
Трэцякурсніца Віцебскага дзяржаўнага ордэна Дружбы народаў медыцынскага ўніверсітэта Лізавета Іванова — адзін з самых маладых дэлегатаў VІІ Усебеларускага народнага сходу. Цяперашнюю студэнтку ВДМУ заўважылі дзякуючы яе праектам і захапленню навукай. Яшчэ ў 10-м класе яна занялася даследаваннямі, за два гады напісала восем навуковых работ, адна з іх трапіла на рэспубліканскі этап маладзёжнага праекта «100 ідэй для Беларусі», дзякуючы якому дзяўчына ўлілася ў рады БРСМ. З навуковым кіраўніком Лізавета распрацавала сэнсарную пальчатку для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. З дапамогай такой прылады і мабільнага дадатку можна «перакладаць» мову жэстаў. Сёння дзяўчына паспяхова вучыцца і працягвае сваю даследчыцкую дзейнасць.
Ужо зусім хутка адбудзецца Усебеларускі народны сход. Дэлегаты збяруцца ў Мінску, каб абмеркаваць ключавыя вектары развіцця Беларусі. Сярод іх самыя розныя людзі. Тут і кіраўнікі вышэйшага звяна, і ўрачы, і настаўнікі, і рабочыя, і студэнты. Напярэдадні гэтай важнай падзеі карэспандэнты «Звязды» на месцах бліжэй пазнаёміліся з некаторымі дэлегатамі.
«Я рады быць часткай такой важнай падзеі»

Уласны карэспандэнт па Гродзенскай вобласці адправілася ў Смаргонскі раён, дзе сустрэлася з дэлегатам УНС Раманам Усціновічам, начальнікам падраздзялення «Спецаўтагаспадарка» Смаргонскага РУП ЖКГ.
Малады чалавек нарадзіўся ў Гомельскай вобласці, але калі яму было тры гады, бацькі пераехалі ў Смаргонскі раён, дзе ён і вырас. Раман скончыў Гомельскі дзяржаўны дарожна-будаўнічы каледж і па размеркаванні прыехаў працаваць у родны раён. Гэта было яго жаданне, і каб дакладна вярнуцца дадому, папрасіў заяўку ад смаргонскай ЖКГ, дзе былі патрэбны спецыялісты. Стаў працаваць механікам, паступіў завочна ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту, скончыў яго ў студзені 2025-га. Цяпер яму 24, ён поўны энтузіязму! Гаворыць, што займаецца любімай справай, бо з дзяцінства яму падабалася тэхніка.
— Планую і далей жыць і будаваць кар’еру ў родным горадзе. Для гэтага ёсць усе магчымасці! Было страшна пачынаць, калі я толькі прыйшоў пасля каледжа. Хваляваўся працаваць з людзьмі, якія ўдвая старэйшыя за цябе. Але калектыў вельмі добры, калегі дапамагалі ў адаптацыі, кіраўніцтва раёна падтрымлівала. Таму, калі мяне прызначылі на пасаду начальніка падраздзялення «Спецаўтагаспадарка», мне было ўжо спакойна, таму што я ведаю сваю працу і добра ладжу з калектывам.
Але Раман адзначае, што не меншую ролю ў яго паспяховай працы адыгрывае жонка, якая ва ўсім яго падтрымлівае. З Ксеніяй яны жанатыя ўжо год.
— Я вельмі хутка зразумеў, што Ксюша — мой чалавек. І для мяне сям’я вельмі важная, бо так здорава прыходзіць дадому не проста ў пустыя сцены, а ведаць, што там цябе чакае любімая жонка. Можа гучыць банальна, але гэта сапраўды так, — адказвае Раман на пытанне, ці не рана было ўступаць у шлюб. Усё гэта пачынаеш разумець, калі ў тваім жыцці з’яўляецца той самы чалавек, з якім ты можаш падзяліць усё — і горыч, і радасць.
У раёне маладога актыўнага чалавека прыкмецілі адразу — ён ахвотна ўдзельнічаў у розных мерапрыемствах, выказваў актыўную грамадзянскую пазіцыю. Акрамя таго, ён — старшыня Смаргонскага савета працуючай моладзі. Раман кажа, што грамадская дзейнасць яго захапляла, бо з’яўляліся новыя знаёмствы, пашыраўся кругагляд, ды і ён не з тых людзей, якія любяць сядзець на месцы.
Раман адзначае, што для яго вялікі гонар быць дэлегатам УНС, прызнаецца, што доўгі час не мог паверыць, што гэта сапраўды так.
— Як напісана ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, УНС — гэта найвышэйшы прадстаўнічы орган народаўладдзя. І, на мой погляд, вельмі важна, што ўсе мы можам узяць удзел у выбары шляху развіцця сваёй краіны. Я вельмі ганаруся, што буду часткай гэтай знамянальнай падзеі.
Раман зазначыў, што ўважліва вывучыў праект Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на наступную пяцігодку і выдзяліў найбольш важныя для моладзі моманты. Адмысловая ўвага ўдзелена выхаванню патрыётаў і падтрымцы моладзі. Гэты блок накіраваны на сістэмнае ўключэнне моладзі ў грамадскае жыццё і фарміраванне сацыяльна актыўнага пакалення. Малады чалавек звярнуў увагу на мэтавы індыкатар — 15 % моладзі ў органах улады. Важна адзначыць прагрэс ад 13, 8 % у 2024 годзе.
— Асаблівая ўвага ўдзяляецца дыялогу і далучэнню моладзі праз нефармальныя інфармацыйныя мерапрыемствы і дыялогі.
Падтрымка ініцыятыў уключае выяўленне і фінансаванне маладзёжных праектаў, стварэнне маладзёжных прастор і развіццё грамадска-кансультатыўных структур. Гэта стымулюе ініцыятыўнасць і самакіраванне, — гаворыць малады дэлегат. — Што не менш важна, праграма ставіць задачу не дэкларатыўна, а праз канкрэтныя механізмы, такія як падтрымка праектаў, стварэнне маладзёжных прастор і комплексны падыход да выхавання патрыётаў. Сістэмнае патрыятычнае выхаванне і ўцягванне моладзі ў рэальную практыку кіравання і грамадскага
жыцця фарміруюць адказнае пакаленне, гатовае працаваць на карысць краіны.
Тэрыторыя крэатыўных рашэнняў

Самыя каштоўныя інвестыцыі — гэта інвестыцыі ў адукацыю, бо без адукаваных спецыялістаў не зможа працаваць рэальны сектар эканомікі. Такім перакананнем напярэдадні УНС падзяліўся яго дэлегат, член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах, генеральны дырэктар прыватнага вытворчага прадпрыемства «Вітбудтэхмаш» Андрэй Сідараў.
Ён карэнны віцябчанін з сям’і савецкіх інтэлігентаў. З дзяцінства захапляўся тэхнікай, падчас тэрміновай службы ў арміі вырашыў звязаць лёс з машынабудаўніцтвам, набыў спецыяльнасць інжынера будаўніча-дарожных, пад’ёмна-транспартных машын і абсталявання. Дзесяць гадоў адпрацаваў галоўным інжынерам у Віцебскім аддзяленні Беларускай чыгункі.
У 2004-м заснаваў сэрвіс па рамонце грузапад’ёмнай тэхнікі, які перарос у машынабудаўнічы завод «Віцебскія пад’ёмнікі», а цяпер вядомы як ПВГУП «Вітбудтэхмаш».
Гэта беларускі лідар па вытворчасці пад’ёмна-транспартнага абсталявання, 90 % прадукцыі якога з’яўляюцца інавацыйнымі распрацоўкамі. З яго цэха выйшаў самы вялікі ў СНД аўтагідрапад’ёмнік вышынёй 56 метраў. Штомесяц «Вітбудтэхмаш» выпускае да 60 адзінак спецыяльнай тэхнікі, поўнасцю забяспечвае ўнутраны рынак, арыентаваны на экспарт.
— Пяцігодка, якая мінае, — надзвычай актыўны перыяд, яна склалася для завода найбольш удала за ўвесь час яго існавання, — канстатаваў Андрэй Сідараў. — Шмат сіл і сродкаў было ўкладзена ў супрацьстаянне санкцыям, уведзеным супраць Беларусі. У любых умовах неабходна ўключаць мазгі, браць адказнасць. Вытрымаем і далей, проста трэба правільна будаваць праграму развіцця. Маштабіруючы, гэту думку можна прымяніць у адносінах усёй краіны. Таму так важна, якая праграма развіцця Беларусі будзе зацверджана дэлегатамі УНС на наступную пяцігодку.
«Вітбудтэхмаш» робіць упэўненыя крокі ў кірунку выпуску інавацыйнай прадукцыі — магутных аўтамабільных кранаў-статоннікаў для расійскіх марскіх партоў, аэрапортаў і суднабудавання. Плануе выпускаць для іх уласныя шасі. Нездарма прадпрыемства пад кіраўніцтвам Андрэя Сідарава пазіцыянуе сябе як тэрыторыю крэатыўных рашэнняў.
— У наступнай пяцігодцы мы хацелі б убачыць сур’ёзную рэарганізацыю ў вышэйшай адукацыі, — адзначыў дэлегат УНС. — На жаль, сёння яна адарвана ад рэальнага сектара эканомікі.
Мы маем вялікую патрэбу ў высокакваліфікаваных адукаваных спецыялістах. Сёння можна купіць абсталяванне, распрацаваць тэхналагічныя карты, але дзе ўзяць людзей? Без каманды ж нічога не працуе.
Нездарма па запыце машынабудаўнікоў БНТУ распрацоўвае новую адукацыйную праграму для падрыхтоўкі інжынераў па спецыяльнасці, якую раней скасавалі. Чакаецца, што першы набор будзе ўжо ў наступным навучальным годзе.
Для аператыўнай падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі кадраў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй на «Вітбудтэхмашы» стварылі ўласны вучэбны цэнтр «Авідзій». Тут, напрыклад, хлопец-зваршчык можа атрымаць дадатковую спецыяльнасць, неабходную прадпрыемству, ці павысіць разрад. Завод гатовы прадастаўляць гэты цэнтр і свае вытворчыя плошчы як майстэрні для навучэнцаў ССНУ і ВНУ, каб яны прыходзілі на вытворчасць, маючы ўяўленне аб тым, як яна арганізавана і якія запыты прад’явіць работадавец да іх кампетэнцый.
Андрэй Сідараў звязвае будучыню ПВП «Вітбудтэхмаш» з моладдзю. З гонарам адзначае, што сярэдні ўзрост працаўнікоў прадпрыемства агульнай колькасцю больш за 400 чалавек складае 32 — 36 гадоў.
— Гэта самы каштоўны наш патэнцыял, — адзначыў кіраўнік. — Падтрымліваць правільныя каштоўнасныя арыенціры могуць і павінны таксама прадпрыемствы і ўстановы. Да прыкладу, мы дапамагаем субсідыямі на набыццё жылля для тых маладых людзей, якія прынялі рашэнне звязаць свой лёс з нашым прадпрыемствам. Гэта дазваляе ім ствараць сем’і, нараджаць дзяцей. Акрамя нармальных умоў, выплаты годнай зарплаты, важна выхоўваць і падтрымліваць гонар за тое, што мы робім.
Дэлегат УНС упэўнены, што беларусы — разумны народ і ў краіне ёсць добрыя кампетэнцыі. Мяжа паміж 2025 і 2026 гадамі не стане кідком у бок ад шляху, якім мы ідзём. Рух наперад будзе паслядоўным, але трэба паскорыцца і выбраць надзейных спадарожнікаў.
Голас малых вёсак на вялікім сходзе

Новая старонка грамадскай дзейнасці старшыні Камунараўскага сельскага Савета дэпутатаў Буда-Кашалёўскага раёна Міхаіла Барысевіча супала са знакавай падзеяй у яго жыцці — выбраннем дэлегатам VІІ Усебеларускага народнага сходу.
Для Міхаіла Мікалаевіча гэта ўжо другі падобны адказны вопыт. У свой час, яшчэ дырэктарам Камунараўскай сярэдняй школы, Міхаіл Барысевіч упершыню быў абраны дэлегатам
VІ УНС. І вось новы этап служэння людзям супаў з грунтоўнымі прафесійнымі вехамі жыхара Буда-Кашалёўшчыны: 30 гадоў педагагічнай працы, два дзесяцігоддзі на пасадзе дырэктара школы, выбранне дэпутатам мясцовага Савета, пасля чаго — кіраўніком сельскага Савета дэпутатаў і дэлегатам VІІ Усебеларускага народнага сходу ўжо як прадстаўніком мясцовага самакіравання.
— Выдатна разумею, які вялікі давер мне аказаны. Усебеларускі народны сход, вядома, — унікальны орган улады са сваёй асаблівай роляй і функцыямі. Яго галоўная задача — прадстаўляць інтарэсы народа і выступаць у якасці платформы для абмеркавання і прыняцця важных рашэнняў, якія датычацца жыцця і будучыні краіны, — падкрэслівае Міхаіл Барысевіч.
Як нагадвае дэлегат, асабліва важна, што ў складзе Усебеларускага народнага сходу — прадстаўнікі ўсіх груп грамадства: службовыя асобы, прадстаўнікі заканадаўчай, выканаўчай, судовай улад, мясцовых Саветаў дэпутатаў, грамадзянскай супольнасці. Дзякуючы чаму на УНС заслухоўваюцца меркаванні ўсіх груп насельніцтва, што дазваляе прымаць збалансаваныя і абгрунтаваныя рашэнні.
— Задачы, акрэсленыя ў праекце Праграмы на пяцігодку, якую будзем прымаць на сходзе, — вельмі маштабныя і патрабуюць цеснага ўзаемадзеяння дзяржавы і ўсіх слаёў насельніцтва.
Асабліва значнымі лічу забеспячэнне дэмаграфічнай бяспекі, стварэнне якаснага і зручнага асяроддзя для жыцця, рэалізацыю турыстычнага патэнцыялу рэгіёнаў, — звярнуў увагу дэлегат.
— Як кіраўніка сельвыканкама мяне, безумоўна, хвалюе развіццё інфраструктуры сельскіх населеных пунктаў, стварэнне спрыяльных умоў для пражывання людзей, а таксама пытанні павышэння эфектыўнасці мясцовага самакіравання.
Зона адказнасці старшыні Камунараўскага сельвыканкама — дзесяць населеных пунктаў, дзе пражывае больш за 2800 жыхароў. Камунар — цэнтр сельсавета, аграгарадок з развітай інфраструктурай. Тут знаходзіцца і буйная раённая сельгасвытворчасць — РУП «Беларуснафта-Асобіна», на якой працуе больш як дзве тысячы чалавек.
— Нам ёсць куды яшчэ расці, да чаго імкнуцца, удасканальвацца. У цэлым для сельскай мясцовасці вельмі важныя пытанні і паляпшэння стану дарог, развіцця транспартных зносін, павышэння забяспечанасці насельніцтва жыллём. Але самае галоўнае, што мы хочам жыць на вёсцы, без якой не можа быць і горада, — падкрэслівае Міхаіл Барысевіч.
Па словах Міхаіла Мікалаевіча, на першым пасяджэнні VІІ Усебеларускага народнага сходу дэлегаты атрымалі настолькі моцны эмацыянальны імпульс ад кіраўніка дзяржавы, што для ўсіх вельмі важна пераўтварыць яго ў плённую дзейнасць на карысць Радзіме.
— Адзін з галоўных пасылаў Прэзідэнта да кожнага беларуса — працаваць адказна на сваім месцы. Кіраўнік дзяржавы не раз звяртаў увагу, што краіна будзе рухацца наперад тады, калі ў цэнтры развіцця застанецца чалавек — яго ініцыятыва і жаданне паляпшаць уласнае жыццё. Гэта для нас, дэлегатаў — таксама прамое кіраўніцтва да канкрэтных дзеянняў. Магу сказаць, што заўважна гэта і на прыкладзе мясцовага самакіравання. Мы выступаем сёння як партнёры, якія дапамагаюць жыхарам населеных пунктаў аб’ядноўвацца і праяўляць актыўнасць.
