Top.Mail.Ru
0

Дэлегаты УНС ідуць на Сход з настроем на стваральную працу

08.12.2025 | 20:19

Сярод амаль тысячы двухсот дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу людзі розных прафесій, яны прадстаўляюць розныя сферы жыцця, розныя рэгіёны. Але ўсе ідуць на форум з адчуваннем вялікай адказнасці за будучыню краіны і гонару за тое, што маюць да яе вырашэння непасрэднае дачыненне не толькі ад свайго імя, але і ад імя сваіх землякоў і калег.



Дэлегат УНС, член Савета Рэспублікі, галоўны інжынер — першы намеснік генеральнага дырэктара ААТ «Магілёўхімвалакно» Канстанцін СІРОЦІН:

— Для мяне быць дэлегатам УНС — значыць несці адказнасць за лёс сваёй краіны. А мы жывём у незалежнай, суверэннай, мірнай краіне, якая развіваецца, захоўваючы свае гістарычныя каштоўнасці. Таму наша найгалоўнейшая задача — берагчы і захоўваць тое, што нам дорага, што гадамі стваралася нашым народам.

УНС — унікальны інстытут, створаны з мэтай забяспечыць удзел грамадзян у кіраванні дзяржавай і абмеркаванні ключавых пытанняў развіцця краіны. УНС стаў важным элементам палітычнай сістэмы Беларусі і адлюстроўвае імкненне ўлад да пошуку новых форм узаемадзеяння з грамадствам. Гэта форум усяго народа, а падобны дыялог з народам — найвышэйшая форма дэмакратыі. Задача ж кожнага дэлегата застаецца нязменнай — падштурхнуць чалавека задумацца аб заўтрашнім дні, аб тых сацыяльных гарантыях, якія застануцца і будуць дзейнічаць доўгія дзесяцігоддзі, а не скончацца ў пэўны момант з сыходам кіраўнічых структур, якія адказваюць за імгненнае развіццё. Але тут трэба разумець, што, разлічваючы на паўсюдную падтрымку і клопат дзяржавы, чалавек павінен і сам прыкладаць намаганні, каб прыносіць дабро сабе і месцу, дзе нарадзіўся і жыве.

На другім пасяджэнні, да якога застаецца не так шмат часу, адным з пытанняў будзе зацвярджэнне Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2026–2030 гады. Дакумент задасць вектар развіцця краіны на будучую пяцігодку. Тут і ўстойлівае развіццё рэгіёнаў, і лічбавізацыя эканомікі, і мадэрнізацыя прамысловага сектара, і забеспячэнне эканамічнай бяспекі дзяржавы. Важны момант, што стварэнне і дапрацоўка праекта праграмы ажыццяўляліся ў цесным узаемадзеянні з грамадзянамі.

Дэлегат УНС, член Пастаяннай камісіі па эканамічнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Руслан ВЯГЕРА:


— Этапу прыняцця Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2026–2030 гады папярэднічала карпатлівая праца ўрада і зацікаўленых профільных структур, уключаючы ўдзел дэлегатаў УНС. Гэта праграма неаднаразова абмяркоўвалася ў Авальнай зале Дома ўрада дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў, дзе карэкціраваліся палажэнні і напаўненне з улікам меркаванняў грамадзян, — падкрэслівае парламентарый. — Як прадстаўнік асобных раённых цэнтраў нашай краіны, выбраны дэлегатам УНС, я хацеў бы вылучыць у праграме важнасць сучасных і інавацыйных падыходаў да ўмацавання аграпрамысловага сектара сельскіх тэрыторый. Асаблівая ўвага ўдзяляецца падтрымцы і пашырэнню малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў рэгіёнах. Аднак асноватворным аспектам з’яўляецца раскрыццё чалавечага патэнцыялу, паляпшэнне ўмоў жыцця беларусаў ва ўсіх кутках нашай краіны за кошт павышэння стандартаў дабрабыту насельніцтва. Праграма мае дакладнае размеркаванне прыярытэтаў і грунтуецца на дзяржаўных і рэгіянальных праграмах развіцця. Гэта гарантуе яе эфектыўнае выкананне з пункту гледжання фінансавання і рэсурснага забеспячэння, а таксама сістэму паказчыкаў для ацэнкі дасягнення мэт з вызначэннем персанальнай адказнасці членаў урада.

Дэлегат УНС, старшыня Лідскага раённага выканаўчага камітэта Аляксандр ВЯРСОЦКІ:


— Чарговае пасяджэнне дэлегатаў VІІ Усебеларускага народнага сходу — працяг падзей, якія адбываліся сёлета, калі мы выбіралі Прэзідэнта нашай краіны. Мы не новага чалавека выбралі. Мы выбралі чалавека, якога вельмі добра ведаем. Ён не зменіць таго курсу, які праводзіць ужо больш як 30 гадоў. Грэе душу, што ўсё тое добрае, што ёсць у Беларусі, будзе мець свой працяг. Пацвярджэнне гэтаму — Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2026–2030 гады, якую мы, дэлегаты, будзем прымаць падчас Сходу. Яна прадугледжвае канкрэтныя меры па паляпшэнні дабрабыту нашых людзей. Адметна, што праектам гэтага найважнейшага дакумента запланавана будаўніцтва школы ў Лідзе на 1020 месцаў. Безумоўна, гэта падзея стане ўнёскам у дэмаграфічную бяспеку раёна, павысіць даступнасць адукацыі, што яшчэ раз пацвярджае сацыяльную накіраванасць нашай дзяржавы.

