Попыт дыктуе цэны
Кошт адных сутак у санаторыі ў навагоднія святы ў сярэднім складае 157 рублёў. Маецца на ўвазе двухмесны стандартны нумар. Трэба сказаць, што з улікам павышанага попыту і вялікай колькасці забаўляльных мерапрыемстваў гэта цана вышэйшая, чым у сярэднім па году (а гэта 135 рублёў). А вось адпачынак у не самы папулярны асенне-зімовы час складаў у сярэднім 134 рублі за суткі.
Як расказаў дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Генадзь БАЛБАТОЎСКІ, прагназуецца, што ў першым квартале наступнага года цэны ў параўнанні з бягучым годам не зменяцца — сярэдні кошт застанецца на ўзроўні 135 рублёў за суткі. Гэта і зразумела: зімовы час куды менш папулярны ў адпачывальнікаў, чым летні. Аднак браніраванне ідзе даволі актыўна: на студзень у беларускіх здраўніцах забраніравана ўжо 67 % месцаў, на люты — 50 % нумароў.
У цэлым жа запаўняльнасць санаторыяў сёлета была вельмі высокай і перавысіла мінулагоднюю, склаўшы больш за 86 %. Аздараўленне прайшло больш як беларусаў, так і замежнікаў — агульная лічба перавышае 1,5 мільёна чалавек, а колькасць замежных грамадзян — 250 тысяч. Рост экспарту лячэбнааздараўленчых паслуг складае 25 %, а абсалютная лічба перасягнула мінулагоднюю яшчэ па выніках 9 месяцаў. Летась экспарт паслуг за год прынёс 402 мільёны рублёў, а сёлета ўжо ў верасні ён перасягнуў 414 мільёнаў.
— Усе санаторна-курортныя арганізацыі працуюць са станоўчым эканамічным вынікам, калі браць пасляковідны перыяд пасля 2021 года, у тым ліку і дзіцячыя ўстановы, нават улічваючы той факт, што большая частка пуцёвак набываецца за сродкі рэспубліканскага бюджэту. Сёння мы нацэльваем у тым ліку і дзіцячыя санаторыі на павелічэнне колькасці пуцёвак у свабоднай рэалізацыі, экспарт паслуг. І штогод адзначаем павелічэнне долі паслуг у свабоднай рэалізацыі і на экспарт, — адзначыў Генадзь Балбатоўскі.
Плануецца новае будаўніцтва
На сёння ў Беларусі гасцей прымае 97 санаторыяў на 28 тысяч месцаў і 42 аздараўленчыя арганізацыі на 9 тысяч месцаў. Аднак, улічваючы высокі попыт на такога кшталту паслугі, плануецца будаўніцтва новых здраўніц.
— Перагаворы з інвестарамі вядуцца. Сёння пастаўлена задача па павелічэнні долі турызму ў ВУП краіны, у тым ліку павінен зрабіць свой унёсак лячэбна-аздараўленчы турызм. Актуальнасць гэтага пытання падкрэсліў і Прэзідэнт пры наведванні Бярэзінскага запаведніка. Таму пастаўлена задача будаваць новыя аб’екты лячэбна-аздараўленчага турызму, бо гэта перспектыўна і эканамічна мэтазгодна, — падкрэсліў Генадзь Балбатоўскі. — Рэспубліканскім цэнтрам па аздараўленні па даручэнні ўрада распрацаваны пералік перспектыўных месцаў з мінеральнымі водамі, азёрамі з лячэбнымі гразямі, якія можна распрацоўваць і выкарыстоўваць з лячэбнай мэтай. Сёння гэта інфармацыя ў агульным доступе размешчана на сайце Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні, на сайтах выканкамаў. Спадзяюся, што інвестары будуць больш актыўна прыцягвацца ў гэту сферу.
Канікулы з карысцю
Падчас зімовых канікул з 25 снежня да 7 студзеня будуць працаваць аздараўленчыя лагеры для школьнікаў. Іх адкрыецца каля 2 тысяч па ўсёй краіне. Пераважна гэта будуць дзённыя лагеры на базе школ. Яны прымуць, згодна з папярэднімі заяўкамі, каля 64 тысяч дзяцей.
Алена КРАВЕЦ.