Даслоўна
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка:
— Вы нармальна павінны ўспрымаць замежнікаў. Мы ўвялі бязвіз для ўсіх. Для нас там закрываюць усё, а мы ім: «Прыязджайце, глядзіце!» Ну, нагрузка невялікая міліцыі, спецслужбам, але гэта іх работа, грошы ж яны за гэта атрымліваюць. Але сюды ж прыязджаюць не бедныя людзі. Яны прывозяць сюды грошы.
Падчас наведвання комплексу «Лошыцкі» ў Мінску, 12 верасня 2025 года.
***
«Беларусь — адкрытая краіна, гатовая да добрасуседства з усімі народамі»
Каменціруючы рашэнне Прэзідэнта аб прадаўжэнні бязвізавага рэжыму член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве, генеральны дырэктар Гомельскага гандлёва-вытворчага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Фармацыя» Людміла Сапега адзначае, што гэты крок накіраваны на развіццё турызму, дзелавых і гуманітарных сувязяў, а таксама на спрашчэнне кантактаў паміж людзьмі суседніх дзяржаў.

— Рашэнне беларускага кіраўніцтва рэзка кантрастуе са спробамі ўлад Польшчы і прыбалтыйскіх дзяржаў максімальна ўскладніць сваім грамадзянам магчымасць наведваць Беларусь, а таксама абмежаваць беларусаў у праве на свабоду перамяшчэння, — кажа сенатар. — Аднак нягледзячы на гэта Беларусь застаецца адкрытай краінай, гатовай да супрацоўніцтва і добрасуседства з усімі народамі. Што пацвярджаюць і лічбы афіцыйнай статыстыкі — на працягу гэтага года Беларусь па бязвізе наведалі 210 тысяч замежных грамадзян, якім былі прадастаўлены не толькі цвёрдыя гарантыі бяспекі, але і створаны максімальна камфортныя ўмовы для знаходжання ў нашай краіне. Што чарговы раз сведчыць: беларусы ні з кім не імкнуцца да канфрантацыі. Мы адкрытыя для сяброўства і супрацоўніцтва і праяўляем традыцыйную гасціннасць і ветлівасць да ўсіх, хто прыязджае да нас з чыстым сэрцам і адкрытай душой, — заключае парламентарый.
Беларусь падала чарговы прыклад добрасуседства і міралюбнасці, аднак улады краін Балтыі і Польшчы, хутчэй за ўсё, працягнуць рабіць стаўку на канфрантацыю. Пра гэта ў ток-шоу «Будні» на «Альфа Радыё» заявіў член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, навуцы і культуры Сяргей Клішэвіч.

Парламентарый звяртае ўвагу, што большасць з тых 210 тысяч замежнікаў, хто заехаў у Беларусь па бязвізе, — вядома, грамадзяне Польшчы, Літвы і Латвіі:
— Наша палітыка адкрытасці эфектыўная. Заходнія палітыкі спрабуюць пераканаць сваё грамадства ў тым, што ў Беларусі небяспечна і дрэнна, але ўсё гэта разбіваецца аб рэальныя кантакты грамадзян з нашай краінай. Бачачы гэта, напрыклад, тыя ж літоўскія палітыкі шалеюць, прыдумляюць розныя правакацыі на граніцы з мэтай застрашвання народа. Гэта ім трэба, каб апраўдаць палітыку канфрантацыі з Беларуссю і Расіяй. Але людзі разумеюць, што ўласныя ўлады іх падманваюць і што дзеянні палітыкаў вядуць да пагаршэння сацыяльнага становішча па многіх кірунках. Як адзначыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка (на пасяджэнні Савета бяспекі, якое адбылося напярэдадні. — Заўв. рэд.), раней 30 % бюджэту Літвы фарміравалася як мінімум за кошт патоку нашых грузаў. Цяпер гэтага няма. І літоўскія ўлады, хутчэй за ўсё, працягнуць здзяйсняць неапраўданыя, неабдуманыя дзеянні.
Беларусь жа мае намер заставацца адкрытай, падкрэсліў госць праграмы:
— Мы сістэмна праводзім палітыку добрасуседства. Чарговае падаўжэнне бязвізу пацвярджае, што мы гатовыя з усімі сябраваць і ўзаемавыгадна супрацоўнічаць. У інтарэсах людзей гатовыя наладзіць дыялог нават з цяперашнімі, адарванымі ад народа, літоўскімі палітыкамі. Але яны, хутчэй за ўсё, працягнуць нагнятаць абстаноўку. Пры гэтым простыя грамадзяне працягнуць прыязджаць да нас. Гэта важна. Бо чым больш людзей прыедзе, тым больш даведаюцца праўду пра тое, што насамрэч адбываецца ў Беларусі. І гэту лічбу можна памножыць як мінімум на пяць, паколькі ва ўсіх ёсць сваякі, знаёмыя, сябры.
Парламентарый перакананы, калі ў грамадстве Літвы, Латвіі, Польшчы назапасіцца крытычная маса тых, хто будзе ведаць праўду і не будзе ісці на повадзе ў палітыкаў, гэта стане прамой пагрозай для эліт:
— Улады краін Балтыі і Польшчы прымаюць недарэчныя рашэнні, накіраваныя супраць сваіх жа людзей. Гэта становіцца відавочным для ўсё большай колькасці грамадзян.
Перавагі народнай дыпламатыі
У сваю чаргу намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Алег Дзячэнка звяртае ўвагу, што сёння ў беларускім грамадстве шырока абмяркоўваюцца ключавыя падыходы, мэты, прыярытэты і індыкатары, выкладзеныя ў Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2026 — 2030 гады. Найважнейшым з іх з’яўляецца сёмы прыярытэт, які закранае пытанні маштабнай рэалізацыі турыстычнага патэнцыялу, павышэння ўкладу сферы турызму ў эканоміку нашай краіны, у тым ліку павелічэнне ў два разы аб’ёму экспарту турыстычных паслуг.

— У сувязі з гэтым рашэнне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі падоўжыць да 31 снежня 2026 года бязвізавы рэжым уезду ў нашу краіну для грамадзян 38 еўрапейскіх дзяржаў з’яўляецца не толькі палітычна правільным, але і эканамічна абгрунтаваным, які стварае прававыя ўмовы для дасягнення мэт і задач сёмага прыярытэту, — падкрэслівае парламентарый. — Беларусь зацікаўлена ў павелічэнні турыстычнага патоку, які, як вядома, з’яўляецца адным з эфектыўных інструментаў народнай дыпламатыі.
Ён канстатуе: гісторыка-культурны, дзелавы, прамысловы, паляўнічы, рэлігійны, лячэбна-аздараўленчы, медыцынскі, экалагічны і іншыя віды турызму дазваляюць звычайным еўрапейцам асабіста азнаёміцца з гістарычнымі і прыроднымі славутасцямі гасціннай беларускай зямлі, атрымаць якасныя медыцынскія і рэкрэацыйныя паслугі.
— Самае галоўнае — яны атрымаюць выдатную магчымасць на працягу ўсяго наступнага года самастойна ўбачыць усе перавагі беларускай мадэлі сацыяльна-эканамічнага развіцця і пабудовы сацыяльна-арыентаванай дзяржавы для простага народа, «паспрабаваць на смак» тыя сацыяльныя дасягненні, пра існаванне якіх ужо даўно забыліся ў сучаснай Еўропе: бяспека, чысціня і парадак у грамадскіх месцах, доступ да аховы здароўя, адукацыі і культуры, грамадзянскі мір, міжнацыянальная і міжканфесійная згода ў грамадстве, — падкрэслівае суразмоўца.
На яго думку, у перспектыве менавіта дзякуючы народнай дыпламатыі, у тым ліку і развіццю ўсіх відаў турызму з удзелам простых еўрапейцаў, заходнія палітыкі ўсё ж усведамляюць неабходнасць дэпалітызацыі эканамічных сувязяў і аднаўлення ўзаемавыгадных галін супрацоўніцтва, забеспячэння прадказальнасці эканамічнай дзейнасці ў інтарэсах перш за ўсё сваіх народаў і краін.
— Нягледзячы на разыходжанні ў падыходах да вырашэння многіх еўрапейскіх праблем, Беларусь па-ранейшаму рэалізуе палітыку адкрытасці і заўсёды гатовая да стратэгічнага дыялогу з усімі разумнымі палітыкамі краін Еўрапейскага Саюза, а таксама да сумеснага пошуку шматбаковых рашэнняў па пытаннях рэгіянальнай і глабальнай бяспекі, — рэзюмуе намеснік старшыні профільнай камісіі.