Гэта сапраўды быў марафон: з Кіргізіі — у М’янму, з М’янмы — у Аман, з Амана — у Алжыр, пасля зноў у Аман. Дзясяткі тысяч кіламетраў адлегласці, перагаворы на найвышэйшым узроўні па некалькі гадзін. Усё дзеля таго, каб умацаваць пазіцыі Беларусі, арганізаваць новыя выгадныя праекты, знайсці новыя рынкі.
Каб развівалася эканоміка, а разам з ёй і краіна, каб людзям у гэтай краіне жылося лепш — каб была работа, годная зарплата, упэўненасць у заўтрашнім дні.
З улікам спецыфікі рэгіёна
Краіны «далёкай дугі», інтэнсіфікацыя супрацоўніцтва з імі — адносна новая для нас тэма, яна мае сваю спецыфіку, патрабуе ведання і дыпламатычнай інтуіцыі.
У нашага Прэзідэнта яна ёсць, ён ведае, як і ў якім фармаце размаўляць з лідарамі краін, дзе іншыя, чым у нас, традыцыі вядзення спраў, і знаходзіць з імі агульную мову.
Напрыклад, у краінах арабскага Усходу перагаворы аб важным не вядуцца ў публічнай прасторы. Так было ў Алжыры і ў Амане.
Прэс-сакратар Прэзідэнта Беларусі Наталля Эйсмант у эфіры тэлеканала «Беларусь 1» адзначыла, што перагаворы паміж беларускім і аманскім бакамі мелі закрыты характар, паколькі такіх прынцыпаў прытрымліваюцца ў самім рэгіёне.
«У гэтым рэгіёне прывыклі працаваць у цішыні, і тут не трэба шукаць ніякіх скрытых сэнсаў. Гэта той фармат, у якім працуюць у гэтым рэгіёне», — сказала прэс-сакратар кіраўніка дзяржавы.
У краінах Персідскага заліва вялікую ўвагу ўдзяляюць сям’і, таму на перагаворах у Амане прысутнічалі сыны Аляксандра Лукашэнкі. Наталля Эйсмант растлумачыла, што гэта вельмі важна:
«У іх гэта сапраўды знак асаблівай павагі, асаблівай увагі і асаблівых адносін да развіцця двухбаковага ўзаемадзеяння, калі замацаваная асоба за ўзаемадзеяннем паміж краінамі, за супрацоўніцтвам — гэта прадстаўнікі сям’і. Вось у гэтым выпадку старэйшы сын Прэзідэнта», — заўважыла яна.
Наталля Эйсмант дадала, што для Віктара Лукашэнкі, які кіруе Нацыянальным алімпійскім камітэтам, курыраванне адносін з Аманам — вельмі сур’ёзная дадатковая нагрузка і адказнасць. «Але ў гэтых краінах так прынята. І гэта сапраўды вельмі дапамагае. Гэта такая дадатковая ўвага, дадатковы кантроль. Гэта дае вельмі сур’ёзны штуршок для развіцця двухбаковых адносін. Вось таму на сустрэчы прысутнічалі сыны», — сказала прэс-сакратар Прэзідэнта.
У краінах Персідскага заліва размаўляць гатовы з моцнымі лідарамі, якія праводзяць незалежную палітыку дзеля свайго народа. Гэта яшчэ адна прычына, чаму Аляксандру Лукашэнку паспяхова ўдаецца дамаўляцца аб супрацоўніцтве і сумесных праектах.
«Беларусь стаіць на варце сваіх інтарэсаў. Гэта заслуга Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, які зрабіў так, што Беларусь успрымаюць менавіта як сур’ёзную краіну, якой можна нешта прапанаваць, — адзначыў у эфіры тэлеканала „Першы інфармацыйны“ расійскі палітолаг, выкладчык эканамічнага факультэта РУДН Фархад Ібрагімаў. — І калі Беларусі гэта будзе цікава, то яна на гэта адгукнецца. Таму Лукашэнку сустракаюць адпаведным чынам і ў Пакістане (да гэтага мы бачылі з вамі), і ў Амане, і ў Эміратах. Ён карыстаецца гіганцкай папулярнасцю ў краін Глабальнага Поўдня і на Блізкім Усходзе».
