У сталічную сетку ўваходзяць 13 дзяржаўных кінатэатраў. І рыхтавацца да святочных паказаў яны пачалі задоўга да «гадзіны пік», паведаміў першы намеснік генеральнага дырэктара УП «Кінавідэапракат» Мінгарвыканкама Ігар КУЗНЯЦОЎ.
Самай галоўнай падзеяй навагодняй праграмы спікер адзначыў паказ на вялікім экране балета «Шчаўкунок». Ужо з 11 снежня ў кінатэатрах стартуе паказ расійскага фільма «Снегавік» рэжысёра Аляксандра Бабаева. Гэта гісторыя пра тое, як звычайная дзяўчынка і няпамятлівы снегавік ратуюць магію навагодняга свята ад злой Завірухі, але для гэтага ім трэба прайсці квэст па зімовай Маскве.
А 8 снежня ў пракат выйшаў расійскі серыял «Ёлкі-12». Там раскажуць гісторыю 9-гадовага Вані, які даведаўся, што яго бацькі хочуць развесціся. Хлопчык адпраўляецца ў Вялікі Усцюг да Дзеда Мароза, каб папрасіць у зімовага чараўніка захаваць яго сям’ю.
- У кінатэатры «Масква» ў вялікай зале 16 снежня пачынаюць прамыя трансляцыі гульняў хакейнага клуба «Дынама». З 25 снежня тут адбудзецца прэм’ера дзіцячага мультфільма «Тры волаты і святло клінам. Волаты адпраўляюцца ратаваць Русь ад чорнай хмары, якая пагражае захапіць дзень і ператварыць яго ў ноч. А ў гэты час на княства нападае купец Калыван са злыднямі... А ў студзені гледачы змогуць убачыць фільмы «Чабурашка-2», «Прастаквашына» і «Бураціна».
Як паведаміла намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг Мінскага гарвыканкама Эла ЖАЎТКО, з 15 да 31 снежня ў Палацы мастацтваў будзе працаваць зімовая выстаўка-кірмаш. «Наведвальнікам прапануюць прадукцыю беларускіх майстроў, рамеснікаў, вырабы ручной работы. Выстава „Дабрадзел“ пройдзе з 26 да 28 снежня. Яе арганізуе Свята-Елісавецінскі жаночы манастыр. Вядомы жыхарам і гасцям Мінска кірмаш „Чароўны млын“. Тут можна будзе набыць навагоднія падарункі ручной работы», — звярнула ўвагу Эла Жаўтко.
З 18 да 28 снежня пачнуць працаваць стрытфуд-пляцоўкі, у тым ліку «Пясочніца» на вуліцы Куйбышава з фудтракамі, фотазонамі і забаўкамі, а з 25 снежня да 11 студзеня на праспекце Незалежнасці адкрыецца зімовая гастрапляцоўка «Найлепшая вуліца» з фудкортам і святочнай праграмай.
Кіраўнік кампаніі, якая выпускае шкляныя святочныя цацкі ручной работы, адзначыў, што кожны год яны абнаўляюць асартымент прыкладна на 30 % і ўводзяць новыя пазіцыі. Сёлета гэта сімвалы года, формавыя цацкі са шкла і полікерамікі, у тым ліку «Конь у паліто».
Сяргей КУРКАЧ