Падчас сесіі першы намеснік старшыні Парламенцкага сходу, Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка канстатаваў, што інтэграцыйныя праграмы, разлічаныя на 2024–2026 гады, выкананы на 40 %. «Пачата работа па распрацоўцы плана мерапрыемстваў на новы трохгадовы перыяд — 2027–2029 гады. Акцэнт будзе зроблены на такія кірункі, як прамысловая палітыка, тэхналагічны суверэнітэт, харчовая бяспека, транспарт, энергетыка, турызм. І нам трэба аператыўна далучыцца да гэтай работы», — сказаў ён.
Паводле слоў спікера, ужо даўно наспела неабходнасць удзяліць больш увагі рэалізацыі дарожных карт па супрацоўніцтве ў сферах мікраэлектронікі, станкабудавання, авія- і ліфтабудавання. Мерапрыемствы профільных камісій непасрэдна на месцах і кантакты з кіраўніцтвам рэгіёнаў Беларусі і Расіі таксама павінны насіць практыка-арыентаваны характар.
Ігар Сергяенка нагадаў, што ў 2025 годзе быў прыняты шэраг запатрабаваных грамадзянамі дзвюх краін мер па забеспячэнні роўнасці правоў у сферах адукацыі, медыцыны, працоўнай дзейнасці, падтрымкі старэйшага пакалення, прыгранічных транспартных зносін. «Так, паспяхова рэалізавана ініцыятыва аб стварэнні адзінай сістэмы абавязковага страхавання грамадзянскай адказнасці аўтаўладальнікаў транспартных сродкаў Саюзнай дзяржавы, і ўжо заключана каля 70 тысяч дагавораў. Але ёсць над чым працаваць. У прыватнасці, гаворка ідзе аб гарманізацыі заканадаўства аб выканаўчай вытворчасці», — канстатаваў спікер.
У цэлым жа ў плане забеспячэння роўнасці правоў грамадзян бакі ўжо змаглі дасягнуць пэўных вынікаў, звярнуў увагу Старшыня Палаты прадстаўнікоў. «Але, як справядліва адзначаюць многія дэпутаты, інфармаванасць нашых выбаршчыкаў аб новых магчымасцях, якія для іх адкрываюцца, вымушае жадаць лепшага, — падкрэсліў спікер. — Мы разумеем, што ва ўмовах гібрыднай вайны недахоп дакладнай інфармацыі — гэта пажыўнае асяроддзе для ўзнікнення ўсякага роду спекуляцый на саюзнай тэматыцы і правакавання грамадскай незадаволенасці. Парламентарыі павінны праводзіць больш наступальную інфармацыйную палітыку ў гэтым плане».
Пытанні абароны саюзных граніц, паводле слоў спікера, таксама заўсёды былі ў цэнтры ўвагі Парламенцкага сходу. «І сёння задачы, звязаныя з рэалізацыяй канцэпцыі бяспекі Саюзнай дзяржавы, праграм ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва, мадэрнізацыі і тылавога забеспячэння, развіцця пагранічнай бяспекі, застаюцца адным з нашых галоўных прыярытэтаў, — канкрэтызаваў Старшыня Палаты прадстаўнікоў. — Аднак падтрыманне і нарошчванне абароннай магутнасці наўпрост залежыць ад таго, наколькі моцнай, самадастатковай і ўстойлівай да вонкавых пагроз будзе эканоміка Беларусі і Расіі, Саюзнай дзяржавы ў цэлым».
Як паведаміў па выніках сесіі старшыня Парламенцкага сходу, спікер Дзярждумы Расіі Вячаслаў Валодзін, форум Саюзнай дзяржавы па абароне гістарычнай памяці плануюць правесці ў 2026 годзе ў Брэсце. «Нашы беларускія калегі прапанавалі правесці форум па абароне і захаванні гістарычнай памяці ў будучым годзе ў Брэсце. Мы прынялі гэтае запрашэнне і са свайго боку пастараемся зрабіць усё, каб у нас гэта былі не толькі заявы, размовы і рашэнні, але нам вельмі важна, каб мы зрабілі ўсё для аднаўлення справядлівасці аб памяці тых, каго няма з намі», — падкрэсліў ён.
Форум у Брэсце стане працягам міжнароднага форуму Саюзнай дзяржавы «Вялікая спадчына — агульная будучыня», які адбыўся вясной 2025 у Валгаградзе, з удзелам прэзідэнтаў Беларусі і Расіі Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна.
Яшчэ адным важным пунктам сесіі стала адабрэнне бюджэту Саюзнай дзяржавы на 2026 год адразу ў двух чытаннях. Прадстаўляючы бюджэт да зацвярджэння, дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Сяргей Глазьеў расказаў аб яго ключавых параметрах: даходы — 8 млрд 65,9 млн расійскіх рублёў, выдаткі — 6 млрд 308,3 млн, прафіцыт — 1 млрд 757,6 млн. Даходная частка сфарміравана за кошт штогадовых узгодненых адлічэнняў дзяржаў — удзельніц Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, а таксама рэшткаў сродкаў бюджэту мінулых гадоў, якія склалі 645,7 млн расійскіх рублёў.
У структуры расходаў бюджэту 71 % выдаткаў прадугледжана на фінансаванне праграм, праектаў і мерапрыемстваў Саюзнай дзяржавы — 4,5 млрд расійскіх рублёў. Запланавана фінансаванне шасці зацверджаных праграм Саюзнай дзяржавы ў галіне касмічнай тэхнікі, пагранічнай бяспекі, абароны інфармацыйных рэсурсаў і г. д. Прыняты Парламенцкім сходам бюджэт СД на 2026 год павінен быць зацверджаны Вышэйшым дзяржсаветам Саюзнай дзяржавы.
Таксама на сесіі намеснік Старшыні Савета Рэспублікі Уладзіслаў Татарыновіч быў выбраны намеснікам старшыні Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ.
Фота Упраўлення прэс-службы
і інфармацыі Дзяржаўнай Думы РФ.