Людзі — галоўнае багацце любой краіны

У гэтым упэўнены дэлегат УНС, дэпутат Магілёўскага аблсавета, галоўны ўрач Магілёўскай абласной дзіцячай бальніцы Ігар Каско.
Для Ігара Каско гэта будзе ўжо трэці Усебеларускі народны сход. На кожным з іх ён прысутнічаў у розных іпастасях, але заўсёды прадстаўляў інтарэсы сваіх шматлікіх выбаршчыкаў, бо быў спачатку дэпутатам гарсавета, потым аблсавета, затым членам Савета Рэспублікі. Яго асноўная дзейнасць — медыцына, але не менш увагі ён надае і грамадскай дзейнасці. Лічыць, што без гэтага нельга. Яна ў той ці іншай ступені звязаная з асноўнай работай і ўскосна дапамагае яе выконваць. Напрыклад, ён з’яўляецца старшынёй апорнага пункта аховы правапарадку № 14, кантралюе пытанні законнасці ў вельмі густанаселеным мікрараёне «Спадарожнік». Там жыве вялікая колькасць маладых сем’яў, у тым ліку шматдзетных, шмат сацыяльнага жылля.
Дзіцячы ўрач заўважае, што яго пазаслужбовая дзейнасць дапамагае не толькі займацца прафілактыкай правапарушэнняў, але і кантраляваць абстаноўку ў сем’ях, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, маніторыць сітуацыі з дзецьмі, якія жывуць у неспрыяльных умовах. А значыць, папярэджваць няшчасныя выпадкі, цяжкія траўмы. Як кажа Ігар Каско, лепш чым аперацыя, зробленая на высокім узроўні з прымяненнем перадавых тэхналогій, можа быць толькі магчымасць наогул абысціся без аперацыі.
Народны выбраннік адзначае, што УНС заўсёды былі лёсавызначальныя для краіны і збіраліся менавіта ў такія моманты, калі трэба было прымаць сур’ёзныя рашэнні. Сёмы па ліку УНС не выключэнне. На абмеркаванне вынесена праграма далейшага развіцця і дзейнасці краіны на працягу бліжэйшай пяцігодкі.
— Прэзідэнт пастаянна гаворыць: галоўнае — эканоміка, з усім астатнім мы справімся, — нагадвае дэлегат. — Будзе моцная эканоміка, будзе моцная і сацыялка, а значыць будуць моцныя сем’і, упэўненасць у заўтрашнім дні — усё тое, што дае стабільнасць у грамадстве. Будзем развіваць найноўшыя тэхналогіі ў сістэме аховы здароўя, адукацыі, іншых сферах. Больш увагі надаваць людзям з абмежаванымі магчымасцямі. Насам-рэч эканоміка і сацыяльнае развіццё вельмі моцна паміж сабой пераплецены. І звязаныя з гэтым моманты ўжо актыўна абмяркоўваюцца ў калектывах.
Ігара Каско асабіста вельмі хвалююць пытанні дэмаграфіі.
— Перакананы, што гэтая тэма таксама будзе закранацца і абмяркоўвацца на УНС у рамках дыялогу, — кажа суразмоўнік. — Я ў першую чаргу дзіцячы ўрач і бачу, як мяняецца ментальнае мысленне насельніцтва, уяўленне моладзі пра сям’ю, іх пазіцыя, калі лепш нараджаць дзяцей, іх сумненні, што лепш — дзіця або сабака. І гэта становішча патрабуе абмеркавання. Якой бы моцнай ні была дзяржава і яе эканоміка, аснова — гэта людзі. Як нам не пайсці па шляху Еўрапейскага кантынента, калі ў асноўнай масе краін нацыянальная ідэнтычнасць страчана? Усе гэтыя пытанні, як нам жыць, як развівацца, як забяспечыць стабільнасць, дэмаграфічную бяспеку, абавязкова трэба абмяркоўваць і выпрацоўваць агульныя рашэнні.
Вераніка Казлоўская, Святлана Якаўлева,
Наталля Капрыленка, Нэлі Зігуля.