Эксперт зазначыў, што краіны гэтага рэгіёна няпростыя, не кожнага лідара або кіраўніка дзяржавы тут будуць успрымаць на роўных. Гаворачы аб Шольцы і Макроне, палітолаг выказаў меркаванне, што імі ў краінах Персідскага заліва пагарджаюць, таму што не бачаць у іх ніякіх лідараў. «Уладзімір Пуцін, Аляксандр Лукашэнка карыстаюцца гіганцкім аўтарытэтам. Блізкаўсходнія краіны разумеюць, што прыйдзе калі-небудзь час, калі нафты не будзе. Трэба развіваць нешта іншае. Дапусцім, Беларусь дэманструе поспех у развіцці сумесных прадпрыемстваў з тым жа Кітаем, з Расіяй. Гэта вельмі прыцягвае манархіі краін Заліва».
«Калі хочаш быць наперадзе — трэба бегчы»
Менавіта гэты пасыл Прэзідэнта галоўны па выніках камандзіроўкі ў краіны «дальняй дугі» для тых, хто будзе выконваць заключаныя на найвышэйшым узроўні дамоўленасці па рэалізацыі важных для Беларусі праектаў.
«Прэзідэнт ад нас усіх патрабуе паскарацца. Як ён гаворыць, жыццё такое, што, калі хочаш быць наперадзе, трэба бегчы. І таму пакідаць на заўтра тое, што можна зрабіць сёння, — гэта тая раскоша, якая недазваляльная. Тым больш задача стаіць кратна нарасціць нашу прысутнасць і нашы адносіны з краінамі «далёкай дугі», — падкрэсліў міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў у эфіры тэлеканала СТБ.
Ён, у прыватнасці, прыгадаў М’янму і Алжыр, куды Аляксандр Лукашэнка зрабіў афіцыйныя візіты. Яшчэ зусім нядаўна першая ў многім была для Беларусі тэра інкогніта, а з Алжырам супрацоўніцтва вельмі добра развівалася ў часы Савецкага Саюза, але потым гэты напрамак трохі забыўся.
Кіраўнік МЗС адзначыў, што, выбудоўваючы адносіны з краінамі «далёкай дугі», нельга толькі спарадычна глядзець у бок адпаведных рэгіёнаў і выбудоўваць адносіны час ад часу, паколькі стаіць задача ў тым ліку па дыверсіфікацыі экспарту на фоне санкцый Захаду.
«Трэба шукаць сяброў, саюзнікаў па ўсім свеце», — заявіў міністр, адзначыўшы, што якраз на гэта і накіраваны такія «кумулятыўныя выезды», калі Прэзідэнт за адну камандзіроўку робіць некалькі візітаў у розныя краіны.
Адказваючы на пытанне, як менавіта выбудоўваецца той ці іншы маршрут, Максім Рыжанкоў расказаў, што тут важна ўлічыць шмат фактараў, пачынаючы ад сумяшчэння графікаў лідараў краін, вырашэння магчымых пратакольных фармальнасцяў. Для некаторых краін, напрыклад, можа быць важна, каб менавіта да іх быў першы візіт. Часам таксама маюць значэнне некаторыя палітычныя нюансы: з якой краіны прыбыў і куды накіроўваешся пасля візіту. «Пытанне складанае і для пратакола, і ў палітычным плане», — адзначыў кіраўнік МЗС.
Прэзідэнт з усімі, з кім планавалася, пагаварыў, аб многім дамовіўся. Справа — за выкананнем, тым больш, як адзначае кіраўнік нашай краіны на ўсіх міжнародных сустрэчах, беларускі бок заўжды трымае сваё слова і ўсе дамоўленасці выконвае.
«Галоўнае слова, якое мы чуем ад Прэзідэнта, — гэта тэмпы. Вось гэта цяпер самае галоўнае. На гэтым робіць акцэнт Прэзідэнт: ні ў якім разе не тармазіць, ні ў якім разе ніякіх бюракратычных прамаруджванняў, — адзначае Наталля Эйсмант. — Нічога не павінна перашкаджаць. Тэмп, тэмп, тэмп. Сферы вызначаны, праекты ёсць. Іх будзе яшчэ больш, але патрэбны тэмпы. Час цяпер такі, што не ісці, а бегчы трэба».