Top.Mail.Ru

У аграгарадку Беразінскае Маладзечанскага раёна добраўпарадкавалі гістарычны парк

Другое жыццё гэтай зоне адпачынку было дадзена ў рамках рэалізацыі грамадзянскай ініцыятывы. Цяпер у парку ёсць месца і для заняткаў спортам з выкарыстаннем сучасных трэнажораў, і для культурнага баўлення часу. Калі ў лічбах, было ўладкавана больш за два кіламетры пешаходных дарожак, ліквідавана 62 аварыйныя дрэвы, каля 300 — абрэзана. Акрамя таго, выдалілі пустазельную расліннасць плошчай звыш трох гектараў. Да гэтых добрых спраў далучыліся і мясцовыя жыхары.


Ініцыятыву па добраўпарадкаванні парку дэпутат Палаты прадстаўнікоў Святлана Сакалоўская і мясцовыя жыхары аформілі ў выглядзе праекта, які адправілі на конкурс грамадзянскіх ініцыятыў у Мінскі абласны Савет дэпутатаў.

На адкрыцці парку прысутнічаў старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксей КУШНАРЭНКА. Ён асобна адзначыў цеснае ўзаемадзеянне органаў улады, дэпутацкага корпуса, жыхароў населенага пункта, якія сумеснымі намаганнямі рэалізавалі задуманае. «Упэўнены, што гэты парк стане месцам прыцягнення як мясцовых жыхароў, так і гасцей Беразінскага, — сказаў губернатар Міншчыны. — У Мінскай вобласці на рэгулярнай аснове рэалізоўваюцца праекты ў рамках конкурсу грамадзянскіх ініцыятыў. Жыхары цэнтральнага рэгіёна актыўна прымаюць у ім удзел, размяшчаюць заяўкі — потым, ужо камісійна, вызначаюцца пераможцы. Сёлета іх сем. Усе гэтыя праекты рэалізаваны. І пацвярджэнне таму — знакавы праект па добраўпарадкаванні парку ў аграгарадку Беразінскае Маладзечанскага раёна».

Навіна аб прыездзе Аляксея Кушнарэнкі ў аграгарадок імгненна разляцелася. Мясцовым жыхарам удалося пагутарыць з губернатарам. Людзі дзякавалі за дапамогу ў добраўпарадкаванні парку.

Так, жыхарка населенага пункта Клаўдзія асобна звярнулася да кіраўніка цэнтральнага рэгіёна. «Насельніцтва Беразінскага — больш чым 1300 чалавек. Ёсць каледж, школа, іншыя сацыяльныя аб’екты, а вось добрага, грунтоўнага месца адпачынку, дзе можна гуляць з дзецьмі, мужам, мамай, не было. Вялікі дзякуй вам за падтрымку! І гэтая падзяка не толькі ад мяне — ад усяго насельніцтва Беразінскага. Калі б не падтрымка на ўзроўні вобласці, раёна, мы б самі нічога не зрабілі».

У адказ на гэта губернатар падкрэсліў, што добраўпарадкаванне тэрыторыі — вынік сумеснай працы і зацікаўленасці. «Парк сапраўды выдатны. Тут сфарміраваны асобныя зоны адпачынку, ёсць пляцоўкі для заняткаў спортам, культурнага вольнага часу, — падзяліўся ўражаннямі Аляксей Кушнарэнка. — У плане фінансавых укладанняў гэты праект даволі дарагі: агульны яго кошт большы за 135 тысяч, з якіх 122 тысячы — бюджэтнае фінансаванне. Але гэтыя расходы апраўданыя. Бо за такімі праектамі — рост якасці жыцця нашых людзей».

Член Савета Рэспублікі, старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Наталля ЯКУБІЦКАЯ расказала, што сёлета на конкурс грамадзянскіх ініцыятыў было пададзена 38 заявак. Спецыяльнай камісіяй вызначана 7 праектаў-пераможцаў. «Усе гэтыя праекты ўжо рэалізаваныя. На іх фінансаванне накіравана 400 тысяч з рэспубліканскага і абласнога бюджэту. Суфінансаванне грамадзян — больш за 44 тысячы, — адзначыла старшыня аблсавета. — Дарэчы, гэта было абавязковай умовай удзелу ў конкурсе: уклад насельніцтва — у памеры, не меншым за 10 % ад кошту ініцыятывы. З сямі праектаў-пераможцаў большасць накіраваны на добраўпарадкаванне 
тэрыторыі. Як прыклад — парк у Беразінскім Маладзечанскага раёна».

Яна ВАЛАСАЧ
Фота прэс-службы Мінскага аблвыканкама

Чытайце таксама: Расказваем, як у Іўеўскім раёне з’явіўся сквер Сям’і

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю