці хіміка-фармацэўтычных прэпаратаў. Выпускнікі працуюць на буйных беларускіх фармпрадпрыемствах: ад «Белмедпрэпаратаў» да «Акадэмфарма».

Не абыходзіць каледж і ІT-сферу. Тут рыхтуюць тэхнікаў-праграмістаў, а сёлета ўпершыню сфарміравалі групу аператараў электронна-вылічальнай тэхнікі і наладчыкаў апаратнага ПЗ, у якой навучаюцца і дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

Каледж як цэнтр кампетэнцый

Ва ўстанову прыходзяць выпускнікі як 9-х класаў, так і 11-х. «У большай ступені гэта, вядома, дзевяцікласнікі, але ў гэтым годзе вельмі вырас удзел выпускнікоў пасля 11 класа. Асабліва шмат іх у групах повараў і праграмістаў», — адзначае Ганна Доўгая. Усяго ў каледжы навучаецца больш за 1 150 чалавек.

Аднак гэта далёка не ўсе — на яго базе створаны Цэнтр кампетэнцый па наладцы і эксплуатацыі нізкатэмпературнай тэхнікі, які дазваляе арганізоўваць сеткавае навучанне.

«Да нас прыязджаюць вучні з іншых каледжаў, дзе няма такой шырокай матэрыяльна-тэхнічнай базы. Яны праходзяць навучанне ў нас, мы можам прапанаваць абсталяванне, якога часам няма нават на прадпрыемствах», — тлумачыць Ганна Доўгая. Дарэчы, менавіта на базе каледжа адбываюцца гарадскія конкурсы. Так, сёлета пройдзе юбілейны пяты конкурс па наладцы нізкатэмпературнай тэхнікі.

Андрэй ЗІНОЎЧЫК, загадчык Цэнтра кампетэнцый па наладцы і эксплуатацыі нізкатэмпературнай тэхнікі, расказвае пра дзейнасць цэнтра так: «Вучым. Павышаем кваліфікацыю. Усім, што звязана з холадазабеспячэннем, мы і займаемся». Ён падкрэслівае, што навучанне тут практычнае: 

«У іх ёсць схема — электрычная, гідраўлічная. Што і як сабяруць — прастора для творчасці, яны ў нас майстры».

Загадчык цэнтра ўдакладняе, што хоць устаноўкі, на якіх працуюць вучні, новыя, усе яны розныя па прызначэнні. Парадак навучання наступны: спачатку лекцыі па аўтаматызацыі, потым практыка з асаблівай увагай да тэхнікі бяспекі: «Ёсць выкладчык, ёсць прадмет „Ахова працы“, экзамен. Без гэтага ні на адно прадпрыемства іх не дапусціць. Жыццё і здароўе дзіцяці — прыярытэт. Жывымі-здаровымі прыйшлі — такімі ж павінны і выйсці».

Педкалектыў — аснова якаснай адукацыі

Увогуле ж, механіка-тэхналагічны каледж — адна з тых устаноў, дзе пра супрацоўнікаў часта кажуць «свая сям’я». Ганна Доўгая тлумачыць гэта на асабістым прыкладзе: «Я прыйшла сюды працаваць яшчэ на чацвёртым курсе, у 2017 годзе. Думала, што адпрацую па размеркаванні і пайду. Але ўжо амаль восем гадоў тут, вырасла да намесніка дырэктара. Атмасфера — вельмі дружалюбная, працоўная. Калі б было інакш, каледж не змог бы так развівацца». Яна адзначае, што кадравай цякучасці фактычна няма: «Мы выпускаем тэхнікаў, тэхнолагаў, майстроў. Сёлета дзевяць нашых выпускнікоў прыйшлі да нас жа працаваць. Мы іх вучылі — цяпер гэта нашы калегі».

Каледж упэўнена ідзе ў юбілейны год з новымі кірункамі, умацаванай матэрыяльнай базай і моцнай супольнасцю выкладчыкаў і навучэнцаў. Ён застаецца адной з тых устаноў, дзе гісторыя і сучаснасць не супярэчаць адна адной, а ствараюць стабільную аснову для будучыні.

Міхаіл Данілковіч
Фота дадзена каледжам


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю