Top.Mail.Ru

Прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын уручыў дзяржузнагароды

10.12.2025 | 11:35

У сераду ў Палацы Рэспублікі прайшла ўрачыстая цырымонія ўручэння дзяржаўных узнагарод прадстаўнікам розных сфер: падатковых органаў, аграпрамысловага комплексу, лясной і жыллёва-камунальнай гаспадаркі, статыстыкі, адукацыі, культуры і іншых. Адпаведныя распараджэнні і ўказы падпісаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Уручыў узнагароды Прэм’ер-міністр Аляксандр ТУРЧЫН.



«Мы ўзнагароджваем людзей, якія сваім талентам і самаадданай працай уносяць значны ўклад ва ўмацаванне і развіццё нашай роднай Беларусі. Кожны з вас — прыклад высокага прафесіяналізму, узор вернасці і служэння сваёй справе. Дзяржава па заслугах ацаніла ваш уклад», — звярнуўся да прысутных кіраўнік урада. 

Прэм’ер-міністр адзначыў, што гэтыя дасягненні служаць падмуркам для далейшага росквіту нашай дзяржавы, робяць нашу краіну мацнейшай, умацоўваюць яе суверэнітэт. «Сваёй сумленнай працай вы натхняеце моладзь і дэманструеце, што працавітасць і добрасумленнасць дазваляюць дасягаць высокіх паказчыкаў, умацоўваючы адзінства беларускага народа», — падкрэсліў Аляксандр Турчын. 

Ад імя ўрада і ад сябе асабіста Прэм’ер-міністр павіншаваў удзельнікаў цырымоніі з гэтай знамянальнай падзеяй. 

«Сённяшняя ўзнагарода — не проста ацэнка вашых заслуг. Гэта пацвярджэнне таго, што краіна бачыць, цэніць і разлічвае на такіх людзей, як вы. Ваша праца — уклад у падмурак нашай агульнай будучыні, арыенцір для маладога пакалення. Няхай гэтыя ўзнагароды стануць для вас крыніцай сіл і стымулам да новых дасягненняў на карысць краіны і беларускага народа. Жадаю вам моцнага здароўя, невычэрпнай энергіі, дабрабыту і поспехаў у вашай высакароднай працы», — сказаў Прэм’ер-міністр.


Медалём «За працоўныя заслугі» ўзнагароджаны егер Навагрудскага лясгаса Ігар БАЖКО. Мужчына 34 гады застаецца верным справе, без якой ужо не ўяўляе свайго жыцця. У маладосці ён спрабаваў сябе ў розных сферах, аднак менавіта праца ў лесе стала прызваннем. Ігар Аляксандравіч не шкадуе на яе асабістага часу, заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу, перадаць назапашаны досвед моладзі.  

«Атрымліваць узнагароду мне вельмі хвалююча, паколькі гэта ў жыцці не часта бывае, — падзяліўся эмоцыямі Ігар Бажко. — Другі раз за службу я тут, у Палацы Рэспублікі. Працую я, вядома, не дзеля ўзнагарод, але атрымліваць іх заўсёды прыемна».  

У ліку ўзнагароджаных — аператар машыннага даення КСУП «Пескаўцы» Лідскага раёна Алена ЦІВІНСКАЯ. У прафесію жанчына прыйшла 45 гадоў таму. «Я на пенсіі ўжо 17 гадоў, але працую, — расказала яна. — Я люблю сваю працу, пакуль здароўе дазваляе, не хочацца сыходзіць. Сакрэт майго поспеху — у працавітасці. Выконваць працу трэба якасна і добрасумленна». 

Калі даведалася, што будуць уручаць узнагароду такога высокага ўзроўню, — эмоцыі зашкальвалі, падзялілася Алена Антонаўна. «Мною ганарацца дзеці, унукі», — дадала яна. 

Начальнік аддзела статыстыкі г. Наваполацка галоўнага статыстычнага ўпраўлення Віцебскай вобласці Марына ІГНАЦЕНКА таксама была ўдастоена высокай узнагароды. Штодзённая карпатлівая праца органаў дзяржаўнай статыстыкі, адзначаная на такім высокім узроўні, дае стымул працаваць яшчэ лепш, расказала жанчына. «Мой стаж у органах дзяржаўнай статыстыкі складае 25 гадоў. Якраз сёлета 15 гадоў я працую на пасадзе начальніка. У мяне добры калектыў, мы разумеем і падтрымліваем адно аднаго. У тым ліку і таму наша праца была заўважана», — рэзюмавала Марына Мікалаеўна.

Яна ВАЛАСАЧ.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю