Цырымонія адбылася ў рамках міжнароднага Тыдня бізнесу, які прайшоў ва Уфе на мінулым тыдні. З боку БУТБ подпіс на дакуменце паставіў начальнік упраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці біржы Яраслаў Кавальчук, а з боку ЦПЭ — дырэктар дадзенай арганізацыі Таццяна Ізотава. Плануецца, што работа па рэалізацыі асноўных кірункаў узаемадзеяння, указаных у пагадненні, пачнецца ў найбліжэйшы час, каб ужо да канца бягучага года выйсці на яшчэ больш высокія паказчыкі біржавога тавараабароту паміж Беларуссю і Башкартастанам.
— Па выніках 11 месяцаў сума біржавых здзелак удзельнікаў таргоў з Башкартастана перавысіла 5,4 мільёна долараў, што ў два разы больш, чым за такі ж перыяд мінулага года. Ільвіная доля тавараабароту прыйшлася на пастаўкі ў Башкартастан беларускага сухога малака, сметанковага масла, мясапрадуктаў і піламатэрыялаў. Па імпарце закупляліся толькі невялікія аб’ёмы вырабаў з чорных металаў, — расказаў начальнік упраўлення ЗЭД БУТБ Яраслаў Кавальчук. —
У сувязі з гэтым адна з ключавых мэт пагаднення аб супрацоўніцтве з рэгіянальным цэнтрам экспарту — прыцягнуць на біржавую пляцоўку башкартастанскіх таваравытворцаў для рэалізацыі іх прадукцыі ў секцыі «прамысловыя і спажывецкія тавары». Гэты сегмент біржавога рынку ідэальна падыходзіць для суб’ек-таў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, зацікаўленых у арганізацыі збыту за мяжой, дазваляючы ім выкарыстоўваць лічбавую інфраструктуру біржы як альтэрнатыву традыцыйнай тавараправоднай сеткі.
У тым, што калабарацыя БУТБ і ЦПЭ Башкартастана станоўча адаб’ецца на дынаміцы аб’ёмаў біржавога гандлю Беларусі і рэгіёна ўпэўнена і Таццяна Ізотава. Паводле яе слоў, біржа дае прадпрымальнікам цэлы шэраг інструментаў, якія спрашчаюць работу на знешнім рынку і якія робяць яе значна больш эфектыўнай.
— Ніколькі не сумняваюся, што біржа адкрые новыя магчымасці для малога і сярэдняга бізнесу Башкартастана не толькі па рэалізацыі, але і па закупках тавараў у Беларусі. Асабліва гэта датычыцца вытворцаў імпартазамяшчальнай прадукцыі, якія хацелі б пастаўляць свае тавары беларускім спажыўцам, а таксама набываць сыравіну і камплектуючыя ў рамках праектаў прамысловай кааперацыі. Лічу, што ў гэтых адносінах у нас сапраўды шырокае поле для ўзаемадзеяння, — падкрэсліла дырэктар ЦПЭ Башкартастана.
Дарэчы, па стане на 5 снежня бягучага года на БУТБ былі акрэдытаваны 33 удзельнікі біржавых таргоў з Башкартастана. Гэта на пяць больш, чым у пачатку года.