Дэлегат УНС, інспектар па кадрах УКП ЖКГ «Бешанковіцкі камунальнік» Галіна САЛОХА:


— Адным з ключавых пытанняў, якія будуць разгледжаны на сходзе, стане абмеркаванне вынікаў рэалізацыі Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2021–2025 гады, а таксама прыняцце адпаведнай Праграмы на будучую пяцігодку, мэта якой — фарміраванне самадастатковай і канкурэнтаздольнай дзяржавы, у цэнтры якой — чалавек. Вызначаны ключавыя прыярытэты, выдзелены канкрэтныя задачы, меры па іх рэалізацыі і гарантавана забяспечанае фінансаванне па кожным з гэтых пытанняў.

Асобна заслугоўвае ўвагі пытанне нацыянальнай бяспекі і абараназдольнасці Беларусі, інакш будзе проста немагчыма развіваць эканоміку, не маючы надзейнага шчыта. Работа дэлегата сёння не абмяжоўваецца адным удзелам у пасяджэннях. Важна ўвесь час быць сувязным звяном паміж дзяржавай і грамадствам. Як сказаў Прэзідэнт, тое, што мы прапішам і што будзе прынята на УНС, павінна няўхільна выконвацца.

Мяне і многіх бешанкавічан хвалююць простыя пытанні: захаванне насельніцтва ў сельскай мясцовасці, развіццё малых гарадоў, захаванне сацыяльнай сферы, добраўпарадкаванне, узровень заработнай платы. І асобна — важнасць выхавання гарманічнай і патрыятычнай асобы.

Як адзначыў Прэзідэнт, трэба настроіцца на добрую работу і памятаць: не зрабілі мы — ніхто не зробіць. Кожны павінен рабіць сваю справу. Кожны за свой кавалак зямлі, за свой кавалачак работы адказвае і павінен гэта рабіць. Гэта — галоўнае.

Дэлегат УНС, загадчык філіяла «Звяняцкаўскі сельскі клуб» Хойніцкага раённага дома культуры Наталля ПІНЧУК:


— Уражанні ад удзелу ў першым пасяджэнні VІІ Усебеларускага народнага сходу дагэтуль вельмі моцныя. Настолькі ўразіла прамова Прэзідэнта, зарадзіла стваральнай энергіяй, што не перадаць словамі. Пасля ўдзелу ў першым пасяджэнні выступала ў працоўных калектывах, імкнулася перадаць галоўную выснову, якую сама зрабіла пасля пасяджэння: у нашай Радзімы, акрамя нас, беларускага народа, няма нікога. Толькі мы ведаем, якой павінна быць будучыня нашай краіны, як зрабіць яе мацнейшай. Наш абавязак — быць вернымі і адданымі сынамі і дачкамі нашага народа. А сілу чэрпаць — 

у спрадвечных сапраўдных каштоўнасцях, у імкненні да справядлівасці, у пачэснай працы. Мы павінны быць моцнымі і згуртаванымі, каб захаваць мір у сваёй краіне, нашы традыцыі і духоўны стрыжань. З такімі ж перакананнямі рыхтуюся да ўдзелу ў другім пасяджэнні VІІ УНС.

Так, я просты вясковы чалавек, для якога вялікая адказнасць прымаць удзел у абмеркаванні Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2026–2030 гады. Ведаю, што пры яе падрыхтоўцы ўлічана ўся інфармацыя, сабраная дэлегатамі на сустрэчах з працоўнымі калектывамі, з жыхарамі населеных пунктаў. Для мяне асабліва значны прыярытэт праграмы «Моцныя рэгіёны». Гэта пра якасць жыцця не толькі ў буйных, але і аддаленых раёнах, невялікіх населеных пунктах. Для мяне як чалавека, які жыве і працуе ў другім па велічыні ў Хойніцкім раёне і найбольш пацярпелым ад аварыі на ЧАЭС Паселіцкім сельсавеце, гэта вельмі важна. Практычна ўсе нашы вёскі ў свой час трапілі пад абавязковае адсяленне. Колькасць жыхароў і ў цэлым домаўладанняў зменшылася амаль у чатыры разы. Але сёння мы беражом усё, што захавалася, і стараемся памнажаць зробленае. Толькі ў нашай вёсцы Звяняцкае амаль 80 жыхароў, жывуць шматдзетныя сем’і і каля трыццаці дзяцей школьнага ўзросту. 

Ад аднавяскоўцаў я навучылася галоўнаму: не бывае «чужых», старонніх праблем. 

За больш як дзесяць гадоў работы на вёсцы пераканалася, што калі чалавек прыходзіць з просьбай, значыць, ён верыць, што ты дапаможаш. Ганаруся тым, з якой адкрытасцю і самаадданасцю мае землякі гатовы даглядаць, добраўпарадкоўваць родную зямлю. Таму для мяне як дэлегата ўдзел у VІІ УНС — гэта, безумоўна, вялікая адказнасць перад землякамі, якія вераць, што я змагу данесці тое, чым яны жывуць.

Паводле нашых карэспандэнтаў


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю