На што звярнуць увагу?
Спецыялісты ведамства расказалі, што напярэдадні навагодніх свят актывізуюцца аферысты, якія публікуюць аб’явы аб продажы ёлак, упрыгажэнняў і рознага кшталту навагодніх падарункаў. Галоўная фішка такіх уяўных крам — поўная або частковая перадаплата. Калі пакупнік згаджаецца менавіта на такі спосаб аплаты, то пасля ўключаецца рэжым ажыятажнай даверлівасці. У гэты час спажывец чакае свой заказ на працягу некалькіх дзён, думаючы, што той затрымліваецца, але праз пэўны час разумее, што прадавец больш не выходзіць на сувязь. Толькі потым пакупнік звяртаецца ў міліцыю. За гэты час грошы пацярпелага ўжо сыходзяць на замежны рахунак зламыснікаў.
Праваахоўнікі адзначылі, што пазіцыянаванне ў сацсетцы якога-небудзь акаўнта, які прадстаўляе інтарэсы інтэрнэт-крамы, не гарантуе, што гэта сапраўды так. Уважліваму пакупніку неабходна звяртаць увагу на некаторыя дэталі, без якіх рэальны гандлёвы аб’ект не функцыянуе. Гэта зразумелае месцазнаходжанне крамы, наяўнасць уліковага нумара падаткаплацельшчыка, найменне юрыдычнай асобы. Добра будзе праверыць таксама ўказаны нумар тэлефона. Уступаючы ў кантакт з прадстаўнікамі такіх крам, заўсёды лепш патрабаваць ад іх сувязі не толькі ў месенджары.
У пагоні за «эксклюзіўнай зніжкай»
Прэс-служба УУС Мінскага аблвыканкама звяртае ўвагу на тое, што злачынцы па-ранейшаму выкарыстоўваюць даволі простую схему. У сацыяльных сетках з’яўляюцца яркія рэкламныя публікацыі з прывабнымі прапановамі. Карыстальніку пішуць у асабістыя паведамленні, дзе «менеджар» настойліва пераконвае аформіць заказ і ўнесці перадаплату. Для большай пераканаўчасці ашуканцы нярэдка прыкрываюцца назвай транспартнай кампаніі, абяцаючы хуткую дастаўку. Псіхалагічны ціск робіцца на стварэнні адчування тэрміновасці. Кліенту паведамляюць, што тавар застаўся ў адзіным экзэмпляры, прапануюць «эксклюзіўную зніжку» або абмяжоўваюць час дзеяння акцыі.
У выніку чалавек пагаджаецца перавесці грошы, часта на банкаўскую картку, а пасля гэтага сувязь з прадаўцом абрываецца. Натуральна, ніякі тавар пакупніку не адпраўляюць. Праваахоўнікі нагадваюць: каб не стаць ахвярай падобных схем, неабходна праяўляць асцярожнасць. Сапраўдныя інтэрнэт-крамы працуюць праз афіцыйныя сайты, дзе заказ афармляецца праз «кошык», а не ў перапісцы ў месенджарах. Аплата «на картку» ці нават праз сістэму АРІП па асабістых рэквізітах — відавочны сігнал, што перад вамі ашуканцы.
Аплата — па факце
Між тым аўтаматызаванай сістэмай Нацыянальнага банка краіны з пачатку верасня зафіксаваны ўжо сотні выпадкаў «продажу неіснуючых навагодніх тавараў». Аб гэтым паведамілі рэдакцыі ў прэс-службе фінансавага рэгулятара краіны.
Ашуканцы ў сацсетках размяшчаюць аб’явы аб продажы навагодніх тавараў па прывабных цэнах. Узамен на 100-працэнтную перадаплату прадавец абяцае добрую зніжку або бясплатную дастаўку. Пасля аплаты прадстаўнік крамы перастае выходзіць на сувязь, старонкі ў сацыяльных сетках знікаюць, а тавар так і не прыходзіць.
Каб не трапіць на вуду прайдзісветам пры здзяйсненні пакупак у сетках, фінансавыя эксперты прапануюць аддаваць перавагу аплаце па факце.
Сяргей КУРКАЧ.